Агляд прэсы: Не спяшацца падтрымаць



117 грамадзян Беларусі вылецелі з Ізраіля спецрэйсам «Белавія». Гарызонты вайны Расеі ва Украіне. Газа і пытанне ўстанаўлення міру на Блізкім Усходзе. Датэрміновыя выбары ў Сербіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Гуманітарны рэйс на камерцыйнай аснове вылецеў з аэрапорта Бэн Гурыён у Тэль-Авіве. Білет на яго каштаваў 550 даляраў, у тым ліку багаж. На борце самалёта 117 пасажыраў. Рэйс быў прызначаны толькі для грамадзянаў РБ, на яго рэгістравалі па сапраўдных беларускіх праязных дакумэнтах», – паведамляе нямецкае выданне DW.

«З апытаных выхадцаў з Беларусі ніхто не збіраецца ляцець зваротна і не ведае такіх людзей. Раней вылецець з Ізраіля ў асноўным змаглі ўсе, хто палічыў сітуацыю надта небяспечнай. Беларусы дабіраліся і праз ЕЗ, і праз Расею. Многія перамясціліся ўнутры краіны. З Ашкелона, Ашдода з’яжджаюць, таму што іх проста прасуюць бамбёжкамі. Але ёсць унутраныя варыянты – гасцініцы прадастаўляюць жыллё, прапануюць кватэры бясплатна або за невялікія грошы. Да таго ж рэпатрыянты атрымліваюць пашпарты Ізраіля, і ім адкрыта значна больш дарог, чым з пашпартам РБ. У Еўразвяз ці на Кіпр можна паляцець на тэрмін да 90 дзён за паўгода, ЗША ўвялі бязвіз з 30-га лістапада. Варыянты рашэнняў часта апісваюць як выбар «паміж дрэнным – вайна ў Ізраіле, і вельмі дрэнным – вярнуцца ў Беларусь Лукашэнкі». Але ўсе суразмоўцы ўпэўненыя, што Ізраіль чакае цяжкі час», – піша нямецкае выданне.

***

У сваім артыкуле для лонданскага часопіса The Economist галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны генерал Валерый Залужны піша пра тое, што на фронце склалася патавая сітуацыя. Як адзначае Залужны, ВСУ не хапае знішчальнікаў і асабовага складу. Хоць прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і адказаў на гэта, заявіўшы аб тым, што ніякай патавай сітуацыі няма, прэса ўсё ж мяркуе, што становішча вельмі сур’ёзнае. Заграбская газета Jutarnji list задаецца пытаннем, колькі людзей яшчэ павінна загінуць, перш чым гэтая вайна будзе спынена.

«Вырашальнае пытанне для Зяленскага зараз заключаецца ў тым, якім чынам ён будзе апраўдваць рост колькасці ахвяр. Калі ўжо галоўнакамандуючы ВСУ ў сваім артыкуле ў часопісе The Economist ацэньвае сітуацыю як тупіковую і піша пра тое, што ніводны з бакоў не зможа выйсці з такой перамогай, то даволі цынічна чакаць вялікай перамогі, паколькі яна азначала б яшчэ больш смерцяў і разбурэнняў, яшчэ больш параненых, скалечаных і траўмаваных. Адна справа марыць аб вялікай перамозе або будаваць палітычную кар’еру на гэтай рыторыцы, а іншая – забяспечыць мінімум экзістэнцыйнай бяспекі сваім грамадзянам», – заклікае харвацкае выданне.

***

У памкненні разграміць радыкальную ісламісцкую групоўку ХАМАС Ізраіль атачыў паўночную частку сектара Газа, і нанёс авіяўдары па пазіцыях баевікоў. ХАМАС у сваю чаргу абстраляў ракетамі некалькі населеных пунктаў у Ізраілі. Тым часам цэлы шэраг арганізацый ААН патрабуе аб’явіць спыненне агню, а дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен сустрэўся ў Рамале з лідэрам Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі Махмудам Абасам, для таго, каб абмеркаваць будучыню сектара Газа. «Мір магчымы, але толькі без ХАМАС», – адзначае лонданская газета The Daily Telegraph.

«Як Японію і нацысцкую Нямеччыну ў Другой сусветнай вайне, хамасаўцаў проста неабходна разграміць. А пасля паўстане вялізная задача – пазбавіць тамтэйшае насельніцтва ад нянавісці. Але прыклады Германіі і Японіі даказваюць, што такое магчыма – у выніку рашучага ваеннага разгрому. Важна тое, што Саудаўская Аравія па-ранейшаму адданая ідэі нармалізацыі адносін з Ізраілем. Нават іранскія проксі – у першую чаргу Хезбала – перадалі хамасаўцаў іх уласнаму лёсу, мяркуючы па ўсім, асцерагаючыся наступстваў, якімі абярнуўся бы для іх пачатак войны з Ізраілем на два фронты. Большасць урадаў у рэгіёне гатовы да таго, што ХАМАС будзе пераможаны», – адзначае брытанскае выданне.

***

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч распусціў парламент і прызначыў на 17 снежня новыя выбары. У краіне праходзяць пратэсты: дэманстранты абвінавачваюць урад і дзяржаўныя СМІ ў тым, што яны ствараюць у Сербіі атмасферу нянавісці і гвалту. Вучыч знаходзіцца пад ціскам і ў сувязі з косаўскім пытаннем. Супраць узначаленай ім Сербскай прагрэсіўнай партыі выступае блок апазіцыйных рухаў краіны, а СПП у сваю чаргу вырашыла стварыць альянс з Сербскай радыкальнай партыяй Ваіслава Шэшаля, прызнанага Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі вінаватым у ваенных злачынствах. У свой час Вучыч і сам узначальваў СПП. «Загнаны ў кут Вучыч гатовы заключыць пакт з вайсковым злачынцам», – адзначае сербскі партал Pešćanik.

«Панічна баючыся паразы, дыктатар самым відавочным чынам вяртаецца да сваіх каранёў, ад якіх ён ніколі па-сапраўднаму і не адрываўся. Ён вяртаецца да сваёй палітычнай маці, якая гадамі гадавала яго сваімі шчодрымі грудзьмі – да Ваіслава Шэшаля. Такім чынам ён шукае альянсу з чалавекам, які найперш характарызуецца сваёй крымінальнай біяграфіяй. Калі нехта ведае, што можна стварыць найгоршае ў выпадку свайго звяржэння, то гэта Шэшэль. Горшых саюзнікаў і дарадцаў Вучыч і знайсці сабе не мог, але ён не здолеў ад іх ухіліцца!», – піша сербскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя