Агляд прэсы: моц большасці
ЕЗ павінен быць гатовы дзейнічаць на мяжы з Беларуссю. Што сталася з сусветнымі пазіцыямі ЗША? Выбары ў Германіі: дэбаты трох кандыдатаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«У гібрыднай вайне Лукашэнкі супраць Еўропы тысячы людзей выкарыстоўваюцца як боепрыпасы», – паведамляе міжнароднае выданне Politico.eu. – «З ліпеня ўсплёск нелегальнай міграцыі з Беларусі ў Латвію, Літву і Польшчу прывёў да таго, што тысячы мігрантаў апынуліся на мяжы ЕЗ. Калі сітуацыя дасягнула крызіснай кропкі, то толькі на мінулым тыдні прэм’ер -міністры ўсіх трох краін разам са сваім эстонскім калегам выказалі сур’ёзную занепакоенасць сітуацыяй, якая разгортваецца на іх межах».
Выданне падкрэслівае, што падманутыя абяцаннямі аб лёгкім доступе да ЕЗ і магчымасцю пасяліцца ў такіх краінах, як Германія ці Швецыя, тысячы людзей з Іраку селі ў самалёты, якія накіроўваліся ў Менск, дзе іх суправаджалі да межаў гэтых краін.
«Аднак становіцца ўсё больш відавочным, што гэтая сітуацыя планавалася і сістэматычна арганізоўвалася пад кіраўніцтвам рэжыму Лукашэнкі. План Лукашэнкі просты: перагрузіць сістэмы прыёму і прытулку ЕЗ новым патокам нелегальнай міграцыі і напружыць нашы магчымасці рэагавання на сапраўдныя крызісы», – адзначае міжнароднае выданне.
У матэрыяле змешчаны заклік недапушчэння працягу сітуацыі. Многія краіны раней сутыкаліся з пагрозай гібрыднай вайны, у тым ліку Грузія, Украіна, Швецыя, Фінляндыя, Нідэрланды і, вядома, Латвія.
«Сітуацыя на беларускай мяжы становіцца ўсё больш нетрывалай. Еўропа – гэта не толькі геаграфічная зона; гэта саюз, заснаваны на правах і каштоўнасцях. Абараняць Еўропу – значыць не толькі ахоўваць яе фізічныя межы, але і яе каштоўнасці і вяршэнства права. Ведаючы бязлітаснасць рэжыму Лукашэнкі, ЕЗ таксама павінен быць гатовы да магчымай эскалацыі сітуацыі ў найбліжэйшай будучыні», – засцерагае міжнароднае выданне.
ЗША завяршылі сваю місію ў Афганістане: у аўторак Кабул пакінулі апошнія амерыканскія вайскоўцы. Еўрапейская прэса разважае пра тое, як ацэньваць хаос эвакуацыі апошніх дзён і фіяска інтэрвенцыі НАТО ў цэлым, у плане таго, якую стратэгію пераследуюць ЗША і якая пры гэтым роля Еўропы. На думку адных, Амерыка сыходзіць з сусветнай арэны, а на думку іншых – у ЗША ўсяго толькі з’явіліся новыя прыярытэты.
«ЗША больш не могуць і не жадаюць гуляць ролю сусветнага жандара», – такое меркаванне выказвае газета SonntagsZeitung.
«З 1960-х гадоў разрыў паміж элітай, якая вызначае палітыку бяспекі, і шэраговымі грамадзянамі, якіх гэтая эліта прэзэнтуе, вырас шматкроць. Перш за ўсё гэта тычыцца ЗША: там палітычны раскол паглыбіўся асабліва рэзка. У выніку пакутуе здольнасць Амерыкі дзейнічаць на сусветнай арэне. Зараз ні адзін з прэзідэнтаў ЗША не ў стане распрацаваць доўгатэрміновую знешнепалітычную стратэгію і задавольваецца той, што разлічана на тэрмін да наступных выбараў, з меркаванняў унутранай палітыкі і перадвыбарчай тактыкі. Бездапаможнае паражэнне ў Кабуле прадэманстравала нам звышдзяржаву, якая больш не хоча гуляць ролю вядучай нацыі, якая ўсё менш і менш здольная на гэтую ролю і ў якой сканчаюцца патрэбныя для гэтай ролі сродкі», – канстатуе чэшскае выданне.
Напярэдадні вераснёвых выбараў у Бундэстаг галоўныя кандыдаты на пасаду канцлера: Армін Лашэт (ХДС), Олаф Шольц (СДПГ) і Ганалах Бэрбак (Зялёныя) сустрэліся ў рамках тэледэбатаў. Палітыкі выказалі свае думкі па найважнейшых пытаннях перадвыбарнай кампаніі. Аглядальнікі даюць сваю ацэнку іх заяваў па кліматычнай палітыцы.
Нямецкая газета Die Tageszeitung расчараваная пазыцыяй кандыдатаў па пытанні барацьбы са змяненнем клімату.
«Цікава было б даведацца, што адказалі б усе трое на той аргумент, што іх перадвыбарчыя праграмы не ўтрымліваюць у сабе дастатковых мераў для таго, каб утрымаць глабальнае пацяпленне на ўзроўні паўтары градуса. Замест гэтага пытанні і дыскусія круціліся па большай частцы вакол нібыта надзвычай высокіх выдаткаў на выратаванне клімату, і гэта ў сітуацыі, калі з кішэняў падаткаплацельшчыкаў будуць выдаткаваныя каля 30 мільярдаў еўра на пераадольванне наступстваў нядаўняй паводкі, якая збольшага і была справакавана зменай клімату. Усё гэта, выбачайце за каламбур, проста дапатопны падыход да справы», – піша нямецкае выданне.
У краінах Еўропы дастаткова вакцыны супраць каронавірусу, аднак усё менш і менш людзей выказвае жаданне прышчапіцца. Палітыкі і лекары нярэдка выступаюць з вельмі рэзкай крытыкай дадзенай групы грамадзян, абвінавачваючы іх у эгаізме і безадказнасці. Таксама, у адрозненне ад прышчэпленых, ім даводзіцца рэгулярна праходзіць тэсты на наяўнасць COVID-19. У многіх рэгіёнах экспрэс-тэст ўжо нельга зрабіць бясплатна.
У Грэцыі непрышчэпленыя работнікі па найму павінны раз ці два ў тыдзень прад’яўляць працадаўцу свежы кавід-тэст. Многія забаўляльныя ўстановы таксама адкрываюць свае дзверы для непрышчэпленых толькі пры наяўнасці адмоўнага тэсту. З 13-га верасня атрыманне экспрэс-тэсту будзе абыходзіцца грамадзянам у дзесяць еўра. Выключэнне робіцца толькі для школьнікаў і тых, у каго прысутнічаюць сімптомы захворвання. Грэцкая газета Liberal ухваляе падобныя меры:
«Вядома, меры для непрышчэпленых занадта мяккія: усяго 40 еўра ў месяц – і можна адстойваць сваё права несці вірус да непрышчэпленых і заражаць каго заўгодна. Выклікае засцярогу, што ў нашай краіне правы невакцыянаванай меншасці зноў апынуцца больш за прыярытэтныя правы большасці, гэта значыць тых, хто зрабіў прышчэпкі».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя