Агляд прэсы: на правільным баку гісторыі
Рэйкавая вайна: як беларусы таемна змагаюцца з Пуціным і Лукашэнкам. Балгарыя на рэйках экспарту узбраенняў Украіне. Супраціў пенсійнай рэформы ў Францыі. У Новай Зеландыі прэм’ер-міністр Ардэрн сыходзіць у адстаўку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Застаецца незразумелым, ці далучыцца да расейскага ўварвання ва Украіну дыктатар Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Тым не менш, паколькі народная падтрымка вайны застаецца нізкай, многія жыхары краіны актыўна адбіваюцца, сабатаючы чыгуначную сетку», – піша міжнароднае выданне Worldcrunch.
«24 сакавіка, роўна праз месяц пасля ўварвання Расеі ва Украіну, Віталь Мельнік падпаліў чыгуначныя электрычныя шафы, што прывяло да масавых затрымак 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. 27 снежня яшчэ трое грамадзян Беларусі былі асуджаныя да пазбаўлення волі на тэрміны ад 21 да 23 гадоў. У чым іх злачынства? Спроба прадухіліць транспарціроўку ваеннай тэхнікі ва Украіну ў першыя дні расейскага ўварвання. Такім чынам, галоўным аб’ектам для тых, хто ў Беларусі хоча супрацьстаяць вайне, з’яўляюцца чыгункі. Яны важныя, бо выкарыстоўваюцца для транспарціроўкі расейскай ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў па тэрыторыі Беларусі. Гэта з’ява, якая становіцца вядомай як «рэйкавая вайна». З першых дзён расейскага ўварвання ва Украіну Беларусь як суседка абедзвюх краін рэзка падзеленая. Беларусь традыцыйна была моцным саюзнікам Расеі. Урад стаў на бок Уладзіміра Пуціна, хаця пакуль афіцыйна не ўдзельнічаў у сутыкненнях з украінскай арміяй. Але большасьць насельніцтва не падтрымлівае ані вайну, ані Лукашэнку. У Другую сусветную вайну большая частка тэрыторыі Беларусі знаходзілася пад нямецкай акупацыяй з 1941 па 1944 г. Адзіным сродкам барацьбы з нацысцкай Германіяй былі дыверсіі і выведка. Гэтыя гады акупацыі і супраціўлення моцна паўплывалі на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. У часы СССР пра беларускі супраціў хадзілі легенды. Важна адзначыць, што любы супраціў вайне з Украінай у Беларусі ў асноўным матываваны асабістымі інтарэсамі: дзеля ўласнай краіны, ідэі незалежнай і суверэннай Беларусі без дыктатараў і кантролю Крамля. Дзеянні беларускага супраціву і антываенныя настроі ў грамадстве ў спалучэнні з тым, што Лукашэнка ўтрымлівае ўладу ў краіне сілай, прывялі да таго, што беларускі дыктатар не адважыўся ўступіць у адкрытую вайну з Украінай нават пад ціскам Пуціна», – піша міжнароднае выданне.
***
Афіцыйна Балгарыя на працягу некалькіх месяцаў адхіляла ідэю паставак зброі Украіне. Аднак, па ўсёй бачнасці, пачынаючы з вясны 2022 года, ранейшы ўрад краіны на чале з прэм’ер-міністрам Пятковым, зрабіла магчымым пастаўкі дызельнага паліва, боепрыпасаў і ўзбраенняў ва Украіну праз пасярэднікаў. Пра гэта паведамляе газета Die Welt. Нацыянальная прэса Балгарыі разыходзіцца ў меркаваннях наконт ацэнкі гэтага кроку. «Пяткоў прадэманстраваў Расеі, што тая больш не вызначае палітыку сваіх былых сатэлітаў», – піша балгарскае выданне Webcafé.
«Вайна ва Украіне – гэта спроба Масквы прымяніць сілу і напалохаць краіны былога Усходняга блока ўмяшаннем сваіх былых «гаспадароў» з Крамля. Гэтая спроба зараз церпіць няўдачу з-за стойкасці Украіны. І калі Балгарыя паспрыяла гэтаму, мы можам толькі парадавацца! Што тычыцца артыкула ў Die Welt, мы рады, што наша краіна на гэты раз згадваецца ў станоўчым кантэксце, і што мы нарэшце апынуліся, у парадку выключэння, на правільным баку гісторыі», – канстатуе балгарскае выданне.
***
Па дадзеных МУС Францыі, у мінулы чацвер больш за 1,1 мільёны чалавек выйшлі на дэманстрацыю ў Парыжы супраць запланаванай пенсійнай рэформы. Паводле заяваў прафсаюзаў, пратэстоўцаў было больш за два мільёны. Сутнасць рэформы, якую прэзідэнт Макрон назваў «справядлівай і адказнай», заключаецца ў павышэнні пенсійнага ўзросту з 62 да 64 гадоў. У еўрапейскай прэсе вядуцца спрэчкі наконт таго, ці мае рэформа ў сваім цяперашнім выглядзе права на існаванне. Гішпанская газета El Español піша пра тое, што тэма набыла еўрапейскі размах.
«Гэта праблема не толькі Францыі. Еўропа, у якой выходзяць на пенсію ў 62 гады, проста не можа існаваць. Ніякая эканоміка, якой бы магутнай яна ні была, не ў стане ўтрымліваць вялізную масу пенсіянераў, на якіх будзе працаваць ад сілы 33 працэнты насельніцтва. Макрону варта было б запярэчыць пратэстам на карысць французскай эканомікі, і дзеля таго, каб заблакаваць з’яўленне аналагічных патрабаванняў у іншых еўрапейскіх краінах. Бо тое, што пенсіі ўсё больш старому насельніцтву можна выплачваць без шкоды для маладога пакалення – гэта ілюзія. Хтосьці павінен пачаць размаўляць з еўрапейцамі як з дарослымі!», – заклікае гішпанскае выданне.
***
Адстаўка прэм’ер-міністра Новай Зеландыі Джасінды Ардэрн, прызначаная на 7 лютага, стала сюрпрызам. «Не засталося сіл, і час сысці», – менавіта з такой заявай 42-гадовая прэм’ер-міністр выступіла ў чацвер. Да перавыбараў 14 кастрычніка Ардэрн, якая валодае немалым аўтарытэтам, застанецца ў якасці звычайнага чальца парламента. Еўрапейская прэса падводзіць вынікі. «Ардэрн з’яўляецца ашаламляльнай супрацьлегласцю палітыкам, якія лезуць са скуры дзеля таго, каб заставацца ва ўладзе», – піша славацкая газета Denník N.
«Успомнім аб Дональдзе Трампе і фэйках аб скрадзеных выбарах і наступным нападзе яго прыхільнікаў на Капітолій. Нешта падобнае адбылося нядаўна ў Бразіліі, дзе Жаір Балсанару не змог змірыцца з заканчэннем свайго прэзідэнцкага тэрміна. Дзеля таго, каб застацца на сваёй пасадзе, Віктар Орбан ціхай сапай знішчае дэмакратыю, адразаючы ад яе па кавалачку, нібы ад шматка венгерскае салямі. А ў Ізраілі Беньямін Нетаньяху пайшоў на здзелку з д’яблам, то бок радыкальнымі экстрэмістамі, каб ізноў заняць свой пост. Пра Уладзіміра Пуціна нават успамінаць не будзем. Вельмі незвычайна бачыць кагосьці, хто паводзіць сябе зусім інакш!», – падкрэслівае славацкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
