Агляд прэсы: намацванне новых гарызонтаў



Крыптавалюта ратуе дысідэнтаў Беларусі. Канец нафтавай казкі. Ці разбіраецца каронавірус у расах? Адвечная праблема клімату. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Журналістка Ганна Байдакова для платформы coindesk.com правяла даследаванне пад назвай «Дысідэнты біткойнаў: тыя, каму гэта больш за ўсё трэба». Артыкул стаў часткай Спісу самых ўплывовых людзей у сусветнай крыптацыі за 2020 год.

«Можна сказаць, што штаб-кватэра біткойна цяпер знаходзіцца ў Лагасе. Ці ў Менску. Або Ганконгу» – адзначае журналістка сёлетнюю тэндэнцыю крыптавалюты. «Біткойны прыходзяць да тых, хто ў гэтым мае больш за ўсё патрэбу. Да таго ж ліквіднасць біткойнаў таксама значна ўзрасла. Па гэтых дзвюх прычынах біткойн становіцца больш жыццяздольным інструментам для дэмакратычных рухаў ва ўсім свеце».

Вынікі даследвання Байдаковай адназначны: людзі, якія падымаюцца супраць жорсткасці паліцыі ў Нігерыі, тыя, хто змагаецца з кіруючым рэжымам у Беларусі , журналісты ў Ганконгу і лідар апазіцыі супраць Пуціна ў Расеі – яны не абавязкова вераць у місію біткойнаў, але для місіі, у якой яны працуюць, біткойн стаў важным інструментам.

Платформа coindesk.com прыводзіць словы Яраслава Ліхачэўскага,  сузаснавальніка кампаніі BYSOL, некамерцыйнай арганізацыі, якая дапамагае людзям у Беларусі, якія страцілі працу падчас палітычнага крызісу: «Раней я быў даволі далёкі ад крыптаў свету, але гэта відавочна карысна».

Журналістка Ганна Байдакова каментуе афіцыйныя дадзеныя сайта BYSOL. Толькі нядаўна кампанія размеркавала больш за 1,9 мільёна еўра у выглядзе ахвяраванняў – усё праз біткойны – тысячам чалавек па ўсёй Беларусі. Улады адсочвалі банкаўскія рахункі заснавальнікаў BYSOL і блакавалі іх, таму крыпта забяспечвала адзіны выратавальны круг, які рэжым не мог закрануць. Большасць беларусаў пераўтварае біткойны ў фіят адразу пасля атрымання дапамогі.

Брытанскі часопіс The Economist прагназуе «Канец залатога веку для вытворцаў нафты».

Аўтар Грэг Карлстром адзначае, што падзенне попыту, выкліканае COVID-19, прывяло да ўсталявання кошту за барэль нафтавай маркі Brent  на адзнацы 21 даляр у 2020 годзе. У 2021 годзе цэны крыху адновяцца, магчыма, перасягнуўшы адзнаку ў 50 долараў. Аднак значна вышэй яны не пойдуць. 

The Economist падкрэслівае, што большасць нафтавых дзяржаў на Блізкім Усходзе ўсё яшчэ не змогуць збалансаваць свой бюджэт. Саудаўская Аравія, найбуйнейшы вытворца ў гэтым рэгіёне, працягвае пошук не-нафтавых даходаў. У мінулым годзе ён патроіў падатак на дадатковую вартасць да 15%. Чакаецца, што крызіс прымусіць большасць мігрантаў сысці з рынку працы рэгіёну, вызваліўшы працоўныя месцы, хай і нізкааплочваемыя, для мясцовых жыхароў.

«Новая палітыка Джо Байдэна ў дачыненні да Ірана таксама спрыяе абвалу рынку. Каралі і міністры нарэшце зразумеюць, што ім неабходна перабудаваць эканоміку сваіх краін, калі, канешне, не будзе позна» – падсумоўвае журналіст часопіса The Economist.

Арабская сетка Аljazeera задалася пытаннем: «Чаму некаторыя этнічныя меншасці баяцца вакцыны супраць каронавірусу?». Аўтар Айна Хан прыводзіць прыклад Брытаніі, дзе нягледзячы на тое, што чарнаскурыя і азіяцкія брытанцы цягам пандэміі пакутавалі непрапарцыйна, некаторыя дагэтуль не рашаюцца прымаць новую вакцыну.

У асноўным спрацоўваюць засцярогі з-за неэтычных медычных эксперыментаў, якія праводзіліся над абшчынамі чарнаскурых у мінулым. Напрыклад, у 1932 г. у рамках даследавання пранцаў Таскігі адбыўся набор афраамерыканскіх мужчын у абмен на бясплатную медычную дапамогу. Аднак некаторыя ўдзельнікі памерлі ў межах назірання, а члены іх сем’яў заразіліся ад іх жа.

Згодна са статысыткай, чарнаскурыя афрыканскія мужчыны ў два разы часцей паміраюць ад COVID-19, чым белыя мужчыны.

«На ваганні да прымянення вакцыны нельга не зважаць, бо яны  абумоўлены цэлым шэрагам фактараў – чуткамі, хуткасцю распрацоўкі вакцыны, успрыманнем рызыкі, дыскрымінацыяй – але самае галоўнае – гэта наяўнасць даверу», – паведаміла Al Jazeera прафесар Софі Харман, якая спецыялізуецца на палітыцы здароўя ва Універсітэце Каралевы Мэры. «Недавер рызыкуе прыўнесці падвойную трагедыю: расавая няроўнасць у выпадках смерці ад COVID-19 і патэнцыйная расавая няроўнасць ва ўжыванні вакцыны», – адзначыла яна.

Газета Japantimes прысвяціла матэрыял зменам клімату ў артыкуле пад назвай «Чыстыя нулявыя” кліматычных мэтаў могуць падацца шматспадзеўнымі, але чытайце дробны шрыфт унізе».

На думку аўтара артыкула, сусветныя намаганні, накіраваныя на тое, каб Зямля не стала цяпліцай, якая не прыдатная для жыцця, знаходзяцца ў стане „ліхаманкі”. Паверхня Зямлі ўжо нагрэлася ў сярэднім на 1,2 градуса, што робіць экстрэмальнае надвор’е больш смяротна небяспечным.

Безумоўна на ўзроўні ААН маецца пагадненне, калі больш за 110 краін абавязаліся стаць нейтральнымі да вугляроду да сярэдзіны стагоддзя, у тым ліку такія гіганты выкідаў парніковых газаў, як Вялікабрытанія, Японія і Паўднёвая Карэя, Еўропа і ЗША. Аднак “д’ябал хаваецца ў дэталях».

Газета Japantimes задаецца нязручнымі пытаннямі. Незразумела, ці распаўсюджваюцца абяцанні краін на ўсе парніковыя газы ці проста на вуглякіслы газ, як у большасці выпадкаў. Да таго ж план, прадстаўлены швейцарскімі навукоўцамі для ўрэгулявання кліматычнага крызісу, шляхам пасадкі трыльёна дрэў, быў адабраны экспертамі на падставе няправільных разлікаў і патрабавання нерэальнай колькасці зямлі.

Газета Japantimes цытуе Міжнароднае энергетычнае агенцтва, якое сцвярджае, што нягледзячы на пандэмію, выкіды ў 2020 годзе перавышаюць выкіды ў 2019 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя