Агляд прэсы: манеўры жывога шчыта



Беларусь бразгае зброяй супраць Літвы. Для чаго Пуцін увёў ваеннае становішча ў акупаваных рэгіёнах. Польшча рызыкуе пазбавіцца субсідый з фондаў ЕЗ. Італьянскі сябар Пуціна. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларускае бразганне зброяй у дачыненні да Літвы ўзмацнілася пасля таго, як у мінулую нядзелю Масква абвясціла аб размяшчэнні ў Беларусі каля 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў у складзе «рэгіянальнай групоўкі». Лукашэнка заявіў, што войскі патрэбныя, каб адбіць нібыта пагрозу з боку Украіны і Захаду, у тым ліку Літвы», – паведамляе літоўскае выданне Baltic News Network.

«Беларускі санаторый у Літве паскардзіўся на тое, што яго патэнцыйным кліентам адмаўляюць у візах, МЗС Літвы заявіла ў адказ, што прапануе каардынаваць іх атрыманне з офісам Святланы Ціханоўскай, лідара беларускай апазіцыі ў Вільні. За сераду, 19 кастрычніка, літоўскія памежнікі затрымалі 28 мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць у краіну з Беларусі. Усяго са студзеня ў Літву не пусцілі 9 324 нелегальных мігрантаў. Як самастойнага гульца Беларусі пакуль не існуе. Расея накіруе ў Беларусь каля 170 танкаў, да 200 бронемашын і да 100 гаўбіц і мінамётаў калібрам больш за 100 мм. Паведамляецца, што расейскія падраздзяленні будуць дыслакаваныя на чатырох палігонах на ўсходзе краіны. Беларускія СМІ на гэтым тыдні паведамілі, што беларусам масава рассылаюць позвы ў ваенныя камісарыяты», – сочыць за сітуацыяй на усходняй мяжы Беларусі літоўскае выданне.

Вайна, пачатая супраць Украіны, у Расеі па-ранейшаму называецца «спецыяльнай ваеннай аперацыяй». Тым не менш, Пуцін аб’явіў ваеннае становішча ў чатырох незаконна акупаваных Расеяй абласцях Украіны. Гэта дазволіць захопнікам у масавым парадку абмяжоўваць правы і свабоды грамадзян. У той самы час расейскае ваеннае камандаванне заклікае жыхароў Херсона тэрмінова пакінуць горад. Прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт таго, што адбываецца. «У вайсковым плане Расея апынулася ў тупіку», – піша партугальскі штотыднёвік Visão.

«Фінальная бітва пад Херсонам будзе праходзіць у сітуацыі, калі ў нас не будзе дакладнага ўяўлення аб маштабах паражэння рускіх. Аднак указ Пуціна аб увядзенні ваеннага становішча ў рэгіёне і на іншых акупаваных тэрыторыях, а таксама аб прымусовай эвакуацыі грамадзян – гэта відавочная прыкмета таго, што ўкраінскае наступленне выкліча паніку і паскораныя ўцёкі расейскіх войскаў. Пуцін у тупіку: альбо ён павінен вывесці ўсе свае сілы з чатырох акупаваных ім абласцей і засяродзіць усю ўвагу на Крыме, альбо яму пагражае сур’ёзная ваенная параза», – адзначае партугальскае выданне.

Паколькі Польшча не выконвае ўсіх палажэнняў Хартыі Еўрапейскага звязу па правах чалавека, Еўракамісія прыгразіла ўтрымаць сродкі, якія належаць Варшаве з бюджэту Кагезійнага фонду ЕЗ. Грошы з гэтага фонду прызначаюцца для выраўноўвання сітуацыі ў адсталых рэгіёнах краін супольнасці. Аб магчымым прыняцці Бруселем такога рашэння ўпершыню паведаміла газета Rzeczpospolita, спаслаўшыся на канфідэнцыйныя дакументы ЕЗ, якія трапілі ў яе распараджэнне. Калі Польшча не выканае абумоўленых умоў, вялікая рызыка таго, што мільярдныя выплаты ёй будуць затрыманыя. Прэса ўстрывожаная.

«Утрыманне Еўразвязам выплат, прызначаных Польшчы, самым сур’ёзным чынам падрывае пазіцыі кіруючай партыі Права і справядлівасць», – адзначае нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Атрыманне гэтых грошай станоўча адбіваецца на сельскіх рэгіёнах, дзе традыцыйна моцная падтрымка партыі. У спрэчцы вакол незалежнасці польскай юстыцыі партыя ПіС усё больш набліжаецца да таго моманту, калі яе паход на Брусель пад сцягам нацыяналізму пачынае рэальна біць па кішэнях грамадзян Польшчы. Як бы там ні было, большасць грамадзян па-ранейшаму станоўча ставіцца да сяброўства краіны ў ЕЗ, а таму ў ПіС куды менш магчымасцяў для манеўру, чым ёй уяўляецца», – папярэджвае нямецкае выданне.

Былы прэм’ер-міністр Італіі Сільвіо Берлусконі выклікаў скандал сваімі заявамі аб Уладзіміры Пуціне. Уласнасцю грамадскасці стаў аўдыёзапіс выступу 86-гадовага Берлусконі перад сябрамі яго партыі «Наперад, Італія», на якой ён прызнаўся, што Пуцін падарыў яму на дзень нараджэння 20 бутэлек гарэлкі, а таксама назваў яго адным з пяці сваіх лепшых сяброў. Як гэтыя прызнанні паўплываюць на перспектывы фарміравання ўрада ў краіне? Італьянская газета La Stampa ставіць крыж на рэпутацыі Берлусконі.

«Магчыма, ён аказаў Італіі і асабіста Джорджыі Мелоні сапраўдную паслугу: сваімі выказваннямі аб Пуціне, Зяленскім, Байдэне і Трампе Сільвіо Берлусконі канчаткова пацвердзіў, што заява пра тое, што ён, маўляў, з’яўляецца «умераным і дасведчаным» дзяржаўным дзеячам, да парад якога варта прыслухоўвацца новай главе ўрада, ёсць чыстая хлусня! Цяпер ужо ні ў кога не засталося сумневаў у тым, што Берлусконі не толькі не прыдатны да кіравання краінай – як пра гэта і пісаў брытанскі часопіс The Economist 21 год таму, яму наогул нельга давяраць ніводнай пасады ў будучым урадзе!», – заклікае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя