Агляд прэсы: навагоднія ракіроўкі



Праект новай Канстытуцыі Беларусі: ужо не бяз’ядзерная і з «пажыццёвым сенатарам» экс-прэзідэнтам. Як пройдуць перамовы Расіі і ЗША па Украіне? Вярхоўны суд ліквідаваў «Міжнародны Мемарыял».  Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У Беларусі апублікаваны праект абноўленай Канстытуцыі, у якой абмяжоўваецца колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, а таксама прыбіраецца тэкст аб бяз’ядзерным статусе і нейтральнасці», – піша ўкраінскае выданне Укрінфарм.

Паведамляецца, што ў новым праекце Канстытуцыі мяркуецца абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў да двух, аднак абмежаванне пачне дзейнічаць пасля ўступлення на пасаду новаабранага прэзідэнта. Кандыдату ў прэзідэнты забараняецца мець замежнае грамадзянства або від на жыхарства.

Таксама, паводле новай Канстытуцыі, прэзідэнт, які склаў паўнамоцтвы, становіцца «пажыццёвым сенатарам», на якога працягвае распаўсюджвацца прэзідэнцкі імунітэт.

Акрамя гэтага, ствараецца прадстаўнічы орган «Агульнабеларускі сход», які вырашае пытанні вайны і міру, ды атрымлівае права змяшчаць прэзідэнта з прычыны парушэння Канстытуцыі.

Укрінфарм таксама папярэджвае, што Беларусь разглядае магчымасць размясціць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю Расеі з-за «пагрозы з боку НАТО».

«Расея і ЗША абмяркуюць гарантыі бяспекі 10 студзеня. Сустрэча адбудзецца ў Жэневе, дзе бакі павінны сесці і нарэшце адкрыта растлумачыць узаемныя асцярогі. Масква павінна будзе выкласці карты на стол», – піша нямецкая газета Die Welt

Амерыканская прэса мяркуе, што Пуцін плануе ўварванне на тэрыторыю сваіх суседзяў. Хоць Расея і адмаўляе планы заваёвы Украіны, Злучаныя Штаты рыхтуюцца ў выпадку нападу да ўвядзення хуткіх і маштабных санкцый.

«Ваенная падтрымка Кіева ўключана асобным артыкулам у абаронны бюджэт, які падпісаў прэзідэнт Байдэн. Гэта велічэзны законапраект на $ 768 млрд, $ 300 млрд з якіх прызначаны для Украіны», – піша амерыканская газета Associated Press і падкрэслівае, што гэтыя грошы пойдуць на аказанне ваеннай дапамогі Кіеву і на дэманстрацыю падтрымкі перад абліччам расейскай агрэсіі. На абарону Еўропы ў цэлым адведзена толькі $4 млрд.

Амерыканская газета Sky News нагадвае, што на студзеньскай сустрэчы перагаворшчыкам прыйдзецца расхлёбваць тую спадчыну, якую пакінуў пасля сябе Дональд Трамп. «Гэта ён дазволіў Расеі гуляць мускуламі, а скончылася гэта тым, што Масква прыпаркавала свае танкі на мяжы з Украінай. Цяпер Вашынгтон павінен вярнуць свае пазіцыі і стрымаць ваенны авантурызм Расеі, тым больш што, акрамя магчымага абвастрэння сітуацыі ва Украіне, ёсць яшчэ і рызыка грандыёзнага праекту аб’яднання сіл з Кітаем», – папярэджвае Sky News.

У Расеі 28 снежня Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі „Міжнароднага Мемарыяла”. З просьбай аб гэтым у суд звярнулася Генпракуратура, якая абвінаваціла арганізацыю ў неаднаразовым парушэнні заканадаўства аб «замежных агентах».

Гнеўны водклік на прысуд размясціла расейскае выданне Republic.

«Вось і ўсё: Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі «Міжнароднага Мемарыяла». Калі шчыра, не верылі, да апошняга спадзяваліся, што гэтага не здарыцца. Вельмі маркотнае, шкоднае, памылковае рашэнне. Якое моцна дадае песімізму наконт перспектывы таго, што адбываецца ў Расеі. Таму што галоўны сэнс існавання «Мемарыяла» – захоўваць памяць аб рэпрэсіях, каб дзяржаўныя злачынствы не паўтарыліся ў будучыні. А калі дзяржава забараняе захоўваць гэтую памяць, то не цяжка здагадацца, да чаго яна рухаецца», – піша расейскае выданне.

«Ліквідацыя каронавіруса наўрад ці магчымая, але ў нас ёсць і іншыя варыянты дзеянняў», – піша амерыканскі часопіс Quanta Magazine. «Здушыць інфекцыі, выкараніўшы іх цалкам у пэўных геаграфічных абласцях – гэта чалавецтву цалкам па сілах. Але прывід COVID-19 застанецца з намі назаўжды».

Паводле выдання, на сённяшні дзень колькасць інфіцыраваных каранавірусам ва ўсім свеце дасягнула 250 мільёнаў чалавек, а колькасць памерлых перавысіла 5 мільёнаў. «Калі мы адмовімся ад умяшання ў ход падзей, то паводле ацэнак эканамістаў да 2030 года інфекцыі, звязаныя з COVID-19, абыдуцца чалавецтву ў 1,4 трыльёны даляраў ЗША. Прыкладна ў 35% выпадкаў COVID-19 хвароба працякае бессімптомна. Гэта абцяжарвае кантроль над яе распаўсюджваннем і дыягностыку. Хутчэй за ўсё, здань COVID-19 застанецца з намі назаўжды, але чалавек, усё-такі, здольны прыслабіць яго. Наўрад ці гэта будзе азначаць, як кажуць, «вяртанне да нармальнасці», да чаго так імкнуцца шматлікія з нас, але і ілюзіі аб ліквідацыі SARS-CoV-2 нічым нам не дапамогуць».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка