Агляд прэсы: на аўтапілоце
Вялікабрытанія выказала занепакоенасць з нагоды далейшых абмежаванняў у Беларусі. СМІ не вераць у дыялог паміж Расеяй і ЗША.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
Буйнейшыя выданні Вялікабрытаніі перадрукавалі словы намесніцы кіраўніка дэлегацыі Вялікабрытаніі ў АБСЕ, Ніколя Марэй, якая выказала занепакоенасць з нагоды далейшых абмежаванняў у Беларусі.
«З расчараваннем і занепакоенасцю мы даведваемся пра далейшыя абмежаванні свабоды слова, мірных сходаў і свабоды СМІ ў Беларусі. Ёсць трывожныя паведамленні аб унясенні змяненняў у шэраг беларускіх законаў, якія зараз разглядаюцца ў парламенце, і ў выпадку прыняцця яны яшчэ больш абмяжуюць асноўныя правы і асноўныя свабоды, якія павінны быць прадастаўлены ўсім», – падае наўпроставую мову брытанскае выданне Miragenews.
Прынамсі падкрэсліваецца, што Вялікабрытанія застаецца непахіснай у салідарнасці з тымі, хто працуе на больш дэмакратычную будучыню Беларусі. У планах брытанскай супольнасці таксама стаіць мэта запусціць уласны механізм расследавання парушэнняў правоў чалавека, які дапаможа прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
«Яшчэ раз нагадваем уладам Беларусі пра абавязальніцтвы АБСЕ, якія яны свабодна падпісалі, і заклікаем іх выканаць 82 рэкамендацыі, уключаючы новыя прэзідэнцкія выбары, неадкладнае спыненне гвалту і вызваленне ўсіх незаконна затрыманых, незалежны механізм нагляду за ўмовамі ўтрымання і расследаванне ўсіх заяў аб катаваннях», – гучыць зварот са старонак усіх брытанскіх выданняў.
Праз пару тыдняў пасля рэзкай крытыкі Пуціна, Джо Байдэн патэлефанаваў свайму расейскаму калегу. У ходзе размовы ён згадаў пра магчымасць правядзення асабістай сустрэчы. Цяпер ЗША абвясцілі пра ўвядзенне фінансавых санкцый і выслалі з краіны дзесяць расейскіх дыпламатаў, паколькі лічаць Маскву вінаватай у хакерскіх нападах і ўмяшанні ў прэзідэнцкія выбары 2020 года.
«Нягледзячы на ўзаемны абмен з’едлівасцямі, Масква і Вашынгтон не маюць намер даводзіць справу да эскалацыі», – лічыць гішпанская газета La Vanguardia.
«Адносіны паміж супернікамі ўвайшлі ў складаны перыяд, аднак абодва бакі выдатна разумеюць, што перацягванне канату – занятак вельмі далікатны. Зразумела, канат можна нацягнуць да мяжы, але дапусціць, каб ён парваўся, ніяк нельга! Тым не менш, пасля ўвядзення драконаўскіх фінансавых санкцый і высылкі дыпламатаў становіцца відавочным, што сустрэча Байдэна і Пуціна ў гэтым годзе малаверагодная», – падсумоўвае гішпанскае выданне.
Найбуйнейшая платформа для гандлю крыптавалютай з галаўным офісам у ЗША Coinbase, на якой у тым ліку адбываюцца таргі біткоінамі, увайшла ў лік фірмаў, акцыі якіх каціруюцца на нью-ёркскай біржы Nasdaq. Незадоўга да пачатку таргоў курс акцый кампаніі знаходзіўся на адзнацы 365 даляраў за акцыю, нашмат вышэй за арыенцір у 250 даляраў. Аднак аглядальнікі скептычна ставяцца да ажыятажу на рынку.
«Рост прыняцця біткоіна ды іншых крыптавалют зусім не азначае, што яны заменяць сабой іншыя грашовыя сродкі», – піша нямецкая газета Badische Zeitung.
«Галоўная праблема гэтых валют заключаецца ў тым, што іх курс моцна вагаецца адносна курсаў звычайных валют. За самы кароткі час ён можа ўзляцець, а затым рэзка зваліцца. Падобнае недаспадобы ані спажыўцам, ані вытворцам. Акрамя таго, выкарыстанне крыптавалюты спалучана з сур’ёзнымі выдаткамі. І гэта з’яўляецца важкім аргументам супраць іх штодзённага выкарыстання. Для многіх крыптавалюты ўяўляюцца нейкім аазісам, у якім укладзеныя сёння сродкі да раніцы шматкроць вырастаюць. Аднак падобныя вераванні на фінансавым рынку вельмі хутка мяняюцца», – падкрэслівае нямецкае выданне.
У Францыі ўводзіцца забарона на ўнутраныя авіяпералёты на адлегласць, якую можна пераадолець на цягніку максімум за дзве з паловай гадзіны. Нацыянальны сход зацвердзіў адпаведны законапраект, зініцыяваны Грамадзянскім канвентам.
«Францыя дзейнічае абсалютна правільна», – піша на сваіх старонках брытанская газета The Guardian.
«За выключэннем невялікай колькасці аддаленых рэгіёнаў, у малых краінах ўнутраныя авіярэйсы, па сутнасці, зусім непатрэбныя. Да пачатку пандэміі паміж Лонданам і Манчэстэрам штогод здзяйснялася крыху больш за паўмільёна авіярэйсаў, бо на цягніку гэтую адлегласць можна пераадолець за за дзве гадзіны. Паколькі пры авіяпалётах асноўная частка шкодных выкідаў адбываецца пры ўзлёце і пасадцы, то ровень эмісіі з разліку на кіламетр і пасажыра на ўнутраных пералётах на 70 адсоткаў вышэй, чым у выпадку далёкіх рэйсаў і ў шэсць разоў вышэй, чым пры паездцы на тую ж адлегласць цягніком», – падае разлікі брытанскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя