Агляд прэсы: намацванне пазіцый



Беларусь – ці то буфер, ці то платформа. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

-Амерыканскае выданне Atlantic Сouncil размясціла артыкул пад назвай «Беларусь дае Захаду магчымасць апынуцца на правільным баку гісторыі”. Аўтар матэрыялу Брайан Вітмор нагадвае Захаду не забывацца пра асноўную ролю Беларусі ў еўрапейскай бяспецы. Справа ў тым, што Беларусь, якая мяжуе з сябрамі НАТА, Латвіяй, Літвой і Польшчай, а таксама з Украінай, мае сур’ёзны ўплыў на любы расейскі план вайны супраць Захаду. Гэта платформа, з якой Масква можа пагражаць усходняму флангу НАТА.

Злучаныя Штаты і іх саюзнікі павінны паслаць Маскве выразныя і адназначныя сігналы аб тым, што любыя спробы парушыць беларускі суверэнітэт альбо праз адкрытую агрэсію, альбо праз спробу ўсталявання спадарожнікавага ўраду пры дапамозе падману прывядуць да выдаткаў, уключаючы, але не абмяжоўваючы, дадатковыя санкцыі.

«Цураючыся Лукашэнкі і падтрымаўшы Ціханоўскую ды апазіцыю, Захад знаходзіцца на правільным баку гісторыі Беларусі. Цяпер ён павінен пераканаць, што застаецца там”, – падсумоўвае амерыканскае выданне.

***

Швейцарская газета Finanz und Wirtschaft падзялілася з чытачамі матэрыялам пад назвай «Рэжым Лукашэнкі разбураецца знутры». Паводле выдання, у Лукашэнкі было два козыры: сілавікі і патэнцыйная падтрымка Расеі. Але ў асяроддзі міліцыі і спецназа назіраецца заняпад дысцыпліны і маральнага духу, а Пуцін ставіцца да Лукашэнкі з пагардай і не супраць замяніць яго на новага прарасейскага прэзідэнта. Падобна на тое, што дні беларускага лідара злічаныя, піша аўтар артыкулу Славамір Серакоўскі.

„Каб перажыць зіму, Лукашэнку спатрэбіцца маштабная фінансавая дапамога з Расеі. Паколькі Крэмль ведае, што рэжым не ў стане выплачваць даўгі, ён будзе стрыманым у аказанні падтрымкі або суправодзіць яе жорсткімі ўмовамі. У абмен на моцны курс валюты Крэмль запатрабуе паслаблення беларускага прэзідэнта і доступу да эканомікі для расейскіх алігархаў і дзяржкампаній”, піша Finanz und Wirtschaft.

* * * 

46-ы прэзідэнт ЗША прымае Амерыку не ў самым бліскучым стане: у краіне пануе палітычны раскол, эканоміка аслаблена, у самым разгары пандэмія. Еўрапейская прэса ставіць перад Байдэнам і яго камандай цэлы шэраг важных і неадкладных задач.

На думку партугальскага выдання Público, галоўная задача Байдэна зараз – зрабіць так, каб свет зноў паверыў у ЗША.

«Джо Байдэн і Камала Харыс даюць падставы для самых вясёлкавых надзей. Паўсюль – ад Азіі да Еўропы. Галоўны сігнал, які Байдэн павінен даслаць свету, заключаецца ў адным: ён павінен даказаць, што дэмакратыя ў ЗША яшчэ жывая. У міжнароднай сістэме адносін Злучаныя штаты застаюцца незаменным якарам. Калі ЗША будуць знаходзіцца ў пастаянным раздраі, а палітычная сістэма і інстытуты ў краіне будуць раз’ядацца карозіяй, то тады ЗША, магчыма, стануць дзейнічаць агрэсіўна, – але пры гэтым не змогуць нікога за сабой павесці», – ўпэўнена партугальская газета.

* * * 

Працягваецца скандал з недапастаўкамі вакцыны Pfizer, якая колькасна не ў сілах задаволіць попыт. Патрапіўшы ў гэтую «глабальную чаргу», Мексіка замест заходніх вакцынаў можа скарыстацца і іншымі. Мэта краіны – паскорыць вакцынацыю – апынулася ў цэнтры ўвагі гішпанскай газеты El Pais, якая і паведаміла пра тое, што Мексіка закупіць вакцыну у Расеі і Кітая, каб пакрыць недахоп прэпаратаў Pfizer.

Асноўную занепакоенасць мексіканскіх чыноўнікаў выклікае, што людзі, якія ўжо атрымалі першую дозу вакцыны Pfizer, не змогуць атрымаць другую дозу.

Беларускае Радыё Рацыя