Агляд прэсы: Любыя правілы можна змяніць
Лукашэнка пагражае ўжыць расейскую ядзерную зброю. НАТА: якія крокі насустрач Украіне? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Лукашэнка заявіў у аўторак, што без ваганняў аддасць загад пра выкарыстанне расейскай тактычнай ядзернай зброі, якая плянуецца размясціць у Беларусі, калі ягоная краіна сутыкнецца з агрэсіяй. «Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта ён прасіў Пуціна размясціць у Беларусі расейскую ядзерную зброю. Ён сцвярджаў, што гэты крок неабходны для стрымлівання патэнцыйнай агрэсіі», – піша ізраільская газета The Times Of Israel.
«Пуцін падчас пятнічнай сустрэчы з Лукашэнкам заявіў, што работы па будаўніцтве аб’ектаў для ядзернай зброі будуць завершаны да 7-8 ліпеня, пасля чаго яны хутка будуць пераведзены на беларускую тэрыторыю. Тактычная ядзерная зброя прызначана для знішчэння войскаў і ўзбраення праціўніка на полі бою. Яны маюць адносна малы радыус дзеяння і значна меншую магутнасць, чым ядзерныя боегалоўкі, устаноўленыя на міжкантынентальных балістычных ракетах, якія здольныя знішчаць цэлыя гарады. Лукашэнка заявіў, што Беларусі не патрэбна размяшчэньне расейскай стратэгічнай ядзернай зброі на яе тэрыторыі. Беларускі кіраўнік, аднак, дадаў, што на ўсялякі выпадак Беларусь рыхтуе аб’екты і для міжкантынентальных ракет з ядзернымі бакамі. Разам з Украінай і Казахстанам у Беларусі знаходзілася значная частка савецкіх ядзерных арсеналаў, калі ўсе яны былі часткай Савецкага Саюза. Гэтая зброя была вывезена ў Расію пасля распаду СССР у 1991 годзе ў адпаведнасці з пагадненнем, спансаваным ЗША», – піша ізраільскае выданне.
У ліпені ў сталіцы Літвы Вільні адбудзецца чарговы саміт NATO. Па словах генеральнага сакратара альянсу Енса Столтэнберга, цэнтральнай тэмай сустрэчы стане пытанне пра тое, «як наблізіць Украіну да НАТА, бо месца Украіны – у шэрагах альянсу». Паўночнаатлантычны альянс распрацоўвае пакет мер падтрымкі, разлічаных на доўгія гады і які прадугледжвае выдзяленне значных фінансавых сродкаў. На думку аглядальнікаў, гэтага недастаткова. Партал літоўскай радыётэлевізійнай кампаніі LRT дае свой аналіз сітуацыі.
«Лідары краін НАТА пасылаюць выразны сігнал: Украіна ўступіць у альянс, але толькі пасля заканчэння расейскай агрэсіі. У той самы час яны шукаюць спосабы дамагчыся прагрэсу на Віленскім саміце, каб не расчараваць Кіеў. Устойлівая архітэктура бяспекі ў Еўропе па-ранейшаму будзе грунтавацца выключна на НАТА. Гэта не азначае, што Украіна з высокай верагоднасцю ўступіць у альянс у бліжэйшы час, бо НАТА хацела б пазбегнуць прамой ваеннай канфрантацыі з Расіяй. Але для бяспечнай будучыні ўжо зараз варта зрабіць крокі стратэгічнага характару», – адзначае літоўскае выданне.
Еўразвяз стаіць на парозе заключэння пагаднення з Тунісам, якое дазволіць адпраўляць назад нелегальных мігрантаў. Нідэрландская газета De Volkskrant паказвае на рызыкі, якімі багатыя падобныя дамоўленасці.
«Асноўны аргумент, які выказваецца крытыкамі ўнутры і за межамі Туніса, заключаецца ў тым, што еўрапейскія палітыкі сваімі дзеяннямі легітымізуюць мясцовага аўтакратычнага лідара. І гэтая занепакоенасць зразумелая. Ці змірацца еўрапейскія лідары ў сваім памкненні прадэманстраваць бурную дзейнасць па рашэнні праблемы міграцыі з тым фактам, што прэзідэнт Туніса Саід займаецца ўдушэннем дэмакратыі ў краіне? ЕЗ павінен развеяць гэтае ўражанне – перш чым планы будуць замацаваны канчаткова і беззваротна. Так, дзеля забеспячэння большага кантролю на знешніх межах, трэба дамаўляцца і з недэмакратычнымі лідарамі. Але еўрапейскія палітыкі не павінны забываць аб сваіх маральных абмежаваннях», – адзначае нідэрландскае выданне.
Памёр адзін з самых неадназначных палітыкаў Еўропы – Сільвіо Берлусконі. Ён пайшоў з жыцця ў панядзелак у Мілане ва ўзросце 86 гадоў. Берлусконі быў адным з найбагацейшых людзей Італіі, ён валодаў бізнесам у будаўнічай сферы, цэлым шэрагам тэлеканалаў, а таксама быў бацькам-заснавальнікам кансерватыўнай партыі «Наперад, Італія». У адносінах да Берлусконі вёўся цэлы шэраг расследаванняў на прадмет ухілення ад выплаты падаткаў, карупцыі і кантактаў з мафіяй. На чым жа грунтаваўся ягоны палітычны поспех? «Берлусконі ўсё сканцэнтраваў вакол сваёй уласнай персоны», – піша італьянская газета La Repubblica.
«Пасля свайго прыходу ва ўрад у 1994 годзе ён прыслабіў усе прамежкавыя інстанцыі, характэрныя для сучаснай дэмакратыі: ён прадушыў фармат палітычнай сілы, якая ўяўляе сабой дакладны злепак з яе правадыра; ён паменшыў ролю парламента, уступаў у двубоі з прэзідэнтам, прэтэндуючы на ўсю поўніцу выканаўчай улады. Ён увязаўся ў прамое сутыкненне з судовай уладай і разглядаў яе ў якасці свайго палітычнага суперніка. Ён рабіў стаўку на такую камбінацыю інфармацыйных і забаўляльных складнікаў, калі якасць кантэнту навін губляе значэнне; ён засяродзіў усе лініі палітычных і інстытуцыйных камунікацый на сваёй уласнай персоне», – адзначае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя