Агляд прэсы: месца для кроку наперад
СБУ Украіны спыніла атаку пад фальшывым сцягам з мэтай збіць авіялайнер над Расеяй альбо Беларуссю. Чаму Украіна не варта ядзернага халакосту? Сябры ЕЗ просяць растлумачыць ім рэкамендацыі па аплаце расейскага газу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Служба бяспекі Украіны выявіла і абясшкодзіла варожых агентаў, якія планавалі збіць пасажырскі авіялайнер над Расеяй або Беларуссю і абвінаваціць у атацы Украіну. Паводле інфармацыі, напад спланавалі супрацоўнікі Генштаба Расеі з выкарыстаннем ПЗРК Stinger. Шэрагу расейскіх агентаў была пастаўлена задача атрымаць сістэму «Стынгер» і пераправіць яе ў Расею», – піша ўкраінскае выданне Новое время.
«У гэтую групу ўваходзілі два чалавекі з падвойным грамадзянствам, а таксама адзін мясцовы ўкраінскі калабарацыяніст. Каардынатар групы грамадзянін Расеі Аляксандр «Марскі» Цюцераў, які працуе ў Галоўным упраўленні Генштаба Расеі. Цюцераў абвешчаны ў вышук за ранейшую ўдзел у падрыхтоўцы серыі нападаў у Адэскай вобласці. Для дасягнення сваіх мэтаў варожыя агенты спрабавалі заваяваць давер ва ўзброеных сілах Украіны, разгалошваючы дакладную інфармацыю аб перамяшчэнні расейскіх палкоў так званых «кадыраўцаў» — падраздзяленняў пад асабістым камандаваннем васала Пуціна і чачэнскага ваяводы Рамзана Кадырава. Пасля стварэння сваіх добраахвотнікаў расейская шпіёнская група планавала выкарыстаць гэтыя адносіны, каб завалодаць сістэмай ПЗРК замежнай вытворчасці. У СБУ заяўляюць, што ў ходзе спецаперацыі затрымалі ўсю групу. У ходзе расследавання высветлілася, што расейскія спецслужбы істотна дэградавалі. У прыватнасці, было паказана, што «марпех» Цюцераў уводзіў у зман начальства адносна сваіх нібыта поспехаў ва Украіне. Ён загадаў сваім агентам ва Украіне сфабрыкаваць доказы паспяховай таемнай атакі ва Украіне: яны выраблялі інсцэніраваныя відэа- і фотадоказы меркаванага «нападу на блокпост тэрытарыяльнай абароны», – паведамляе ўкраінскае выданне.
***
«Калі занадта старанна заганяць у кут «расейскага мядзведзя», то можа здарыцца ядзерная вайна, якая ў 20 разоў перасягне Хірасіму», – піша французскае выданне Entre La Plume et l’Enclume. Пры гэтым, паводле матэрыялу, калі б Захад адразу прыслухаўся да патрабаванняў Расеі па бяспецы, то крызісу б не здарылася.
«Хірасіма, памножаная ў 20 разоў». Так выглядае пагроза. Пры гэтым маюцца сумневы, што Еўропа ці ЗША маюць сродкі, каб весці рэальнае сутыкненне з Расеяй. Не хацелася, каб Пуцін у дасягненні сваіх мэт пойшоў бы да канца. Радыкальна настроеныя французкія палітыкі называюць сітуацыю самым вялікім палітычным правалам з часоў Другой сусветнай вайны, за што можна «падзякаваць» еўрапейскім элітам. Мір у Еўропе яшчэ трэба будзе аднаўляць, але французам лепей выйсці з НАТО і не дапамагаць Штатам у іх войнах за дамінаванне. А з Расеяй у Францыі даўняя агульная гісторыя. Узяць хаця б групу „Нармандыя – Нёман”, якую ў Расеі памятаю як французскіх салдат, якія дапамагалі змагацца супраць нацысцкай Германіі», – дзеліцца меркаваннем французскае выданне.
***
«Некалькі краін ЕЗ запыталі ўлады блока выпрацаваць больш дакладныя правілы, якія датычацца патрабаванняў Расеі аплачваць пастаўкі газу ў рублях, бо цяперашнія рэкамендацыі дапускаюць розныя трактоўкі», – піша амерыканскае выданне Bloomberg. Як адзначае агенцтва, гэтыя дзяржавы хочуць дабіцца недвухсэнсоўнай забароны на аплату паставак газу ў рублях і выкарыстання любых абыходных шляхоў, пры дапамогі якіх можна было б задаволіць патрабаванні Крамля.
«Замяшанне ўзнікла пасля таго, як Расея перастала прадаваць газ Польшчы і Балгарыі – краінам, якія адмовіліся выкарыстоўваць для аплаты энерганосьбітаў рублі. У той жа час чатыры еўрапейскія кампаніі зрабілі плацяжы ў рублях, хоць зараз і незразумела, ці належаць яны да юрысдыкцыі ЕЗ. Шэраг іншых кампаній гатовы адкрыць рублёвыя рахункі. Згодна з указам прэзідэнта Расеі Пуціна, пакупнікі газу з Еўропы павінны адкрыць два рахункі ў Газпромбанк – адзін у замежнай валюце і адзін у рублях. Затым Газпромбанк канвертуе замежную валюту ў рублі і пераводзіць іх „Газпраму”.
На дадзены момант незразумела, ці палічыць Масква транзакцыі завершанымі пасля ажыццяўлення першапачатковага плацяжу ў еўра ці далярах, прытым што ў далейшым гэтыя сродкі канвертуюцца ў рублі. Мяркуецца, што сябры ЕЗ абмяркуюць гэтае пытанне на сустрэчы міністраў энергетыкі, якая адбудзецца 2 траўня», – падсумоўвае амерыканскае выданне.
***
«Паводле ацэнак экспертаў ААН, агульная колькасць бежанцаў з Украіны ў гэтым годзе можа дасягнуць 8 млн. чалавек, перавысіўшы папярэднія прагнозы. Гэта самы сур’ёзны крызіс з уцекачамі ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны», – піша індыйскае выданне WION. Таму ААН звяртаецца з заклікам падвоіць фінансаванне для аказання неабходнай дапамогі, паведамляецца ў артыкуле.
“26 красавіка Упраўленне ААН па каардынацыі гуманітарных пытанняў (OCHA) паведаміла, што для задавальнення пастаянна растучых патрабаванняў у дапамозе для бежанцаў неабходна будзе больш за $2,25 млрд — пры гэтым запытанай сумы хопіць толькі да жніўня. Гэта азначае, што ацэнка экспертаў ААН у дачыненні да неабходнага фінансавання вырасла больш чым удвая менш чым праз месяц. Пры гэтым колькасць жыхароў Украіны, якія маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, таксама вырасла да 15,7 млн чалавек. Пры гэтым сітуацыя з бежанцамі вельмі хутка мяняецца”, – паведамляе індыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.