Агляд прэсы: міні-эпоха Рэстаўрацыі
ЕЗ і Польшча заклікаюць Беларусь вызваліць лідараў польскай меншасці. Сусветныя СМІ абмяркоўваюць буйную хакерскую атаку на Бундэстаг. У Францыі зразаюць 200-гадовыя дубы для Нотр-Дама. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Амерыканская газета Startribune.com уважліва сочыць за сітуацыяй у Беларусі пасля таго, як прэзідэнт Польшчы Дуда заклікаў правесці дэбаты ў Радзе бяспекі ААН па пытанні вызвалення лідараў польскай меншасці, арыштаваных у Беларусі.
Амерыканскае выданне прыводзіць словы Дуды, які той напісаў Байдэну пра тое, што «неабходна, каб міжнародная супольнасць зрабіла сур’ёзныя крокі», каб забяспечыць абарону правоў чалавека, у тым ліку правоў меншасцяў, у Беларусі».
Вядома, што каля 300 000 этнічных палякаў складаюць каля 3,1% насельніцтва Беларусі. Той факт, што Саюз палякаў з’яўляецца незалежным органам, які фінансуецца Польшчай і не прызнаецца беларускім заканадаўствам, зрабіў яго мішэнню рэпрэсій і адцягвае ўвагу ад асноўнай праблемы Беларусі – унутранага палітычнага крызісу.
Паводле інфармацыі нямецкай газеты Bild, апошнія тыдні ў Германіі адбываюцца маштабная кібератакі на палітыкаў і важную для краіны інфраструктуру. Галоўныя падазраваемыя – расейская ваенная спецслужба ГРУ і яе хакерская групіроўка Ghostwriter.
«Мэтай атакі сталі ад 200 да 300 немцаў, сярод іх як мінімум 7 дэпутатаў бундэстага і 31 дэпутат ландтага, а таксама палітычныя актывісты і няўрадавыя арганізацыі», – паведамляе выданне са спасылкай на выяўленыя фішынгавыя атакі на дэпутатаў бундэстага, калі шпіёнская атака на кампутары адбылася пры дапамозе электронных лістоў.
Нямецкія спецыялісты параўноўваюць атаку з выпадкам, калі расейскае ГРУ скрала асабістыя дадзеныя аднаго з дэпутатаў партыі «Права і справядлівасць» і садзейнічала далейшай публікацыі фотаздымкаў, якія прынеслі шкоду рэпутацыі палітыка.
«Нядаўна стала вядома, што расейскія хакеры забяспечылі сабе доўгачасовы доступ да дадзеных нямецкага вытворцы вакцыны Biontech у Еўрапейскім агенцтве лекавых сродкаў EMA. Да таго ж у лютым быў выкрыты грамадзянін Германіі, які перадаў план будынка бундэстага Крамлю. На сённяшні момант у ГРУ працуе цэлая армія хакераў. Некалькі гадоў таму яна складалася ў асноўным з «фрылансераў», а зараз гэта сталыя супрацоўнікі, якія курыруюць падобныя фармаванні ў Кітаі і Іране» – падсумоўвае нямецкая газета.
Сусветнымі лідарамі ў справе вакцынацыі з’яўляюцца Ізраіль ЗША, Вялікабрытанія і Сербія, і нашмат апярэджваюць ў гэтых адносінах краіны ЕЗ. Прэса разважае пра прычыны адставання Еўропы і дае свае прапановы наконт таго, як можна было б паскорыць тэмп вакцынацыі і павысіць давер насельніцтва да такіх мераў.
Як адзначае нідэрландскае выданне NRC Handelsblad, Еўразвязу і Вялікабрытаніі, якія літаральна счапіліся ў канфлікце, з нагоды забароны на экспарт вакцын, неабходна пайсці насустрач адзін аднаму:
«Пратэкцыянізм наўрад ці дапаможа павялічыць колькасць вакцын. У галіне, вытворчыя ланцужкі якой знаходзяцца ў розных краінах, а фармацэўтычная прамысловасць уладкованая менавіта так, забарона на экспарт правакуе новыя праблемы і яшчэ большыя перабоі з пастаўкамі. Акрамя гэтага забарона на экспарт здольна ў цэлым рэзка пагоршыць сітуацыю. Вялікая небяспека таго, што ў выніку новай успышкі COVID-19 нам яшчэ доўга будуць патрэбныя вакцыны для таго, каб мы змаглі даць адпор новым штамам віруса. Вірусолагі таксама зыходзяць з таго, што гэтая ўспышка не будзе апошняй. Для ЕЗ і Вялікабрытаніі выйсце з гэтага тупіка толькі адно: перамовы».
Сусветныя СМІ абляцела навіна пра тое, што для аднаўлення галоўнага храма Францыі французы не пашкадавалі і ссеклі 200-гадовыя дубы. У цэлым плануецца зрэзаць 1000 дубоў для аднаўлення драўлянай рашоткі даху і замены апірышча абрынутага шпіля сабора: «Дрэвы пачалі зразаць, у прыватнасці, у былым каралеўскім лесе Берс. Першым з ссечаных дрэў, стаў дуб, пасаджаны яшчэ ў часы Французскай рэвалюцыі. Яго ўзрост каля 230 гадоў».
«Мы ведаем, што гэта канец чагосьці, але гэта таксама і пачатак», – прыводзіць цытату Палін Дэларда, ляснічага ў 15-м пакаленні, адказнага за ахову і кіраванне лесам, французскае выданне La-croix. «Усю зіму прыдатныя дрэвы шукалі пры дапамозе дронаў. Дрэвы павінны былі быць прамымі, мець дыяметр 50-90 см і вышыню 8-14 метраў. Каб захаваць каштоўныя ўласцівасці драўніны, дубы трэба секчы не пазней канца сакавіка, пакуль дрэва мае менш сокаў, і пасля сушыць цягам 18 месяцаў».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя