Агляд прэсы: не сапсаваць будучыню
Беларусы хочуць павышэння ўзроўню жыцця. Вялікабрытанія: ці зможа новы прэм’ер цягацца з Джонсанам? Энергетычны крызіс: Германія прыняла трэці пакет мераў. Які сэнс новых праскіх пратэстаў? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Як піша міжнароднае выданне bne IntelliNews, менскі рэжым спрабуе вярнуць палітычны клімат у краіне да таго, што было да 2020 году, калі беларусы распачалі палітычнае абуджэнне.
«Аднак зрабіць гэта рэжыму немагчыма. Беларусь больш не стабільная і бяспечная, паколькі масавая палітычная і эканамічная эміграцыя дасягнула такога маштабу, што гэта відавочна кожнаму. Сотні тысяч грамадзян краіны пакінулі яе пасля таго, як менскі рэжым пачаў жорсткія палітычныя рэпрэсіі ў 2020 г. Пасля ўварвання Расеі ва Украіну, Беларусь з-за хаўрусніцтва рэжыму зведвае санкцыйны ціск. Гэта пакінула многіх беларусаў сам з насам з сумнымі перспектывамі дасягнуць лепшага ўзроўню жыцця: узровень жыцця жыхароў у гэтым годзе знізіўся на фоне рэзкага росту інфляцыі.
Да таго ж Беларусь – гэта краіна з нізкімі заробкамі: сярэдні заробак ацэньваецца каля BYN1000 (прыблізна 400 даляраў) без уліку падаткаў. Гэта можна параўнаць з Польшчай, дзе сярэднестатыстычнаму паляку пасля выплаты падаткаў застаецца прыкладна ў 2,5 разы больш.
Беларусь заняла другое месца сярод краін свету, у якіх у гэтым годзе назіраўся найбольшы рост коштаў на гародніну з сярэднім ростам на 33,4%.
Жыхары адзначаюць недахоп мяса і малака ў крамах, а таксама павышэнне коштаў на цукар. Наступствы агульнага крызісу ў Беларусі будуць яшчэ больш прыкметныя пазней у гэтым годзе», – прагназуе міжнароднае выданне.
У панядзелак яшчэ да абвяшчэння СМІ свету ўжо вырашылі пытанне аб тым, хто стане новым прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі і каго торы абвесцяць пераемнікам Борыса Джонсана. На думку еўрапейскай прэсы, пераможца адзіны: гэта дзейная міністр замежных спраў Ліз Трас. Аднак пытанне, ці зможа яна выйсці з ценю свайго папярэдніка і ці дасць ён ёй магчымасць працаваць у цішыні і спакоі, застаецца адкрытым.
Брытанская газета The Guardian упэўнена, што былы прэм’ер пойдзе ў атаку на Трас, як толькі пабачыць у гэтым несумнеўную выгаду для сябе асабіста.
«Джонсана будзе натхняць думка пра тое, што яго ўжо шмат разоў спісвалі з рахункаў, а ён пасля трыўмфальна і нечакана для ўсіх вяртаўся ў лаўровым вянку і на белым кані. Гэтае імкненне Джонсана цалкам можа быць фантазіяй, але тое, як ён будзе яе рэалізоўваць, прыцягне да яго ўсю ўвагу як партыі торы, так і сродкаў масавай інфармацыі, у выніку чаго яго пераемніца апынецца ў цені, а пазіцыі яе будуць пахіленыя. Прэм’ерства Трас з першага дня сутыкнецца з велізарнай небяспекай у асобе былога прэм’ер-міністра, а той, ні секунды не вагаючыся, скарыстаецца яе ўразлівасцю, калі палічыць, што гэта пайдзе яму на карысць», – папярэджвае брытанскае выданне.
На фоне ўзлёту да столі цэн на энергію ўрад ФРГ прыняў трэці пакет мер, нацэлены на зніжэнне нагрузкі для хатніх гаспадарак, фірм і прамысловых прадпрыемстваў. Агульны кошт пакета, які ўключае ў сябе такія меры, як увядзенне столі цэн на электраэнергію, аднаразовыя выплаты, субсідыі на ацяпленне, а таксама новы від дапамогі для грамадзян, складае больш за 65 мільярдаў еўра.
«Кааліцыя ні слова не сказала пра тое, дзе яна, уласна, збіраецца браць сродкі для новага пакета дапамогі», – устрывожаны фінансавы веснік Handelsblatt.
«У дадзеным выпадку гаворка ўжо не ідзе аб пагашэнні дзяржаўнага доўгу ў 2, 4 трыльёны еўра – гэты груз ляжа цяжарам на плечы нашых дзяцей і ўнукаў. Гледзячы на тое, якія трафеі падаюць свайму электарату СДПГ, Зялёныя і СвДП пасля прыняцця чарговага пакета дапамогі, нельга не адчуваць трывогі. Бо сёння, у адрозненне ад зусім нядаўняга мінулага, эканоміка зусім не на ўздыме. Казна пусцее ўжо хаця б таму, што растуць працэнтныя стаўкі. Павышэнне працэнтнай стаўкі на адзін пункт азначае для дзяржавы дадатковы цяжар у памеры 14 мільярдаў еўра штогод. Гэта значыць грошай на ўсіх не хопіць – нават калі канцлер сцвярджае адваротнае», – падкрэслівае нямецкае выданне.
У суботу на Вацлаўскай плошчы ў Празе адбылася масавая акцыя пратэсту: паводле звестак паліцыі, у ёй узялі ўдзел каля 70 тысяч чалавек. Дэманстранты пратэставалі супраць інфляцыі, вакцынацыі ад каранавіруса і прыёму мігрантаў. Пратэстоўцы абвінавачваюць улады ў тым, што тыя, маўляў, больш клапоцяцца аб украінцах, чым аб уласных грамадзянах. На дэманстрацыі раздаваліся заклікі да адстаўкі ўрада ў складзе ўмераных і правых сіл на чале з Пятром Фіялам.
Чэшская газета Hospodářské noviny разважае пра тое, якія матывы рухалі ўдзельнікамі дэманстрацыі.
«Уяўляецца сумнеўным, каб на Вацлаўскай плошчы сабраліся 70 тысяч фанатычных прыхільнікаў Пуціна, якія паставілі перад сабой за мэту падтрымаць вялікароскі імперыялізм у дачыненні да Украіны. Большасцю дэманстрантаў рухаў страх. Страх таго, што яны будуць не ў стане аплачваць рахункі за электрычнасць, не змогуць зводзіць канцы з канцамі і гэтай зімой будуць замярзаць ад холаду. Імі рухаў страх таго, што ўрад кіне іх на волю лёсу. І ў гэтым няма нічога ірацыянальнага. Пакуль што ўлады на справе не паводзілі сябе такім чынам, каб уразлівыя пласты грамадства былі ўпэўненыя ў тым, што «іх не пакінуць у бядзе», як громкагалосна заяўляе кіраўнік урада Пётр Фіяла», – адзначае чэшскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя