Агляд прэсы: “мядзведжыя” паслугі



ААН: Беларусь «поўная беспакаранасці» знішчае іншадумства. Вышаградская група: чакаем большага дыстанцыявання ад Масквы. Ці павінны нейтральныя краіны ўступіць у НАТА? Украіна: два мільёны чалавек сталі бежанцамі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Па дадзеных Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Беларусь знішчае іншадумства і не дае ахвярам парушэнняў правоў шукаць правасуддзя, што робіць у краіне «сітуацыю поўнай беспакаранасці». У новым дакладзе, апублікаваным у сераду аб сітуацыі ў аўтарытарнай дзяржаве, кіраўніца ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет заявіла, што ўрад працягвае масавыя рэпрэсіі супраць апанентаў, СМІ і іншых асоб, не нясучы адказнасці за злоўжыванні», – піша арабскае выданне Аljazeera.

«Шырокія і ўстойлівыя дзеянні ўладаў па падаўленні іншадумства і рэпрэсіі грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і апазіцыйных груп, адначасова абараняючы злачынцаў, сведчыць аб сітуацыі поўнай беспакаранасці ў Беларусі. Пры гэтым у дакладзе не закранаецца ані ролі Менску ў падтрымцы далейшага поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, ані ўплыву, які можа аказаць на правы ўнутры Беларусі. Але ў сваёй заяве ў сераду офіс ААН па правах чалавека заявіў, што да 4 сакавіка колькасць людзей, затрыманых у Беларусі па палітычных матывах, павялічылася да 1084 чалавек. Акрамя масавых затрыманняў, у справаздачы было выяўлена, што ў Беларусі працягваюць быць мішэнню арганізацыі грамадзянскай супольнасці, праваабарончыя групы і незалежныя СМІ. Беларусь не толькі не расследавала меркаваныя парушэнні правоў, але і працягвае рэпрэсіі, запалохванні пацярпелых і сведкаў, напады на адвакатаў і праваабаронцаў», – падсумоўвае арабскае выданне.

Еўразвяз хутка і аднадушна адрэагаваў на ўварванне расейскіх войскаў ва Украіну. Тым не менш, ад Венгрыі і Польшчы аглядальнікі чакаюць больш дакладнага дыстанцыявання ад Расеі. Чэшскі прэзідэнт Зэман ужо разарваў сваё шматгадовае сяброўства з Пуціным. Што гэта – нешта большае, чым проста жэст?

«Дыстанцаваўшыся ад Пуціна, Зэман пасылае важны сігнал», – піша чэшская газета Lidové noviny.

«Сваёй прапановай узнагародзіць Ордэнам за мужнасць і смеласць – вышэйшай узнагародай Чэшскай Рэспублікі – прэзідэнта Украіны Зяленскага Зэман выразна акрэсліў сваю пазіцыю. Раней Зэман прыклаў нямала намаганняў для таго, каб атрымаць вельмі кепскі атэстат. Яго давер да Пуціна быў не проста памылковай ацэнкай, якой можна абвінаваціць практычна ўсіх. Сваім стаўленнем да Пуціна ён тлуміў галаву і ставіў у тупік не толькі саюзнікаў Чэхіі, але і яе ўласныя спецслужбы. Аднак зараз ён стаў на абарону свабоды. Давайце дамо яму магчымасць выправіцца падчас свайго апошняга года на пасадзе прэзідэнта», – заклікае чэшскае выданне.

 На фоне нападу Расеі на Украіну еўрапейскія краіны, якія не ўваходзяць у НАТА, усё больш трывожацца аб уласнай бяспецы. У Фінляндыі і Швецыі, у прыватнасці, расце жаданне далучыцца да заходняга абарончага альянсу. Такія краіны, як Ірландыя, Аўстрыя і Швейцарыя, якія не далучыліся ні да якіх ваенных альянсаў, таксама пачынаюць пераасэнсоўваць свой нейтралітэт, пра што і піша мясцовая прэса.

«Толькі НАТА здольны абараніць Фінляндыю», – перакананая фінская газета Lapin Kansa.

“У Фінляндыі мала альтэрнатыў. Сваёй бязлітаснай ваеннай палітыкай Расея дамаглася таго, што да часоў «не прывязанасці да пактаў» звароту больш няма. Застацца сам-насам з такім непрадказальным суседам у цяперашняй сітуацыі было б занадта рызыкоўным, і большая частка грамадзян гэта, судзячы па ўсім, усведамляе. Таму цяжка ўявіць сабе, што гэты «працэс» завершыцца чым-небудзь іншым, акрамя як уступленнем у НАТА. Толькі НАТА ў стане гарантаваць Фінляндыі ваенную бяспеку і, адначасова, эфект стрымлівання, што Расея пакуль што прызнавала», – піша фінскае выданне

Згодна з ацэнкамі ААН, за два тыдні, якія прайшлі з пачатку вайны, Украіну вымушаны былі пакінуць каля двух мільёнаў чалавек. Людзі бягуць найперш у суседнія краіны: Польшчу, Румынію, Малдову і Славакію. Гэта самы маштабны крызіс такога кшталту, які імкліва развіваецца, з якім сутыкалася Еўропа з часоў Другой сусветнай вайны. Ці захаваецца цяперашняя салідарнасць ?

«Усім нам спатрэбяцца вытрымка і цярпенне», – адзначае славацкая газета Új Szó.

«Спадзяюся, што ўсеагульны парыў салідарнасці і дапамогі захавае сваю сілу. На жаль, гэты крызіс, хутчэй за ўсё, апынецца не спрынтам, але марафонам. Мы павінны праяўляць крайнюю асцярожнасць, каб не паўтарыць таго, што адбылося з работнікамі аховы здароўя падчас пандэміі. Спачатку ім пляскалі з усіх бакоў, але пазней яны апынуліся пад абстрэлам з боку супернікаў вакцынацыі. І падчас гэтага крызісу знойдуцца тыя, хто будзе бурчэць і выказваць незадаволенасць. Бензін даражэе, а бежанцы працягваюць прыбываць, так што неўзабаве пачнецца пошук вінаватых», – папярэджвае славацкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя