Агляд прэсы: людзі на балоце



Смерць мігрантаў на польска-беларускай мяжы ставіць ЕЗ перад дылемай. За што затрымалі экс-кіраўніка Каталоніі Карласа Пучдэмона? Пратэсты студэнтаў у Турцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 Як паведамляе бельгійская газета  The Brussels Times, чацвёра мігрантаў былі знойдзены мёртвымі ў лясах пасля знаходжання ў падвешаным стане ў памежным рэгіёне. Агенцтва ААН па справах бежанцаў заклікала неадкладна расследаваць іх смерць па прычынах, якія пакуль не вызначаны.

«У выключным рашэнні Еўрапейскі суд па правах чалавека 25 жніўня прыняў рашэнне аб тым, што польскія і латвійскія ўлады павінны забяспечыць людзей, якія апынуліся на іх мяжы з Беларуссю, харчаваннем, вадой, адзеннем, належнай медыцынскай дапамогай і, па магчымасці, часовым жыллём. Гэтыя меры прымяняліся на працягу трох тыдняў да 15 верасня», – піша The Brussels Times.

На просьбу выдання пракаментаваць меркаваныя адхіленні на мяжы прадстаўнік Еўрапейскай камісіі абароны знешняй мяжы ЕЗ заявіў, што Камісія рашуча адхіляе спробы рэжыму Беларусі маніпуляваць мігрантамі і аказваць ціск на знешнія межы ЕЗ.

На пытанне газеты The Brussels Times, ці валодае Камісія якой-небудзь інфармацыяй аб выкананні прамежкавага рашэння Еўрапейскага суда па правах чалавека, прэс -сакратар спаслалася на Раду Еўропы і польскія ўлады.

«Улады Польшчы галоўную віну ўскладаюць на рэжым у Беларусі, які забяспечвае інструменталізацыю праблемаў мігрантаў. Наяўныя доказы відавочна азначаюць арганізаваныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі, якія павінны прывесці да дэстабілізацыі на польска-беларускай мяжы і ЕЗ максімальна магчымым чынам», – падсумоўвае выданне.

Лідара каталонскіх сепаратыстаў Карласа Пучдэмона арыштавалі ў Італіі. Палітыка затрымалі 23-га верасня, калі ён прыляцеў на Сардзінію. Дэпутат Еўрапарламента і былы кіраўнік Каталоніі з 2017 года, пасля няўдалай спробы аддзялення рэгіёну ад Гішпаніі, пражываў у Бельгіі. Мадрыд абвінавачвае Пучдэмона ў падбухторванні да мецяжу. І ўжо 24-га верасня, як пішуць еўрапейскія СМІ, італьянскі суд пачаў разгляд пытання аб выдачы лідара каталонскіх сепаратыстаў гішпанскім уладам.

Брытанская газета The Guardian падкрэслівае, што Пучдэмона затрымалі, калі той прыбыў на выспу, каб прыняць удзел у фестывалі каталонскага фальклору і масавай культуры «Адыфольк». Акрамя таго, Пучдэмон планаваў сустрэцца з мэрамі сардзінскіх гарадоў і чыноўнікамі, якія выступаюць за незалежнасць.

Палітыка затрымалі па ордэры, які гішпанскі суд выдаў яшчэ ў 2019 годзе. Французская газета Le Figaro нагадвае, што ў ліпені Еўрапарламент пазбавіў Пучдэмона, а таксама двух яго паплечнікаў дэпутацкага імунітэту.

«Рэакцыя ў самой Гішпаніі на арышт Пучдэмона адрозніваецца», – адзначае гішпанская газета El Mundo.

«Лідары Каталоніі асудзілі такія дзеянні Італіі і падтрымалі збеглага палітыка. У той жа час гішпанская апазіцыя патрабуе, каб былы кіраўнік Каталоніі паўстаў перад судом без якой-небудзь надзеі на памілаванне. Акрамя гэтага арышт Пучдэмона пагаршае сітуацыю ў рэгіёне, ставячы пад сумнеў перспектывы прымірэння Мадрыда і Барселоны падчас перамоваў аб выхадзе з палітычнага крызісу»,– піша гішпанскае выданне.

У сярэдзіне верасня ў ВНУ Турцыі пачаўся новы навучальны год, і з таго часу ў парках краіны можна назіраць студэнтаў, што начуюць там у знак пратэсту супраць недахопу месцаў у інтэрнатах і завышанай арэнднай платы. Турэцкія СМІ асвятляюць прычыну праблемы, якая існуе ўжо не першы год.

«Урад Эрдагана сам падбухторвае недахоп месцаў у інтэрнатах», – з такой крытыкай выступае турэцкая газета Gazete Duvar.

«Па-першае, ён праводзіць палітыку, пры якой дзяржава максімальна аддаляецца ад забеспячэння насельніцтва самым неабходным, а жыллёвае будаўніцтва прыватызуецца. Па-другое, прыватызацыя гуляе на руку ісламістам. Студэнцкія інтэрнаты пачалі будавацца фундаменталісцкімі рэлігійнымі брацтвамі, а пражыванне ў іх абыходзіцца нашмат танней, чым у дзяржаўных інтэрнатах. Такія інтэрнаты з’явіліся як грыбы пасля дажджу, і будуюцца яны з разлікам на тое, каб прывабіць у шэрагі ісламістаў моладзь з самых бедных слаёў насельніцтва. Іншымі словамі, цяперашні недахоп жылля для студэнтаў абумоўлены прыватызацыяй, якая зрабіла дзяцей з сем’яў з нізкімі даходамі лёгкай здабычай для лаўцоў душ самых розных масцяў», – папярэджвае турэцкае выданне.

“Англійскія правілы падарожжаў, звязаныя з Covid, і адмова прызнаваць вакцыны, якія выкарыстоўваюцца ў іншых частках свету, выклікалі абурэнне і здзіўленне ў Лацінскай Амерыцы, Афрыцы і Паўднёвай Азіі, а крытыкі асудзілі тое, што яны назвалі нелагічнай і дыскрымінацыйнай палітыкай”, – паведамляе брытанская газета The Guardian.

Выданне падкрэслівае, што рашэнне ўраду Вялікабрытаніі прызнаць вакцынацыю, што праводзіцца толькі ў абранай групе краін, выклікала міжнароднае абурэнне. “Згодна з новымі правіламі, падарожнікі, цалкам вакцынаваныя вакцынамі ў ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўднёвай Карэі ці краіне ЕЗ, будуць лічыцца цалкам вакцынаванымі і вызваленымі ад каранціну па прыбыцці ў Англію.  Асобы, якія былі цалкам вакцынаваныя тымі ж вакцынамі ў Афрыцы або Лацінскай Амерыцы, а таксама ў іншых краінах, уключаючы Індыю, будуць лічыцца “не цалкам вакцынаванымі» і па прыбыцці з краін “бурштынавага спісу” будуць змешчаныя ў каранцін на 10 дзён”,– паведамляецца ў артыкуле.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка