Агляд прэсы: межы кірмашу ганарыстасці



Палітычна афарбаваны конкурс „Міс Беларусь”. Еўрапейскі суд па правах чалавека заключыў, што Расея забіла Аляксандра Літвіненку. Спрэчка вакол падлодак: Брусэль спяшаецца на дапамогу Парыжу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«На фота некалькі маладых жанчын пазіруюць на чырвона-белым фоне. Тую, хто пасярэдзіне, клічуць Дар’я Ганчарэвіч, ёй дасталася карона на конкурсе «Міс Беларусь-2021» у фінале, які прайшоў у менскім Палацы спорту ў пятніцу, 10-га верасня. Пасля гэтага цэлую хвалю публічнай палемікі выклікаў стары фотаздымак дзяўчыны ў Telegram , дзе яна апранута ў чырвона-белае адзенне – сучасны сімвал апазіцыі Аляксандру Лукашэнку, чыё фальсіфікаванне выбараў ў жніўні 2020 году выклікала беспрэцэдэнтны пратэсны рух», – піша на першых старонках французская газета Le Monde.

Выданне канстатуе, што 18-гадовая дзяўчына пачала публічна апраўдвацца. Маўляў, трапіла ў апазіцыйную фотасесію зусім выпадкова, калі ёй было ўсяго 17 гадоў. Паводле яе слоў, гэта не было праявай яе грамадзянскай пазіцыі, а было яе выкарыстаннем трэцімі асобамі ў сваіх радыкальных намерах.

«Конкурс «Міс Беларусь» праводзіцца раз на два гады, ён з’яўляецца «гонарам і здабыткам Беларусі» і носіць палітычную афарбоўку. Па дадзеных расследавання расейскага выдання «Праект», шматлікія кандыдаткі на ўдзел у конкурсе былі заўважаныя пад руку з прэзідэнтам на балях або падчас яго міжнародных паездак, а таксама на самітах паміж удзельнікамі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, які звязвае некалькі экс-савецкіх краін. Некаторыя з гэтых маладых жанчын таксама атрымліваюць працу на тэлебачанні ці ў дзяржаўных органах. Лозунг сёлятняга конкурсу прыгажосці ў Беларусі – сапраўдныя беларускі – гэта не тыя, хто жыве імгненнымі эмоцыямі і ідзе ў пратэсныя шэрагі з плакатамі ў руках. Да таго ж паказальным з’яўляецца арышту былой «Міс-2008» Вольгі Хіжынковай, рэкламу з фотаздымкам якой на ўпакоўках калготак сістэматычна заклейваліся стыкерамі ў дзяржаўных крамах», – падсумоўвае Le Monde.

 

«Расея нясе адказнасць за забойства ў 2006 годзе свайго былога агента Аляксандра Літвіненку ў Вялікабрытаніі». Так пастанавіў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Крытык Крамля памёр пакутлівай смерцю, выпіўшы ў лонданскім гатэлі гарбату з даданнем палонія-210, рэдкага радыеактыўнага ізатопу. Расея заўсёды адмаўляла сваю датычнасьць да смерці Літвіненкі», – перадае амерыканская газета The Times.

Выданне падкрэслівае, што ўзбуджэння справы дамаглася Марыя Ганна Картэр, яна ж Марына Літвіненка, грамадзянка

Вялікабрытаніі і Расеі, якая пражывае ў Лондане і з’яўляецца ўдавой Літвіненкі.

«У 2016 годзе брытанскае судовае расследаванне прыйшло да высновы, што, верагодна, аперацыю расейскай выведкі па забойстве Літвіненкі ухваліў Пуцін. Расследаванне таксама паказала, што забойства было здзейснена Лугавым і Коўтунам. Заплянаваная і складаная аперацыя, якая ўключае атрыманне рэдкай сьмяротнай атруты, арганізацыю паездкі для дваіх, а таксама неаднаразовыя і працяглыя спробы ўвядзення атруты паказалі на тое, што Літвіненка быў мэтай аперацыі. Суд пастанавіў, што Расея павінна выплаціць ўдаве ахвяры 100 тысяч еўра ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды і 22 500 еўра ў якасці кампенсацыі судовых выдаткаў», – гаворыцца ў публікацыі.

 

Еўрасаюз паабяцаў аказаць Францыі падтрымку ў яе канфлікце з Аўстраліяй і ЗША. Заключыўшы з ЗША і Вялікабрытаніяй пакт AUKUS, урад Аўстраліі ануляваў падпісаную ў 2016 годзе дамову з Францыяй аб пастаўцы Аўстраліі падводных лодак на агульную суму ў 56 мільярдаў еўра. Замест гэтага Канбера цяпер закупіць атамныя падводныя лодкі ў Злучаных Штатах. ЕЗ назваў падобныя паводзіны непрымальнымі.

Франузская газета Les Echos рэкамендуе ўсім трымаць сябе ў руках.

«Што больш за ўсё ўражвае ў гэтым скандале з падлодкамі, дык гэта, па-першае, той факт, што ён разагарэўся паміж Францыяй і ЗША – краінамі, якія на працягу больш за 250 гадоў звязваюць вельмі цесныя саюзніцкія адносіны. Па-другое, гэты крызіс стаў глупствам, сюрпрызам з прычыны таго, што здарыўся менавіта цяпер, калі на пасадзе прэзідэнта ЗША вось ужо на працягу васьмі месяцаў знаходзіцца Джо Байдэн, які прыйшоў на змену Дональду Трампу, да сенсацыйных і правакацыйным заяваў якога ўсё даўно прызвычаіліся. І ці не новы прэзідэнт нястомна паўтараў, што жадае добрых і стабільных адносінаў з традыцыйнымі саюзнікамі сваёй краіны? Так, усім нам цяпер добра было б астыць: франка-амерыканскае сяброўства больш каштоўная за некалькі падводных лодак», – заклікае французскае выданне.

 

У Кітаі абвастраецца крызіс вакол канцэрну Evergrande, другой па велічыні будаўнічай кампаніі краіны. З пачатку года акцыі Evergrande аселі амаль на 80 адсоткаў. Інвестары асцерагаюцца, што банкруцтва канцэрна прывядзе да такіх жа маштабных наступстваў для ўсяго свету, як і банкруцтва кампаніі Lehman Brothers у 2008 годзе. На думку еўрапейскай прэсы, падобнае параўнанне некалькі перабольшана.

«Цалкам магчыма, што выхад з крызісу з Evergrande нас яшчэ здзівіць», – піша нямецкае выданне tagesschau.de.

«КНР – не прадстаўнік свабоднага рынку і не прававая дзяржава. Пры прыняцці важных эканамічных рашэнняў апошняе слова заўсёды застаецца за камуністычным кіраўніцтвам краіны. Цалкам магчыма, што ў выпадку з Evergrande Пекін выме з рукава зусім нечаканае рашэнне, якое не будзе мець ніякага сэнсу з эканамічнага пункту гледжання і для старонніх назіральнікаў будзе выглядаць вельмі загадкавым. У канчатковым рахунку дзяржаўнае і партыйнае кіраўніцтва Кітая можа выкарыстоўваць крызіс з Evergrande для таго, каб прадэманстраваць насельніцтву наступнае: прыватным кампаніям нельга давяраць! Надзейнасць і стабільнасць краіне могуць забяспечыць толькі дзяржава і Камуністычная партыя», – гіранізуе нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя