Агляд прэсы: Намацаць мяжу
Пуцін папярэдзіў Польшчу аб «агрэсіі» супраць саюзніка-Беларусі. У Вялікабрытаніі прыняты жорсткі міграцыйны закон. Спаленне Карана: дзе праходзіць мяжа свабоды? Кіеўскі гарсавет адмаўляецца ад расейскай мовы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Прэзідэнт Расеі Уладзімер Пуцін папярэдзіў Польшчу, што будзе разглядаць любую «агрэсію» ў дачыненні да саюзніка Беларусі як напад на ўласную краіну пасля рашэння Варшавы накіраваць войскі для ўмацавання сваёй усходняй мяжы ў адказ на прысутнасць у суседа войскаў наймітаў Вагнера», – піша амерыканскае выданне Bloomberg.
«Пагрозы, якія могуць абвастрыць напружанасць паміж Расеяй і Еўропай, не першыя, якія Крэмль выказвае супраць Польшчы, якая з’яўляецца адным з найбуйнейшых прыхільнікаў Кіева ў вайне з Расеяй. Польшча з’яўляецца чальцом NATO і не дэманстравала намеру прадпрымаць аднабаковыя, несправакаваныя ваенныя дзеянні. Польскія афіцыйныя асобы раней папярэджвалі аб «новай фазе гібрыднай вайны» пасля пагаднення аб пропуску баевікоў ПВК «Вагнера» ў Беларусь, а таксама спасылаліся на дапамогу суседа мігрантам, якія перасякаюць мяжу, як частку расейскага плана нападу на Еўропу. У чацвер Беларусь заявіла, што яе вайскоўцы будуць трэніравацца разам з чальцамі прыватнай расейскай ваеннай кампаніі «Вагнер» каля польскай мяжы», – піша амерыканскае выданне.
***
Палата абшчын Вялікабрытаніі прыняла новы закон аб іміграцыі, паводле якога тым, хто ўехаў у краіну без адпаведнага дазволу, у будучыні можа быць адмоўлена ў праве на палітычны прытулак. На думку ААН, новы закон парушае міжнародныя правілы давання прытулку. Сімвалам новых правілаў стаў 500-мясцовы жылы карабель Bibby Stockholm, які якраз да прыняцця закона быў адбуксіраваны ў гавань Портленда. Гішпанская газета El País лічыць, што брытанскі прэм’ер-міністр знаходзіцца ў адчайным становішчы.
«Або ён пойдзе насустрач прыхільнікам жорсткага курсу з шэрагаў уласнай партыі, альбо аддасць перавагу захаванню міжнароднага права, і тады Злучанае Каралеўства будуць паважаць за захаванне правоў чалавека. Рышы Сунак вырашыў абраць першы варыянт. З’яўленне на гэтым тыдні ў берагоў Дуўра Bibby Stockholm, вялізнага недарэчнага судна для размяшчэння на ім да 500 бежанцаў, ахарактарызаванага гуманітарнымі арганізацыямі як «плывучая турма», падкрэсліла расчараванне і разгубленасць брытанскага ўрада пры спробе вырашэння. Адчай прымусіў Сунака вытлумачыць міжнароднае права такім чынам, што новы законапраект апынуўся на мяжы скрыжавання чырвоных ліній», – канстатуе гішпанскае выданне.
***
Канфлікт у сувязі са спаленнем Карана ў Швецыі выйшаў на новы віток. У чацвер у знак пратэсту супраць заяўленага акту спалення святой кнігі разгневаныя мусульмане ўварваліся ў пасольства Швецыі ў Багдадзе і падпалілі яго. Ірак выслаў шведскага амбасадара. Адзін з пратэстоўцаў перад амбасадай Іраку ў Стакгольме растаптаў асобнік Карана. Аглядальнікі заклікаюць усе бакі да ўмеранасці. «Замест таго, каб абараняць абсалютнае паняцце свабоды, шведам варта было б паразважаць аб тым, што такое, уласна, свабода», – рэкамендуе нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«Крытыканстваваць здольны кожны, а вось зневажаць чалавечую годнасць не варта. Бо ў выніку верх бярэ простая логіка: калі ў Стакгольме паляць ці топчуць святое пісанне ісламу, сэнсу ў гэтым ніякага; хіба што гэта на руку экстрэмістам абапал, якія заўсёды радыя запусціць новую спіраль нянавісці ды гвалту ў адказ. Сапраўдную свабоду такім чынам не абараніць, яна патрабуе правілаў і адказнасці. Калі ж свабода абсалютная, то ў канчатковым выніку яна не становіцца нічым іншым, як правам моцнага, які робіць штосьці па адной простай прычыне: таму, што можа», – адзначае нямецкае выданне.
***
Кіеўскі гарсавет забараніў выкарыстанне ў публічнай прасторы культурных прадуктаў на расейскай мове. Гэта датычыцца кніг, песень, тэатральных імпрэзаў і культурных мерапрыемстваў, нават калі гаворка ідзе пра творы ўкраінскіх аўтараў. Аднак гарадская рада не валодае паўнамоцтвамі для заканадаўчага ўвядзення падобных забарон, таму пакуль што санкцыі за парушэнне забароны не прадугледжаны. На сваіх старонках ліберальная украінская газета NV выступае супраць празмерных мер у адносінах да кніг.
«Рынак патрыманых кніг каля метро Пачайна – гэта адно з нямногіх рэліктавых культавых месцаў кіеўскіх кнігалюбаў. Там можна знайсці перакладзеныя на рускую кнігі, аналагаў якім няма ва ўкраінскіх версіях. Невядома, каму зараз патрэбныя гістарычныя раманы Морыса Друона, дэтэктывы Сідні Шэлдана, шпіёнскія раманы Фрэдэрыка Фарсайта або меладрамы Даніэлы Стыл. Але калі я нечага не ведаю, гэта не значыць, што такіх чытачоў няма. Затое сапраўды вядома: гэтыя і іншыя пераклады ў рускай версіі дзяржаўнай пагрозы не ўяўляюць», – адзначае ўкраінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.