Агляд прэсы: па шляху Гаіці
Лукашэнка з гневам рэагуе на Захад. ЕЗ мае намер пазбавіць Венгрыю фінансавання. Гаіці: дзяржава гвалту. Заслугі мігрантаў для ангельскага футболу.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
-«Санкцыі ЕЗ наносяць істотны ўдар па беларускім дыктатары Лукашэнку. Ён б’е ў адказ, і цалкам аддае свой лёс у рукі Масквы», – піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.
«Цяпер Аляксандр Лукашэнка ўвесь час кажа пра санкцыі ЕЗ супраць яго рэжыму. Беларускі дыктатар называе іх «шантажом», параўноўвае з ваеннай «карнай аперацыяй». Гэтыя санкцыі не даставяць Лукашэнку непрыемнасці ў бліжэйшы час. Але ў доўгатэрміновай перспектыве яны будуць падточваць эканамічныя апоры яго рэжыму», – мяркуе нямецкае выданне.
«Ствараецца ўражанне, што беларускі дыктатар проста сыпле ўдарамі ва ўсе бакі. Пры гэтым яго галоўны адрасат, верагодна, знаходзіцца ў Маскве. На мінулым тыдні Пуцін патэлефанаваў у Менск, асудзіў санкцыі супраць Лукашэнкі як «нелегітымныя» і запэўніў яго ў сваёй салідарнасці. У канчатковым выніку, ад гэтай салідарнасці і будзе залежаць, як доўга дыктатар яшчэ зможа ўтрымацца ва ўладзе», – заключае Süddeutsche.
Па заканчэнні летніх вакацый старшыня Еўракамісіі фон дэр Ляйен мае намер пачаць супраць Венгрыі працэс. Прычына: парушэнне апошняй прынцыпаў прававой дзяржавы. Зыходзячы з вынікаў апошняй экспертызы, умоваў для гэтага больш чым дастаткова. Венгрыі, якая нядаўна выклікала абурэнне Бруселя прыняццем закона супраць ЛГБТ, пагражае скарачэнне фінансавання.
«Той факт, што венгерскі ўрад рэгулярна патрабуе ад ЕЗ праявы да сябе павагі, не мае лагічнага тлумачэння», – піша венгерскае выданне Magyar Hang.
«Проста дзіўна, як прыхільнікі хатняй, схільнай да аўтакратыі закуліснай дэмакратыі, раптам ператвараюцца ў заўзятых прыхільнікаў сумеснага пошуку рашэнняў шляхам кансэнсусу на ўзроўні ЕЗ. Уладны апарат урада Орбана і яго каласальны механізм СМІ раз-пораз нападаюць на сваіх палітычных праціўнікаў і тых, каго яны абіраюць сваёй мішэнню, бессаромна папіраюць іх чалавечую годнасць. Такая падвойная мараль а-ля Фідэс: кожны, хто адважыўся нават на мінімальную крытыку, не заслугоўвае павагі. Але пры гэтым партыя Фідэс нязменна патрабуе павагі да самой сабе», – канстатуе венгерскае выданне.
«Неадназначны прэзідэнт Гаіці Жовэнэль Маіз быў застрэлены невядомымі. Пасля забойства востраў Карыбскага мора з уласнай злачыннасцю і галеччу, пагражае пагрузіцца ў яшчэ больш глыбокі палітычны хаос, які наўрад ці выратуе зацікаўленасць ЗША», – піша нямецкі часопіс Der Spiegel.
«Забойцы прыйшлі ў гадзіну ночы, гэта была вялікая група людзей у цёмнай уніформе з цяжкай зброяй. З-за забойства краіна Карыбскага басэйну, якая ўжо некалькі дзесяцігоддзяў пакутуе ад гвалту, можа яшчэ глыбей пагрузіцца ў хаос і спіраль гвалту. Бо ў Гаіці няма палітыка, які мог бы адразу ж стаць пераемнікам забітага кіраўніка дзяржавы», – адзначае Der Spiegel.
Выданне таксама піша пра тое, што ў Гаіці няма старшыні Вярхоўнага суду, які, паводле канстытуцыі, мог бы стаць часовым прэзідэнтам.
«А таму Гаіці пагражае небяспечны палітычны і канстытуцыйны вакуум. Да таго ж забіты кіраўнік дзяржавы далучыўся да гістарычна доўгай чарады чыноўнікаў Гаіці, якія імкнуліся выкарыстаць свае пасады для самаўзбагачэння і ўтрымання ўлады. Кажуць, што, сярод іншага, Маіз прысвоіў сабе значныя сумы з фонду дапамогі венесуэльскай праграмы Petrocaribe», – адзначае Der Spiegel.
Вялікабрытанія мае намер значна ўзмацніць жорсткасць свайго заканадаўства ў сферы прадастаўлення прытулку. Міністр унутраных спраў краіны Прыты Патэл заявіла аб «самых радыкальных зменах за апошнія дзесяцігоддзі». Плануецца ўвядзенне пажыццёвага зняволення для кантрабандыстаў, перахоп лодак у адкрытым моры і стварэнне прыёмных пунктаў у трэціх краінах. Тыя, хто заязджае ў краіну нелегальна, будуць абмежаваныя ў правах з самага пачатку. У жаху ад новай ініцыятывы не толькі гуманітарныя арганізацыі.
Міністр унутраных спраў Вялікабрытаніі Прыты Патэл павіншавала у сваім твітэры зборную краіны з выхадам у фінал Чэмпіянату Еўропы па футболе. Брытанскае выданне New Statesman расцаніла твіт міністра як праяву крывадушнасці.
«Калі б Патэл дваццаць гадоў таму ўзначаліла міністэрства ўнутраных спраў, то ангельскай зборнай узору 2021 году проста не існавала б. Як і многія з найбольш каштоўных інстытутаў краіны, зборная таксама абапіраецца на працоўную сілу мігрантаў. Гары Кейн – сын ірландца, які пераехаў у Лондан з Голуэю. Бацькі Букайо Сакі – нігерыйцы. Рахім Стэрлінг нарадзіўся на Ямайцы. Бэн Чылуэл эміграваў у Вялікабрытанію з Новай Зеландыі. Агулам 13 гульцоў зборнай з 26 маглі б прадстаўляць зусім іншыя нацыі!», – падсумоўвае брытанскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя