Агляд прэсы: Мір на гадзіну



Кіраўнікі тэнісных федэрацый краін Балтыі паўторна заклікалі адхіліць ад спаборніцтваў беларускіх і расейскіх спартоўцаў. Што вядома пра гуманітарную паўзу ў сектары Газа? Расея нанесла ўдар па Украіне найбуйнейшай атакай беспілотнікаў за ўсю вайну. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Літоўскі тэнісны саюз, Латвійскі тэнісны саюз і Эстонская федэрацыя тэніса паўторна звярнуліся ў Міжнародную федэрацыю тэніса (ITF) з просьбай абмежаваць магчымасць беларускіх і расійскіх тэнісістаў выступаць у краінах Балтыі ў турнірах пад яе эгідай, а таксама пад эгідай Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) і Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA)», – паведамляе літоўскае выданне Delfi.lt.

„У другі год крывавай расейскай агрэсіі супраць Украіны, арганізацыя падобных спаборніцтваў у краінах Балтыі з удзелам расейскіх і беларускіх спартоўцаў становіцца немагчымай. Супраць удзелу тэнісістаў з Беларусі і Расеі выступаюць нацыянальныя федэрацыі тэніса, дзяржаўныя ўстановы, СМІ і заўзятары. Пакуль цяжка прагназаваць, ці будуць мець які-небудзь эфект падобныя дзеянні нацыянальных тэнісных федэрацый краін Балтыі, а паўторны сумесны зварот федэрацый звязана таксама са зменамі ў радзе ITF. Штотыдзень у розных краінах свету праводзіцца некалькі прафесійных тэнісных турніраў. Тэнісісты з Беларусі і Расеі маглі б спаборнічаць у краінах, дзе іх больш чакаюць. Калі яшчэ засталіся такія дзяржавы. Сумна, што пазіцыя ATP і ITF у адносінах да спартсменаў краін-агрэсараў практычна зачыніла дзверы для развіцця прафесійнага тэніса ў краінах Балтыі. 28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў. Шэраг міжнародных федэрацый па відах спорту выканаў рэкамендацыі МАК і пагадзіўся дапусціць атлетаў з Беларусі і РФ да сваіх спаборніцтваў», – паведамляе літоўскае выданне.

* * *

Першыя грузавікі з гуманітарнай дапамогай заехалі у сектар Газа пасля аб’яўлення перамір’я. З-за баявых дзеянняў пастаўкі былі абцяжараны. Але чакаецца, што зараз аб’ёмы дапамогі сур’ёзна павялічацца. «Хамас» адпусціў першую групу закладнікаў у абмен на зняволеных-палестынцаў. Плануецца, што ўсяго Ізраіль вызваліць з турмаў 150 чалавек, а баевікі – 50. Усе яны жанчыны і дзеці. Бакі абавязваюцца на чатыры дні спыніць баявыя дзеянні. Амерыканскае выданне Bloomberg нагадвае, што перамір’е павінна было набыць моц яшчэ 23 лістапада.

«Такая затрымка падкрэслівае сур’ёзныя цяжкасці ў перамовах. Абодва бакі паведамляюць аб новых абстрэлах. Па дадзеных Ізраіля, ліванская групоўка «Хезбала» нанесла найбуйнейшы ракетны ўдар з пачатку вайны. А Міністэрства аховы здароўя Газы заяўляе аб нападзе на школу «Абу Хусэйн», якая знаходзіцца ў распараджэнні ААН. Паводле звестак мясцовых улад, загінулі сама меней 30 чалавек», – піша амерыканскае выданне.

* * *

У суботу сталіца Украіны пацярпела ад, па словах афіцыйных асоб, найбуйнейшай атакі расейскіх беспілотнікаў за ўсю вайну, у выніку чаго пяць чалавек атрымалі раненні. «Суботні шасцігадзінны паветраны налёт, у дзень, калі Украіна ўшаноўвае памяць аб Галадаморы 1932-33 гг., які забіў некалькі мільёнаў чалавек. Расея пачала наносіць удары па розных раёнах Кіева разам з узыходам сонца», – піша аўстралійская газета The Sydney Morning Herald.

«За тыдзень Расія здзейсніла 911 тэрактаў па ўсёй краіне, у выніку якіх загінулі 19 украінцаў і 84 атрымалі раненні. Вораг узмацняе свае атакі, спрабуючы знішчыць Украіну і ўкраінцаў. Аскепкі збітага беспілотніка, аднаго з 66, выклікалі пажар у дзіцячым садку. Напад адбыўся ў першыя гадзіны памяці аб галадаморы, які Украіна і больш за 30 іншых краін прызналі генацыдам Савецкага Саюза, які ў той час кіраваў Украінай і імкнуўся знішчыць яе. Масква адмаўляе, што смерць ад голаду была выклікана наўмыснай палітыкай генацыду, і заяўляе, што расейцы і іншыя этнічныя групы таксама пацярпелі. Мэта суботняй атакі не была зразумелая, але Украіна папярэджвала ў апошнія тыдні, што Расея зноў будзе весці паветраную кампанію, каб знішчыць энергасістэму Украіны, як яна імкнулася зрабіць мінулай зімой», – паведамляе аўстралійскае выдане.

* * *

У рознічным гандлі апошняя пятніца лістапада ў шматлікіх еўрапейскіх краінах ужо даўно вядомая як Чорная пятніца. У гэты дзень зніжкавы кампаніі і акцыі праходзяць не толькі афлайн, але і онлайн, прыносячы з сабой рэкордныя продажы – і забяспечваючы эфектыўны старт каляднага бізнесу. Што стаіць за гэтымі стракатымі плакатамі і банэрамі з яркімі цэннікамі? «Чорная пятніца – зусім не свята спажыўца», – не без крытыкі адзначае талінская газета Õhtuleht.

«Насамрэч Чорная пятніца – гэта плён пагоні за прыбыткам, і часта яе прасоўваюць буйныя рознічныя сеткі, якія ўжо і так катаюцца як сыр у масле. Гэта дзень, калі продажы павялічваюцца ў разы. Крытыкі ўжо даўно заўважылі, што ўяўныя вялікімі зніжкі нярэдка ўтвараюцца за кошт завышэння першапачатковай цаны. Таму мае сэнс загадзя параўнаць цэны і паспрабаваць высветліць, ці не была цяперашняя нібыта вялікая зніжка яшчэ ўлетку рэгулярнай цаной на дадзены тавар. Нажаль, у нашай падсвядомасці і калядныя святы куды ў большай ступені асацыююцца з падарункамі, чым з ёлкамі і каляднымі дэлікатэсамі», – наракае эстонскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя