Агляд прэсы: “маёўка” сумлення



У Беларусі выяўлена брацкая магіла ахвяр Халакосту часоў Другой сусветнай вайны. Пуцін і Байдэн патрэбныя адзін аднаму. Чарнобыльскія землі: ці ёсць альтэрнатыва вяртання да сельскай гаспадаркі? Грэцыя прапануе імунітэт дзяржслужбоўцам, якія змагаюцца з COVID-19. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы. 

«Амаль праз два гады пасля таго, як у Берасці была выяўлена брацкая магіла ахвяр Халакосту, выяўлена яшчэ адна магіла каля вёскі Лагоза», – піша ізраільская газета The Jerusalem Post. Выданне, як і многія СМІ свету, перадрукавала выявы магілы глыбінёй пяць метраў і чалавечых парэшткаў, якія ляжалі ўнутры яе.

«На выявах адлюстраваны касцяныя фрагменты і шкілеты, некаторыя з кулямі ў чэрапе, а іншыя з абуткам, раскіданым побач з целам. На фотаздымках таксама бачныя боепрыпасы і асабістыя прадметы, у тым ліку ключ і зламаны грабеньчык», – адзначае ізраільскае выданне і падкрэслівае, што ў цэлым у Беларусі нацысты забілі тры мільёны мірных жыхароў, з якіх 800 000 былі габрэямі.

 На думку брытанскага часопіса The Spectator, Расея і ЗША падобныя на старую разведзеную пару, якая працягвае лаяць адзін аднаго шмат гадоў пасля таго, як іх бурны шлюб супердзяржаваў распаўся.

«Расея па-ранейшаму залежыць ад улады і абаяння свайго «былога», каб даказаць, што яе статус у свеце не змяніўся. І многія амерыканцы па-ранейшаму ўпотай хочуць, каб у іх быў надзейны замежны злыдзень, якога можна было б вінаваціць, калі захістаецца ўласная дэмакратыя. Ранейшыя вострыя пачуцці, напэўна, даўно згаслі, але абодва былыя партнёры па-ранейшаму умеюць раздзьмуць некалькі іскраў са старога попелу «халоднай вайны». Настойлівыя заявы Амерыкі аб тым, што Расея ўмешваецца ў яе дэмакратыю і што яе шпіёны паўсюль, спрыяюць значнаму ўмацаванню ў Расеі статусу Пуціна як міжнароднага злога генія і ўсемагутнага геніяльнага кіраўніка шпіёнскай сеткі», – іранізуе брытанскае выданне.

«З часу Чарнобыльскай катастрофы прайшло 35 гадоў. Паступова прыходзіць час падумаць пра тое, як выкарыстоўваць усе гэтыя землі, што прастойваюць з 1986 года. Украінскія навукоўцы лічаць, што на іх ужо можна вырошчваць некаторыя культуры, такія, як кукурузу і цыбулю. Мясцовыя тубыльцы даўно ўжо ловяць там рыбу і збіраюць грыбы і ягады», – піша ўкраінскае выданне „Укрiнформ”.

Выданне падкрэслівае, што да гэтага часу здароўю людзей, якія пражываюць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях, шкодзяць радыеактыўныя забруджаныя вада і прадукты харчавання. Нягледзячы на тое, што радыяцыйная пагроза не абмінула, непасрэдныя меры для змяншэння забруджанасці сельскагаспадарчай прадукцыі імкліва скарачаюцца, а на сёння амаль адсутнічаюць. Насельніцтва пацярпелых тэрыторый бескантрольна спажывае прадукцыю ўласнай вытворчасці, рыбу з мясцовых вадаёмаў, збірае лясныя грыбы, ягады, а гэта дае новы віток праблем, якія таксама патрабуюць далейшага вырашэння.

У Грэцыі кіруючая партыя Новая дэмакратыя пастанавіла, што тыя, хто працуе на пярэднім фронце барацьбы з пандэміяй, з гэтага часу будуць валодаць імунітэтам ад крымінальнага пераследу. Згодна з прынятай пастановай, навукоўцы, палітыкі і дзяржаўныя служачыя, якія працуюць, да прыкладу, у камітэтах, спецыяльна створаных для барацьбы з пандэміяй, не павінны падвяргацца крымінальнаму пераследу за заявы або рашэнні, прынятыя імі пры выкананні сваіх абавязкаў. Прэса краіны выказвае вельмі рэзкую крытыку.

Грэцкі інфармацыйны партал News247 публічна абураецца:

«Сцвярджэнне, што, маўляў, скандальная пастанова абараняе незалежнасць навукоўцаў, уводзіць нас у зман. Насамрэч яна абараняе дзяржаўных чыноўнікаў. Так, у 2013 годзе аналагічная пастанова апраўдала банкіраў, якія выдалі тагачасным кіруючым партыям крэдыты ў сотні мільёнаў даляраў. Людзі, якія займаюць дзяржаўныя пасады, якія прапануюць альбо якія прымаюць рашэнні, у курсе, што яны таксама рызыкуюць. Зведваючы страх, чалавек няздольны прымаць дакладныя рашэнні. Скандальныя пастановы, якія прапануюць навукоўцам імунітэт, абразлівыя для іх, паколькі можа скласціся ўражанне, быццам навукоўцы ў стане прымаць рашэнні толькі ў тым выпадку, калі абаронены ад закону. І гэта не робіць ім гонару».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка