Агляд прэсы: на выхад з рэчамі
Беларусь – Крым 2.0. Украіна сутыкаецца з энергетычным крызісам з-за Пуціна. Сітуацыя ў Закаўказзе. Неабходнасць татальнай вакцынацыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Пуцін і Лукашэнка падпісалі план пра аб’яднанне сваіх дзяржаў. У беларускага дыктатара не засталося іншага выбару», – піша нямецкая газета Die Tageszeitung.
«Беларусь стала на крок бліжэй да знікнення з карты свету. На віртуальнай сустрэчы ў чацвер кіраўнікі дзяржаў Расеі і Беларусі Пуцін і Лукашэнка падпісалі «дарожную карту» з 28 праграмнымі пунктамі. Яна павінна пракласці шлях да аб’яднання дзвюх дзяржаў, папярэдне да 2023 году», – перадае выданне.
«Расея пачала заключаць свайго суседа ў абдымкі яшчэ ў 1999 годзе. Беларусь карысталася выгаднымі адмысловымі эканамічнымі ўмовамі, прадстаўленымі Расеяй свайму «брату». Але зараз Лукашэнка разыграў усе карты. Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, якая спарадзіла беспрэцэдэнтны рух пратэсту, яго ўнутрыпалітычная пазіцыя пахіснулася. У знешняй палітыцы ён знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі ад Захаду з-за найгрубейшых парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыі. Словам, у Лукашэнкі не засталося ніякіх варыянтаў – акрамя Расеі», – адзначае TAZ.
«Наколькі нізка апусціўся Лукашэнка за гэты час і як яму даводзіцца прыніжацца перад Крамлём, паказвае і каментар падчас нядаўняй сустрэчы з Пуціным. “На жаль, прэзідэнт Расеі пакуль не можа запрасіць ў Крым», – сказаў Лукашэнка, – таму што Украіна закрыла сваю паветраную прастору”. Гэтай заявай Лукашэнка наўпрост прызнаў, што Крым з`яўляецца расейскай тэрыторыяй. Лёс Крыму з’яўляецца страшным сцэнаром і для беларускіх апазіцыянераў. Фактычна Пуцін бессаромна рэалізуе сцэнар «Крым 2.0». Наступны крок – рэферэндум, які павінен адбыцца ў лютым 2022 году», – перадае Die Tageszeitung.
***
«З набліжэннем зімовага сезону на многіх франтах да Украіны падыходзіць энергетычны крызіс», – піша амерыканскае выданне Atlantic Council. «Такі крызіс можа прывесці да палітычнай нестабільнасці і паглыблення залежнасці краіны ад Расеі. Адзінае рашэнне: інтэграцыя Украіны ў еўрапейскія энергетычныя рынкі».
Выданне прыводзіць дадзеныя аб тым, што Расея спыніла экспарт энергетычнага вугалю, і яго запасы на ўкраінскіх складах у пяць разоў ніжэй за запланаваныя на гэты час году. «Газпром» скараціў транзіт прыроднага газу на крыху больш за палову ад кантрактнай магутнасці на 2021 год.
«Гэтыя дзве асобныя навіны з энергетычнага сектару па сутнасці з’яўляюцца двума бакамі аднаго медаля ў гульні з высокімі стаўкамі і каламутнымі наступствамі, якую Расея праводзіць у рамках намаганняў Крамля вярнуць Украіну ў сферу свайго ўплыву. Такая транзітная тактыка можа ізаляваць Украіну ад імпарту газу з суседніх еўрапейскіх рынкаў і, у выніку, прымусіць Кіеў быць падатлівым палітычна, паставіўшы краіну ў прамую залежнасць ад расейскіх энерганосьбітаў. Стаўкі Расеі могуць быць нават вышэйшыя, чым проста прымусіць украінскія ўлады пачаць афіцыйныя перамовы з так званымі сепаратыстамі. Гэты сцэнар таксама можа супадаць з геапалітычна адчувальным тэсціраваннем энергетычнай інфраструктуры, запланаваным на канец зімы. Тады ўкраінскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі «Укрэнерга» павінен адключыцца ад іншых сетак і будзе працаваць у поўнай ізаляцыі», – працягвае адсочваць сітуацыю Atlantic Council.
***
«Міратворчая палітыка Расеі ў Закаўказзі абурае. Відавочна спроба Крамля «выцесніць НАТО, які ў адказ павінен аказаць ціск на Маскву, пакуль рэгіён «не скаціўся ў неліберальную гегемонію Расеі канчаткова», – занепакоена амерыканскае выданне The Atlantic.
«Не прапанаваўшы ніякіх разумных альтэрнатыў, ЗША і Еўропа кінулі яшчэ адзін рэгіён на літасць драпежніцкай дзяржавы. Сёлета адзначаецца першая гадавіна спынення агню ў вайне паміж Арменіяй і Азербайджанам, ужо другой за Нагорны Карабах, спрэчны закаўказскі рэгіён. Леташняе спыненне агню заключана пры пасрэдніцтве адной Расеі, а ў міратворчыя сілы ўвайшлі толькі расейскія войскі. Як жа так атрымалася, што Вашынгтон і Парыж засталіся не пры справе? Адна з прычын – нежаданне Белага дому і Елісейскага палацу выступаць пасярэднікамі. А вось Расея не пагрэбавала. Усё апошняе дзесяцігоддзе Пуцін амаль кожны год прымае прэзідэнтаў Азербайджана і Арменіі. Гэта дала мажлівасць Маскве прасоўваць для рэгіёну новы шматбаковы механізм, які атрымаў назву «Тры плюс тры». Апроч уласна закаўказскіх рэспублік туды ўвойдуць тры неліберальныя дзяржавы — Расея, Турцыя і Іран (да таго ж усе былыя імперыі). І тут для Захаду важна не закрыць Азербайджану і Грузіі – рашучым прыхільнікам паўднёвага калідору для энергарэсурсаў Каспійскага басейну – доступ да заходняга гандлю і інвестыцый, што прыслабіць эканамічную моц Масквы і Тэгерана і, як следства, іх здольнасць фінансаваць падрыўную дзейнасць за мяжой. Інакш сваімі дзеяннямі Масква можа зрушыць Закаўказзе з восі ўсход-захад на вось поўнач-поўдзень, а з устанаўленнем новых гандлёвых шляхоў у Расеі з’явяцца рычагі ўздзеяння, якіх яна не цураецца пускаць у ход на Украіне, у Беларусі, Малдавіі і гэтак далей», – робіць выснову амерыканскае выданне.
***
У многіх рэгіёнах Еўропы статыстыка заражэння каронавірусам зноў рэзка пайшла ўверх. У Аўстрыі з панядзелка дзейнічае правіла, паводле якога наведванне ўстаноў грамадскага харчавання, грамадскіх мерапрыемстваў, масажных салонаў дазваляецца толькі прышчэпленым і тым, хто перахварэў. У Італіі ў рэстаран ці на працоўнае месца могуць патрапіць толькі прышчэпленыя, перахварэўшыя альбо пратэставаныя.
«Пашпарт вакцынацыі павінен стаць абавязковым ва ўсёй Еўропе», – піша італьянская газета La Stampa.
«Ва ўсходнееўрапейскіх краінах працэнт прышчэпленых настолькі нізкі, што СААЗ баіцца горшага, а менавіта чацвёртай хвалі каронавірусу, ахвярай якой на кантыненце можа стаць паўмільёны чалавек. Адзінай магчымасцю пазбегнуць такога зыходу стала б тэрміновая вакцынацыя ўсіх без выключэння – сталых людзей, моладзі, а таксама па магчымасці і дзяцей. Італія ў гэтых адносінах можа паслужыць годным прыкладам. Яна праявіла не толькі дальнабачнасць, але таксама мужнасць у справе прыняцця нялёгкіх рашэнняў. Хочацца спадзявацца, што Еўропа рушыць услед нашаму прыкладу і ахопіць ўсіх грамадзян кантыненту», – заклікае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.