Агляд прэсы: момант ісціны
Украіна робіць складаныя разлікі, якія вырашаць, ці ўступіць Беларусь у канфлікт на баку Расеі. Саміт НАТА ў Бруселі. Вайна ва Украіне: ці дарэчныя гістарычныя параўнанні? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Ужо некалькі дзён з’яўляюцца паведамленні пра тое, што Расея ўцягвае войскі Беларусі ва ўварванне ва Украіну. Растуць асцярогі, што аперацыя «падстаўны сцяг» у Беларусі можа стаць падставай для нападу краіны на Украіну.
Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу TBS Japan паскардзіўся на пастаянныя ўкраінскія правакацыі, на якія яго краіне ў канчатковым выніку «патрабуецца рэагаваць». Ад’езд беларускага амбасадара з Украіны – яшчэ адна злавесная прыкмета патэнцыйнай эскалацыі. Акрамя таго, прасоўванне Расеі ва Украіне працягвае спыняцца. Вакол Кіева ўжо некалькі дзён няма істотнага прагрэсу. А іншыя буйныя населеныя пункты, у тым ліку Харкаў, Чарнігаў і Сумы на поўначы, застаюцца ва ўкраінскіх руках, нягледзячы на намаганні Расеі акупаваць іх», – аналізуе сітуацыю аўстралійскае выданне The Conversation.
Выданне прыводзіць здагадку, што статычны характар аперацый на поўначы Украіны, верагодна, сведчыць пра тое, што Расея «праводзіць перыяд рэарганізацыі перад аднаўленнем шырокамаштабных наступальных аперацый». У сувязі з тым, што Расея выцягвае баяздольныя войскі са сваіх сіл, часткай гэтай рэарганізацыі можа стаць мабілізацыя дадатковых падраздзяленняў. Гэта можа ўключаць кадры з Беларусі.
«Яны альбо далучацца да бягучых аперацый, напрыклад вакол Кіева, альбо будуць выкарыстоўвацца для ўзмацнення намаганняў Расеі па акружэнні ўкраінскіх сіл на ўсходзе шляхам адначасовага штуршка на поўдзень ад Харкава і на поўнач ад Марыупаля. Іншым магчымым выкарыстаннем беларускіх сіл было б пашырэнне тэатра ваенных дзеянняў далей на захад у спробе сарваць ўкраінскія лініі забеспячэння», – прагназуе аўстралійскае выданне.
***
У Бруселі, роўна праз месяц пасля нападу Расеі на Украіну, адбылася сустрэча прадстаўнікоў краін НАТА, ЕЗ і Вялікай сямёркі. На парадку дня – кансультацыі наконт далейшых крокаў у сітуацыі, якая склалася. У першую чаргу размова ішла пра ўмацаванне ўсходняга флангу НАТА і ўвядзенні далейшых санкцый супраць Расеі. Чаканні прэсы разыходзяцца.
«Байдэн пабачыў Еўропу, якая гатова сама абараняць сябе», – піша італьянская газета Corriere della Sera.
«Сам факт таго, што Пуцін пагражае атамнай зброяй, ператварыў у казку думку пра тое, што можна абараніць сябе за кошт адной толькі «мяккай сілы» і якасцю ўласнай цывілізацыі. Для Байдэна гэта – сапраўдны геапалітычны падарунак. Дзякуючы Пуціну ў яго зараз не будзе падставы падазраваць, што нехта з саюзнікаў можа весці падвойную гульню. Такім чынам, Байдэн зможа дэлегаваць большую частку адказнасці за абарону кантынента самім еўрапейцам, што ў сваю чаргу дазволіць яму засяродзіць большую ўвагу на выкліку, які ўяўляе сабой Кітай, захаваўшы пры гэтым лідзіруючую ролю ў НАТА», – піша італьянскае выданне.
***
У нядзелю ў відэазвароце да ізраільскага Кнэсету прэзідэнт Украіны Зяленскі заявіў, што Масква плануе знішчыць Украіну ў рамках «канчатковага вырашэння пытання». З самага пачатку вайны супраць Украіны Уладзіміра Пуціна раз-пораз параўноўваюць то з Гітлерам, то са Сталіным. Ці ёсць сэнс у падобных параўнаннях, ці ж яны хутчэй небяспечныя? Еўрапейская прэса падзялілася ў меркаваннях.
«У выпадку Пуціна гістарычныя параўнанні цалкам дарэчныя», – лічыць нямецкая газэта Handelsblatt.
«Калі дазволіць сабе правакацыйнае выказванне, то ён – гэта Сталін, які пакутаваў паранояй і па ўласным капрызе масава знішчаў свой уласны народ. А вось у плане ягонай пагарды да іншых народаў Пуцін нагадвае Гітлера. Нянавісць, якую адчувае Пуцін да ўкраінцаў, гэтак жа бязмежная, як і нянавісць Гітлера да «славян», якіх той лічыў недачалавекамі. Падобна Гітлеру, які лічыў, што «жыццёвая прастора на Усходзе» прызначана для вышэйшай арыйскай расы, Пуцін прэтэндуе на Украіну і мае намер ператварыць яе ў буфер супраць Захаду. Унутры краіны Пуцін падобна Сталіну праводзіць зачысткі ў сваім асяроддзі. Ён затаўраваў сваіх крытыкаў «падонкамі і здраднікамі». Будзем спадзявацца, што Украіна стане для яго Сталінградам, калі зноў правесці гістарычную паралель», – падкрэслівае нямецкае выданне.
***
23 сакавіка ва ўзросце 84 гадоў памерла былая дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт. Ураджэнка Прагі, якая насіла імя Марыя Кербелава, у 1939 годзе яна збегла з бацькамі ў Лондан. У 1945 годзе сям’я пераехала ў Белград, але ў 1948 годзе зноў бегла, на гэты раз ад камуністаў, і ўжо ў ЗША. У 1970-я Олбрайт пачала кар’еру ў шэрагах дэмакратычнай партыі. З 1997 па 2001 год займала пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША, і была першай жанчынай на гэтай пасадзе.
Чэшская газета Lidové noviny аддае належнае ўраджэнцы Чэхіі Мадлен Олбрайт за яе ўклад у стварэнне еўрапейскай архітэктуры бяспекі.
«Чалавек, які нарадзіўся па-за межамі Амерыкі, можа стаць кіраўніком дыпламатыі Злучаных Штатаў. Адной з такіх асоб была Мадлен Олбрайт, якая прыехала ў ЗША са Сміхаўскага раёна Прагі. У двухгадовым узросце яна з бацькамі збегла ад Гітлера, затым перажыла бамбаванне Лондана, а пазней, ужо будучы Мадлен Олбрайт, на сваім прыкладзе спазнала тыя магчымасці, якія дае чалавеку Амерыка. Яна кіравала дыпламатыяй у камандзе прэзідэнта Клінтана ў крытычны для адносін з Еўропай момант. У той час Вашынгтон настойваў на пашырэнні НАТА за кошт уключэння ў альянс посткамуністычных краін, у тым ліку і Чэхіі. З сённяшняга пункту гледжання гэта быў рашаючы крок для забеспячэння нашай бяспекі. І ніхто не адбярэ ў Олбрайт яе заслугі ў гэтай справе», – падкрэслівае чэшскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.