Агляд прэсы: на раздарожжы
У Беларусі – іншыя ахвяры пуцінскай вайны. Ці павінны нейтральныя краіны ўступіць у НАТА? Ці мае патрэбу ААН у сур’ёзных рэформах? У Францыя Макрон і Ле Пэн выйшлі ў другі тур. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Пра катаванні, тактыку КДБ і смерць у выніку пратэстаў у Менску ды іншых месцах пасля выбараў 2020 года ўжо шмат напісана. Тым не менш, з-за мяжы ўсё яшчэ гучаць галасы, якія асуджаюць беларусаў, сцвярджаючы, што яны вінаватыя ў тым, што Расея выкарыстоўвае Беларусь як базу для нападу на Украіну; ці тое, што ім не хапіла адвагі, каб самім і назаўжды зрынуць даўняга дыктатара Аляксандра Лукашэнку. Гэта прыніжае мужнасць беларусаў», – адзначае еўрапейскае выданне Euobserver.
У матэрыяле прыводзяцца свежыя беларускія кейсы: маці беларускіх воінаў, якія сабраліся ў менскім саборы, былі затрыманыя пасля іх малітвы пра мір. Актывіст, які сфатаграфаваў расейскіх вайскоўцаў на хаду, будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
«Такія, здавалася б, нязначныя акты грамадзянскага іншадумства адбываюцца, нягледзячы на гады рэпрэсій, калі практычна любая незалежная ініцыятыва была неадкладна знішчана ўладамі Лукашэнкі, перш чым яна мела магчымасць прыжыцца. Беларускія кіберпартызаны паралізуюць чыгунку, каб сабатаваць матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне расейскай арміі, хаця ў выпадку іх захопу такім актывістам можа пагражаць смяротнае пакаранне, якое ўсё яшчэ існуе ў Беларусі. Сеткі салідарнасці і супраціву існуюць пад зямлёй. Беларускія дыяспары ў Польшчы і Нямеччыне добраахвотна дапамагаюць украінскім уцекачам. Тыя, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, складаюць менш за адну траціну насельніцтва. І калі шчыра, ЕЗ рашуча дзейнічаў у дачыненні да Беларусі толькі пасля дыверсіі самалёта Ryanair — у траўні 2021 года, гэта значыць, калі былі парушаныя інтарэсы грамадзян ЕЗ.
Безумоўна, па выніку, цана, якую Беларусь плаціць за падтрымку Крамля, за беларускі народ, за Украіну, за Еўропу, высокая. На гэты момант немагчыма ўявіць, каб Лукашэнка сказаў «не» любому з патрабаванняў Пуціна. Зараз найгоршыя прагнозы апраўдаліся. Ці не час нарэшце і Еўропе перайсці на беларускі бок?», – задае рытарычнае пытанне еўрапейскае выданне.
На фоне нападу Расеі на Украіну еўрапейскія краіны, якія не ўваходзяць у НАТА, усё больш трывожацца аб уласнай бяспецы. У Фінляндыі і Швецыі, у прыватнасці, расце жаданне далучыцца да заходняга абароннага альянсу. Прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нііністэ чакае, што значная парламенцкая большасць падтрымае заяўку на сяброўства ў блоку НАТА. Як адзначаюць каментатары, бяспека мае не толькі ваенную кампаненту.
«У цяперашняй сітуацыі Аўстрыя не павінна спадзявацца на тое, што суседзі яе абароняць, гэта занадта рызыкоўны падыход», – такі каментар аўстрыйскай газеты Die Presse.
«Становішча ў плане палітыкі бяспекі ў Еўропе рэзка змянілася. У 2022 годзе дзяржаве-сябру ЕЗ няма сэнсу заставацца нейтральнай. І, што галоўнае, нейтралітэт больш не з’яўляецца гарантыяй бяспекі. У выпадку нападзення Аўстрыя з ім у адзіночку не справіцца. Ужо на працягу дзесяцігоддзяў Аўстрыйская Рэспубліка спадзяецца на ахоўны парасон навакольных краін НАТА. Аднак плаціць яна за гэта не жадае. І гэты менталітэт у духу «пракаціцца за чужы кошт» настолькі працяў усю краіну, што ніхто яго ўжо і не заўважае. Ад нейтралітэту застанецца адна толькі абалонка, якая ні ад чаго не абароніць. Аўстрыі самы час стрэсці яе з сябе, і пачаць уносіць свой унёсак у агульную абарону Еўропы», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.
На фоне вайны ва Украіне з новай сілай разгарэліся дэбаты аб ролі ААН, яе эфектыўнасці ці ж, наадварот, бездапаможнасці. Крытыку ў адрас арганізацыі выказвае ў першую чаргу Кіеў: як адзначаюць прадстаўнікі Украіны, наяўнасць у Расеі права вета ў Радзе Бяспекі ААН ператварае гэты магутны орган у бяззубага тыгра. Украіна патрабуе правесці карэнную рэформу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Сяброўства Расеі ў Савеце ААН па правах чалавека было прыпынена, тым не менш, крытыцы падвяргаецца і гэтая інстытуцыя ААН.
«Ужо адно толькі сяброўства ў Савеце па правах чалавека такіх краін, як Кітай, Лівія, Эрытрэя, Пакістан, Катар і Венесуэла, робіць з гэтага органа сход, які не мае ніякага сэнсу», – піша італьянская газета La Stampa.
«Праблема не ў тым, ці ўстрымаліся гэтыя краіны ці прагаласавалі супраць рэзалюцыі аб выключэнні Расеі. Праблема ў тым, навошта яны ўвогуле там патрэбныя, у гэтай радзе? Па якім праве? У імя чаго? Ці нельга той механізм, які са святой хуткасцю прымянілі супраць Расеі, неадкладна прымяніць і да такіх дзяржаў-ізгояў, пра незаконныя дзеянні якіх вядома ўжо даўно? Няўжо за 16 гадоў ніводны прадстаўнік ад дэмакратычных краін не адчуваў уколаў сумлення і сораму, увесь час засядаючы бок аб бок з прадстаўнікамі гэтых краін падчас дыскусій аб правах чалавека?», – задае нязручнае пытанне італьянскае выданне.
Як і чакалася, у першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Францыі акрэсліліся два галоўныя лідары – Эмануэль Макрон і Марын Ле Пен. Па выніках падліку 97 працэнтаў пададзеных галасоў ліберал Макрон набраў 27,6 працэнта, а яго суперніца з ультраправага флангу – 23,4 працэнта. Такім чынам, абодва выходзяць у другі тур выбараў, як тое мела месца і ў 2017 годзе. Той факт, што Макрон толькі крыху апярэджвае сваю суперніцу, вельмі трывожыць аглядальнікаў. «Ад зыходу другога тура выбараў будзе залежаць роля Францыі ў свеце», – піша французскі часопіс Slate.
«Галоўнае пытанне заключаецца ў тым, ці хочам мы застацца ў Еўропе, працягваючы імкнуцца да ролі лідара, якой гэтак ахвотна надзяляюць нас іншыя еўрапейцы, прычым куды часцей, чым яны нам пра гэта гавораць? Ці ж, наадварот, мы хочам весці Францыю па згубным шляху, пракладзеным Борысам Джонсанам, рыхтуючыся да «франкзіту», які толькі на першы погляд не здаецца такім? Ці жадаем мы адвярнуцца ад альянсаў, у якія ўваходзім, і гэта ў той момант, калі дыктатар Пуцін вяртае вайну ў сэрца Еўропы і спрабуе згуртаваць вакол сябе ўльтраправыя рухі Старога кантыненту? Іншымі словамі: галасаваннем 24 красавіка мы заявім усяму свету аб тым, кім мы хочам быць», – заклікае выбарцаў французскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя