Агляд прэсы: на каленях перад нафтай



Лукашэнку і Пуціна выставілі на аўкцыён. Ці спыніць зіма расейскую вайну ва Украіне? Ад чаго адцягвае ўвагу чэмпіянат у Катары? Агучана выніковая заява ААН па клімаце на планеце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«На аўкцыён выставілі зробленыя з пап’е-машэ выявы кіраўнікоў Расеі і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якія праславілася на антырасейскіх дэманстрацыях у Празе за апошнія паўтары гады. Таргі пачынаюцца ад 10 000 еўра», – перадае брытанскае выданне Radio Prague International.

«Атакар ван Гемунд з чэшскай групы актывістаў Kaputin, які прыдумаў ідэю работ, патлумачыў сваё мысленне і сімволіку пудзілаў як сімвалы супраціву рэжымам дыктатараў.  Пачынаў мастак з манекена Пуціна, але пасля гвалтоўнага падаўлення антыўрадавых дэманстрацый у Беларусі ў 2020-2021 гадах да першай асобы быў дададзены непрапарцыйна меншы манекен беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, таксама аголенага, які сядзіць на каленях у Пуціна. Выніковая праца была названая як «Голыя забойцы».

Пасля выяўлення масавых пахаванняў у Бучы ля падножжа пастамента была дададзена фігурка цела мірнай ахвяры ў поліэтыленавым пакеце. Нарэшце, на грудзях манекена Пуціна павесілі вялікую залатую літару «Z», падвешаную на залатым ланцужку. Цяпер, калі інсталяцыя выканала сваё прызначэнне ў дэманстрацыях у грамадскіх месцах, яна можа трапіць у прыватную калекцыю на памяць ці ў грамадскі музей як знак эпохі. Таргі стартавалі ад 10 тысяч еўра і закрыюцца 20-га снежня. Атрыманыя сродкі пойдуць на набыццё баявога беспілотніка для ўкраінскіх вайскоўцаў», – паведамляе брытанскае выданне.

На фоне вываду расейскіх войскаў з Херсона і ўдараў па крытычнай інфраструктуры Украіны ў заходніх СМІ шырацца развагі пра тое, ці не стане зіма сама па сабе пралогам да перамоваў. Хоць Кіеў і заявіў, што не збіраецца згаджацца на перамір’е, у еўрапейскай прэсе гэтая тэма паднімаецца зноў і зноў. «Цалкам можа стацца, што разбурэнне інфраструктуры Украіны насамрэч заклікана выматаць іншыя краіны», – піша польская газета wPolityce.pl.

«Для ўкраінцаў сітуацыя складваецца вельмі цяжкая. Аднак ва Украіне не адшукаць палітыкаў ці грамадскіх рухаў, якія з гэтай прычыны жадалі б найхутчэйшага міру, дасягнутага за кошт тэрытарыяльных саступак або адмовы ад суверэнітэту. Ці не можа быць так, што сапраўднай мэтай знішчэння электра-, газа-і водазабеспячэння з’яўляецца зусім не ўкраінскае грамадства, якое абараняе сябе, а яго заходнія партнёры? А менавіта Еўразвяз і ЗША, якія бяруць грошы з кішэняў сваіх падаткаплацельшчыкаў і аддаюць іх краіне на Дняпры, з тым каб падтрымаць яе ў барацьбе з нацызмам XXI стагоддзя», – задаецца рытарычным пытаннем польскае выданне.

У нядзелю ў Катары адбыліся цырымонія адкрыцця чэмпіянату свету па футболе і першы матч. Аднак нават зараз не сціхаюць спрэчкі пра тое, як ставіцца да гэтага спартыўнага мерапрыемства і краіны, якая яго праводзіць. Пад прыцэлам крытыкі: парушэнні правоў чалавека пры будаўніцтве стадыёнаў і інфраструктуры, а таксама стаўленне да гомасэксуальнасці, прынятае ў гэтай краіне. Прэзідэнт Партугаліі Марсэлу Рэбелу дэ Соўза заявіў, што адправіцца ў Катар на групавы этап, у якім будзе прымаць удзел зборная Партугаліі. Мясцовая газета Público назвала гэтае рашэнне памылкай.

«Гуманіст і дэмакрат, якім, несумненна, з’яўляецца Марсэлу, павінен быў бы зыходзіць з таго, што найлепшы спосаб прадставіць Партугалію ў выгадным святле – адмовіцца ад паездкі ў Катар, разам з тым расттлумачыць, чаму прынятае такое рашэнне. Паступаючы інакш, ён ставіць Партугалію ў становішча краіны, у якой глядзяць толькі на футбольныя буцы. Падобны ярлык – не ў інтарэсах нашага грамадства. Футбол – гэта ўсяго толькі гульня, якая часцяком выкарыстоўваецца як нагода, якая дазваляе адцягнуць увагу людзей ад сапраўды важных рэчаў», – падкрэслівае партугальскае выданне.

Узяўшы на абдумванне дадатковыя 36 гадзін, 27-я Канферэнцыя ААН па кліматычных зменах усё ж такі змагла скласці агульную выніковую заяву. Такім чынам, плануецца стварэнне агульнага фонду, сродкі з якога будуць выдзяляцца бедным краінам на пераадоленне наступстваў глабальнага пацяплення. А вось аб адмове ад нафты і газу ў заяве не гаворыцца ні слова. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш і віцэ-старшыня Еўракамісіі Франс Цімерманс выказалі сваё расчараванне заявай. Еўрапейская прэса падзяляе іх ацэнку. Нямецкая газета De Morgen крытыкуе ЕЗ за слабасць.

«Саміт па клімаце пайшоў на саступкі пад ціскам найбуйнейшых вытворцаў і спажыўцоў нафты і газу, такіх як Саудаўская Аравія, Кітай і Расея. З-за высокіх цэн на энерганосьбіты ў ЕЗ на гэты раз было куды менш палітычнай свабоды дзеянняў. Увядзенне больш строгіх нормаў выкідаў зараз, напэўна, прывяло б да новага павышэння коштаў. А гэтага ў сваёй барацьбе з інфляцыяй хацеў бы пазбегнуць і Захад. Можна было б і не станавіцца на калені, але толькі ў тым выпадку, калі Еўропа нарэшце пазбавіцца сваёй галоўнай слабасці: адсутнасці палітычнага і эканамічнага саюза ў галіне энергетыкі. Без кансэнсусу адносна бясшкоднай для клімату энергетыкі нашыя рознагалоссі будуць бязлітасна выкарыстоўвацца і падчас наступных самітаў па пытаннях клімату», – адзначае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка