Агляд прэсы: набрацца мужнасці
Над Беларуссю загарэўся рухавік расейскага МіГ-31К. Чаго чакаць ад сустрэчы ў Рамштайне? Забастоўкі ў Партугаліі. Фінляндыя змагаецца з падзеннем узроўню адукацыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Падчас пралёту расейскага знішчальніка МіГ-31К пад Менскам мясцовыя жыхары, якія жывуць побач з вайсковым аэрадромам, зафіксавалі «выбух».
Ад гэтага дрыжэлі шыбы ў дамах, як у горадзе Маладзечна, так і ў прыгарадзе», – паведамляе выданне Ukrainian Military Center.
«У МіГ-31К з бартавым нумарам RF-95194 над Маладзечанскім раёнам адбылося ўзгаранне аднаго з двух рухавікоў, якое суправаджалася гукам, падобным на выбух. Фактычна гэта быў гук глушэння кампрэсара пасля запальвання. Завал кампрэсара – лакальнае парушэнне плыні паветра ў кампрэсары газавай турбіны або турбакампрэсара. Яно суправаджаецца мікравыбухамі ў рухавіку. Гэта надзвычайная сітуацыя, здольная знішчыць рухавік. Прычынай прыпынку кампрэсара з’яўляецца выпрацаваны рэсурс яго рухавіка або трапленне ў паветравод лішніх прадметаў або газаў ад ракетнага ўзбраення. Гэта другое з 25-га снежня ўзгаранне самалёта з бартавым нумарам RF-95194. У першы раз баявы самалёт атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні і павінен быў прайсці працяглы рамонт. Дадзены самалёт з’яўляецца асноўным носьбітам расейскай гіпергукавай аэрабалістычнай ракеты «Кінжал». Максімальная хуткасць гэтай ракеты – 10м\с. МіГ-31 здольны несці адну ракету і паражаць мэты на адлегласці да 2000 км.
Гэта таксама носьбіт ракеты класа «паветра-паветра» вялікай далёкасці Р-37М, якая лічыцца авіяцыйнай ракетай з адной з самых вялікіх далёкасцяў», – піша ўкраінскае выданне.
У пятніцу на амерыканскай ваеннай базе ў Рамштайне НАТА праводзіць сустрэчу кантактнай групы ў падтрымку Украіны. У цэнтры ўвагі еўрапейскай прэсы па-ранейшаму застаецца пытанне фармавання кааліцыі, якая была б гатовая паставіць баявыя танкі ўзброеным сілам Украіны. Пры гэтым усе погляды звернуты на Нямеччыну. «У рэшце рэшт Шольц павінен даць згоду на пастаўкі танкаў Leopard Украіне», – піша брытанская газета The Guardian.
«Адзіны рэалістычны шлях да доўгатэрміновага міру заключаецца ва ўзмацненні ваеннай падтрымкі Украіны з тым, каб яна магла вярнуць большую частку сваёй тэрыторыі, і затым весці перамовы пра мір з пазіцыі моцнага. Рашэнне аб перадачы Украіне танкаў Leopard стала лакмусавай паперкай для мужнасці Германіі і яе гатоўнасці нешта супрацьпаставіць пуцінскаму ядзернаму шантажу, для яе гатоўнасці пераадолець нямецкую сумесь са страху і сумневаў, і абараніць свабодную і суверэнную Украіну. Калі Шольц вырашыцца ўзначаліць еўрапейскую кааліцыю па перадачы Украіне танкаў Leopard, то ён мог бы надзяліць Нямеччыну кіруючай роляй у гэтым працэсе, што будзе з ухвалой сустрэта ўсім Захадам», – прагназуе брытанскае выданне.
Партугальскія настаўнікі страйкуюць ужо са снежня мінулага года. Яны патрабуюць бестэрміновых працоўных пагадненняў, павышэння разраду акладаў для настаўнікаў, а таксама павелічэння фінансавання школ. Пратэст павінен працягнуцца да канца студзеня. Аглядальнікі поўнасцю падтрымліваюць патрабаванні настаўнікаў. На сваіх старонках партугальская газета Público выказвае сваю падтрымку бастуючым настаўнікам.
«Якасная дзяржаўная школьная адукацыя з’яўляецца важнай апорай дэмакратыі, паколькі яна не займаецца селекцыяй, а ахоплівае ўсіх, паколькі яна не займаецца місіянерствам ані ў рэлігійным, ані ў іншым сэнсе, з’яўляючыся плюралістычнай з ідэалагічнага, рэлігійнага і палітычнага пунктаў гледжання. Менавіта таму вельмі важна, каб у дзяржаўных школах працавалі настаўнікі, якія атрымліваюць годны заробак, занятасць якіх гарантаваная, а кар’ера мае рэальныя магчымасці для росту», – заклікае партугальскае выданне.
Фінляндыя некалі была лідэрам у тэстах, якія праводзіліся Міжнароднай праграмай па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў (PISA), аднак зараз справы ў краіне ідуць вельмі дрэнна. Справаздача, апублікаваная міністэрствам адукацыі Фінляндыі, адлюстроўвае змрочную карціну ўзроўню адукацыі ў краіне. Што датычыцца чытання і матэматыкі, то за апошнія два дзесяцігоддзі паказчыкі па гэтых пазіцыях знізіліся і дэманструюць адставанне навучэнцаў ад праграмы на адзін-два школьныя гады. Самае адукаванае на сённяшні дзень пакаленне краіны – 1978 года нараджэння. СМІ Фінляндыі не на жарт занепакоеныя. «Рэйтынгі шматлікіх школ пакутуюць ад феномена іміграцыі», – такое меркаванне выказвае фінская газета Iltalehti.
«У некаторых школах навучэнцы, чыя родная мова не фінская, да пачатку трэцяга класа не дасягнулі нават таго ўзроўню ведання мовы, пры якім іх фінскія аднакласнікі пайшлі ў першы клас. Даследаванне таксама выявіла і той факт, што, калі ў школе вучыцца больш за 5,3 працэнты такіх вучняў, то паспяховасць усёй школы аказваецца ніжэйшай за сярэднюю. І такіх школ хапае у сталічным рэгіёне. Міністр адукацыі Лі Андэрсан кажа, што зніжэнне паспяховасці звязана з даўняй палітыкай жорсткай эканоміі. Вядома, гэта так, але было б сапраўды ў рэшце рэшт прызнацца ў тым, што іміграцыя і звязаныя з ёй пытанні, такія як інтэграцыя, таксама з’яўляюцца прычынай праблемы», – прапануе несуцяшальную выснову фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя