Агляд прэсы: намацванне старта
Шматнацыянальныя фірмы зваедваюць ціск, каб разарваць сувязі з Беларуссю. Ці можа касмічнае супрацоўніцтва Масквы і Пекіна перарасці ў ваеннае? Прэса сочыць, наколькі справядліва размяркоўваецца вакцына ў ЕЗ. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Брытанскае выданне Іntellinews ацэньвае санкцыі Захаду, як недастатковыя для адхілення ад улады Лукашэнкі. Апазіцыя і яе прыхільнікі ўсё часцей арыентуюцца на міжнародныя кампаніі, якія вядуць бізнес з Беларуссю.
Выданне канстатуе, што нямецкая цяжкая машынабудаўнічая фірма «Сіменс» і нарвежская сельскагаспадарчая кампанія «Яра» за апошнія месяцы апынуліся на лініі агню, бо абедзве маюць значныя справы з Беларуссю.
«Сіменс падвергнуўся бязлітаснай крытыцы ў Інтэрнэце за тое, што працягвае працу з камунальнай кампаніяй «Брэстэнэрга». Таксама быў нанесены ўдар па нямецкім банку Commerzbank, які таксама вядзе бізнес з Беларуссю і вядзе фінансавыя справы «Сіменс». Частка бізнесу кампаніі «Сіменс» у Беларусі заключаецца ў пастаўках турбін на новую Астравецкую АЭС, пабудаваную і фінансаваную Расеяй у мінулым годзе і запушчаную ў поўны цыкл вытворчасці сёлета», – піша брытанскае выданне, і прыводзіць аналагічны алгарытм ціску на нарвежскую кампанію «Яра», якая супрацоўнічае з «Беларуськаліем».
Амерыканская газета Washington Post абмяркоўвае план стварэння Кітаем і Расеяй супольнай станцыі на Месяцы. Пра такі намер абедзве краіны заявілі нядаўна, бо паасобку ні тая, ні іншая краіна не валодае магчымасцямі для будаўніцтва такога аб’екта. «Ёсць пераканаўчыя прыкметы, што Злучаныя Штаты пабудуюць базу на Месяцы першымі. Сваю згоду на ўдзел у праграме далі восем краін, уключаючы Брытанію, Італію, Японію і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты», – піша амерыканская газета і падкрэслівае, што саюз Расеі і Кітая нават у такіх умовах з’яўляецца трывожным знакам.
«Расея і Кітай апошняе дзесяцігоддзе ўсё больш збліжаюцца, наладжваючы цесныя адносіны. Расея прадае свайму былому суперніку сучасную вайсковую тэхніку, якая ў шмат якіх выпадках пераўзыходзіць зброю кітайскай вытворчасці. Арміі дзвюх краін праводзяць сумесныя ваенныя вучэнні, у тым ліку, з удзелам Ірана, якое адбылося ў мінулым месяцы ў Індыйскім акіяне. Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін нават не выключае стварэння ў перспектыве афіцыйнага ваеннага альянсу з Кітаем», – падкрэслівае Washington Post.
Польшча і Венгрыя падалі ў Еўрапейскі суд скаргу супраць увядзення ў дзеянне механізму ў абарону вяршэнства права. Пры дапамозе гэтага механізму плануецца прывязаць выплаты з фондаў ЕЗ да захавання краінай-атрымальніцай прынцыпу вяршэнства права. Гэты крок польскіх і венгерскіх уладаў ні для каго не стаў сюрпрызам, паколькі яшчэ ў снежні кіраўнікі ўрадаў краін ЕЗ заявілі, што ўжыванне механізму стане магчымым толькі пасля яго разгляду Еўрапейскім судом. На справе гэта азначае, што мера будзе адкладзеная на некалькі гадоў.
«Гэты пазоў – усяго толькі адна з цаглінак у сцяне маштабнай кампаніі, якая праводзіцца польскім урадам», – мяркуе карэспандэнт выдання Süddeutsche Zeitung у Варшаве Фларыян Хасэль:
«Варшава і ў іншых галінах ахвотна атакуе ЕЗ. Мяркуючы па ўсім, Канстытуцыйны суд Польшчы, і так ужо ператварыўся ў простую дэкарацыю, неўзабаве і зусім вырашыць, што прававыя нормы ЕЗ – гэта нішто, а права Польшчы (дакладней тое, што лічыць такім польскі ўрад) – гэта ўсё. Ястрабы – лідар партыі ПіС Яраслаў Качыньскі і міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра – святкуюць перамогу. Сваё супрацьстаянне Еўразвязу яны выдаюць за супрацьстаянне нібыта маючым месца нападкам на польскую культуру, рэлігію, традыцыі і дзяржаву ў сваёй сутнасці. Насамрэч, яны пераследуюць адну-адзіную мэту: дэмантаваць рэшткі прававой дзяржавы і ўсталяваць аўтакратычны рэжым».
Еўразвяз зведвае крытыку сістэмы размеркавання вакцын. Аўстрыя, Балгарыя, Латвія, Славенія, Чэхія і Харватыя ў сваім лісьце на адрас Еўракамісіі заявілі, што дзеючая сістэма закупак стала прычынай ўзнікнення сітуацыі, якая выкліча няроўнасці.
Ірландскае выданне Irish Examiner абурана тым фактам, што ЕЗ, нягледзячы на недахоп вакцыны для краін супольнасці, экспартуе 34 мільёны доз вакцыны ў іншыя краіны свету, у тым ліку Вялікабрытанію.
«Калі б гэтыя дозы пайшлі ў бедныя краіны, то гэта яшчэ можна было б аргументаваць крайняй неабходнасцю. Але той факт, што пастаўкі ідуць у багатыя краіны, толькі пацвярджае той факт, што на полі эканомікі месца пад сонцам дастаецца толькі самым вялікім і моцным. У межах такой праграмы нязменна будуць узнікаць складанасці, перакосы і несправядлівасьць. І тым не менш, наша краіна магла б чакаць ад ЕЗ значна большага, чым простага паціскання плячыма, на фоне паведамленняў аб тым, што з ЕЗ экспартуецца ў шэсць разоў больш доз вакцын, чым патрабуецца Ірландыі. У гэты ж час нас усё яшчэ просяць праявіць цярпенне і пачакаць, пакуль да нас дойдзе чарга», – падкрэслівае ірландская газета.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя