Агляд прэсы: Мяккая сіла



Польскі ўрад папярэджвае аб узмацненні прапагандысцкага ціску з боку Расеі і Беларусі. Вайна на Блізкім Усходзе. Дагестан: штурму аэрапорта пад антысеміцкімі лозунгамі. Ці паставяць Будапешт і Браціслава пад пагрозу дапамогу Украіне? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прапагандысцкі апарат Расеі і Беларусі актывізаваў агрэсіўную інфармацыйную дзейнасць супраць Польшчы», – паведамляе ўкраінскае выданне Euromaidanpress.

«Расейскія прапагандысцкія цэнтры працягваюць актыўна каментаваць паслявыбарчую сітуацыю ў Польшчы. У цяперашні час наратыў засяроджваецца на ідэі, што польская дзяржава будзе і надалей прасякнута русафобіяй. У той жа час пасланне Расеі сведчыць пра тое, што гэтая палітыка шкодная для Польшчы і грамадства. Прапаганда, якая абвінавачвае Польшчу ў злачынствах супраць нелегальных мігрантаў, і наратыў пра «польскую русафобію» можна разглядаць як форму ціску на будучы ўрад краіны. Раней прэс-сакратар урада Польшчы Пётр Мюлер заявіў, што Варшава плануе адмяніць дапамогу ўкраінскім бежанцам у 2024 годзе. Гэты крок быў зроблены пасля спрэчкі пра збожжа паміж дзвюма краінамі, якая панізіла цесныя адносіны паміж Кіевам і Варшавай да самага нізкага ўзроўню з моманту ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе», – нагадвае ўкраінскае выданне.

На гэты момант Ізраіль абвяргае заклікі ААН і Еўрасаюза аб спыненні агню і пашырае сваю наземную аперацыю ў сектары Газа. Як заявіў у панядзелак прэм’ер-міністр Нетаньяху: «Ізраіль не пачынаў гэтай вайны. Заклікі да спынення агню – гэта заклік да таго, каб Ізраіль здаўся ХАМАС». Еўрапейскія СМІ разважаюць аб перспектывах на будучыню і задаюцца пытаннем пра тое, якім чынам можна было б дасягнуць міру ў рэгіёне. «Еўропа можа дзейнічаць па-свойму», – адзначае міланская газета Corriere della Sera.

«Калі ўнутраны раскол і інстытуцыйныя правілы перашкаджаюць аператыўнаму ўмяшальніцтву на месцах, Еўразвяз павінен дзейнічаць хаця б у той плоскасці, у якой гэта яму ўдаецца: тлумачальная праца, стварэнне кансенсусу, дыялог. Пры недахопе жорсткай сілы, якая маецца ў ЗША і грунтуецца на рашучасці і стрымліванні, Еўразвязу варта было б задзейнічаць свой капітал «мяккай сілы». Прадэманстраваць планеце сваю мадэль міру, дабрабыту і справядлівасці – толькі першы крок, які магла б зрабіць такая «нарматыўная» дзяржава, як Еўразвяз. Наступным крокам стане выяўленне сіл і арганізацый, якія маглі б знутры змяніць антыліберальныя рэжымы ў сваіх краінах, і іх далейшая падтрымка», – заклікае італьянскае выданне.

У суботу ўвечары ў сталіцы Дагестана Махачкале справа дайшла да беспарадкаў пад антысеміцкімі лозунгамі. Раз’юшаны натоўп захапіў аэрапорт, даведаўшыся, што там прызямліўся самалёт з Тэль-Авіва. У выніку беспарадкаў некалькі чалавек былі параненыя. Аглядальнікі разважаюць пра тое, чаму ў гэтай паўночнакаўказскай рэспубліцы, населенай пераважна мусульманамі, склалася такая абвостраная атмасфера. Берлінская газета Die Welt ускладае адказнасць на Маскву.

«З пункту гледжання Крамля яўрэі зноў сталі нелаяльнай да ўладаў меншасцю, бунтаўшчыкамі, апазіцыянерамі, ворагамі Расеі. Ці з’яўляецца чалавек, які засеў у Крамлі, антысемітам ці ж не – розніцы няма. Важна тое, што ён робіць. Для дасягнення сваіх палітычных мэтаў ён справакаваў хвалю нянавісці да яўрэяў, роўнай якой Расея не ведала на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Ужо летась вярхоўны рабін Масквы Пінхас Гольдшміт склаў свае паўнамоцтвы і пакінуў краіну. Дачакаліся – Расея зноў стала небяспечным месцам для яўрэяў», – наракае нямецкае выданне.

На мінулым тыдні кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін ЕЗ паабяцалі прадаставіць Украіне зброю, боепрыпасы, электрагенератары і мабільныя сістэмы ацяплення. А вось пакет фінансавай дапамогі на суму 50 мільярдаў еўра можа аказацца заблакіраваным Венгрыяй – прынамсі, так пра гэта заявіў яе прэм’ер-міністр Віктар Орбан. Славакія, на чале ўрада якой цяпер стаіць Роберт Фіцо , таксама выказала крытыку наконт планаў па выдзяленні гэтай дапамогі. «Насамрэч ні Венгрыя, ні Славакія не змогуць блакаваць падтрымку Украіне», – упэўненая будапешцкая газета Népszava.

«Абедзве краіны на апошнім саміце ЕЗ прагаласавалі за прыняцце сумеснай дэкларацыі, у якой гаворыцца пра тое, што Еўрапейскі саюз будзе дапамагаць краіне, якая падверглася нападу, столькі, колькі гэта будзе неабходна. Вугорская эканоміка, якая знаходзіцца на мяжы калапсу і паралізаваная адсутнасцю паступленняў з фондаў ЕЗ, ператварае Орбана ў Бруселі ў пакорлівую авечку. А Фіцо аказваецца загнаным у кут трывожным ростам дэфіцыту славацкага бюджэту», – падкрэслівае венгерскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка