Агляд прэсы: не так проста збочыць
Паўзучая пуцінская анексія ў Беларусі: ядзерны чын. Вынікі візіту Макрона і фон дэр Ляен у Пекін. Турцыя: перадвыбарная барацьба ў разгары. 25 гадоў Белфастскаму пагадненню. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Пуцін вітаў свайго беларускага калегу Аляксандра Лукашэнку ў Маскве напачатку красавіка на двухдзённых перамовах. У сваіх публічных выступах абодва абыйшлі тэму ядзернай зброі. Тым не менш, планы Расеі размясціць ядзерную зброю ў Беларусі навіслі над гэтай апошняй сустрэчай двух дыктатараў», – піша амерыканскае выданне Atlantic Council.
«Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі будзе спрыяць дасягненню Крамлём мэты ўмацавання нефармальнага кантролю над краінай. У той час як Пуцін з усіх сіл падкрэслівае, што рашэнне аб перамяшчэнні ядзернай зброі праз мяжу было прынята ў адказ на прамую просьбу Лукашэнкі, мала хто быў у гэтым перакананы. У той час як Беларусь, хутчэй за ўсё, не мела вялікага меркавання ў пытанні размяшчэння расейскай ядзернай зброі, краіна адчуе значныя наступствы, калі Масква будзе дзейнічаць, як планавалася. Брусэль ужо папярэдзіў Менск аб далейшых санкцыях з-за таго, што ён назваў «безадказнай эскалацыяй і пагрозай еўрапейскай бяспецы». Беларусь таксама можа апынуцца мішэнню для ўдараў у адказ, калі вайна ва Украіне перакінецца на суседнія краіны-чальцы NATO. У такіх умовах патэнцыяльнымі мішэнямі могуць стаць беларускія сховішчы ядзернай зброі, ваенныя аэрадромы і іншая ваенная інфраструктура. Пагадзіўшыся размясціць расейскую ядзерную зброю, Лукашэнка ўмацаваў успрыманне Беларусі як непадзельнага элемента ваеннай пагрозы з боку пуцінскай Расеі. Гэта фармуе стаўленне да Менску ва ўсім дэмакратычным свеце», – адзначае амерыканскае выданне.
Падчас свайго візіту ў Пекін прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляйен сустрэліся з лідарам КНР Сі Цзіньпінам. Фон дэр Ляен перасцерагла Кітай ад паставак зброі Расеі і планаў па захопе Тайваня. Макрон, у сваю чаргу, заключыў з кітайскім бокам шэраг дзелавых дагавораў і заявіў, што ў пытанні Тайваня Еўропа зусім не абавязана ісці за ЗША. Еўрапейская прэса падзялілася ў меркаваннях. «Макрон сапраўды наламаў дроў», – не хавае свайго абурэння нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
«Размовы Макрона пра сілу аўтаномнай Еўропы, якая павінна захоўваць роўнааддаленасць як ад Амерыкі, так і ад Кітая, не толькі не былі ўзгодненыя з іншымі краінамі ЕЗ. Па сутнасці, то быў прамы і непрыкрыты ўдар па еўрапейскім і трансатлантычным адзінстве. Дзеля гэтага Макрон дастаў са старога галісцкага куфра самы тупы і замшэлы аргумент пра тое, што, маўляў, еўрапейцы павінны вызваліцца ад путаў адвечнага амерыканскага патэрналізму. Сваім інтэрв’ю прэзідэнт Францыі ўбіў клін у адносіны Еўропы са Злучанымі Штатамі, і ў той жа самы час раскрыў бездань пасярод Еўропы. Прычыніць столькі шкоды, вымавіўшы ўсяго некалькі прапаноў – гэта яшчэ трэба пастарацца!», – з горыччу іранізуе нямецкае выданне.
14 траўня ў Турцыі пройдуць парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Спісы кандыдатаў былі апублікаваны 9-га красавіка. Канкурэнцыю дзейнаму прэзідэнту Рэджэпу Тайіпу Эрдагану і яго прэзідэнцкай сістэме складзе апазіцыйны альянс з шасці партый, які ўзначальвае лідар Рэспубліканскай народнай партыі Кемаль Кылычдараглу. На думку аглядальнікаў, шанцы апошняга на перамогу вельмі хісткія. «Не варта ўскладаць асаблівых спадзяванняў на апазіцыйны альянс», – піша аўстрыйская газета Kurier.
«Ёсць усе падставы сумнявацца ва ўдарнай сіле аб’яднанай апазіцыі. І не толькі таму, што ўзначальвае яе «Кемаль Кылычдараглу», якому ўжо 74 гады і які не адрозніваецца харызмай, але і таму, што апазіцыйны альянс занадта разнастайны: у яго шэрагах таўкуцца сацыял-дэмакраты, упёртыя нацыяналісты і нават ісламісты. Адзінае, што іх аб’ядноўвае, – гэта лозунг «Эрдаган павінен сысці!». Аднак аднаго такога агульнага элемента недастаткова, што можна ўбачыць на прыкладзе эксперыментаў у Венгрыі ці Ізраілі», – піша аўстрыйскае выданне.
10 красавіка 1998 года было заключана Белфастскае пагадненне, якое паклала канец дзесяцігоддзям жорсткага канфлікту ў Паўночнай Ірландыі. У сувязі з гэтай гадавінай у Белфасце выступілі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак. Прэса надае адмысловую ўвагу гэтаму знакаваму юбілею ў кантэксце бягучай спрэчкі аб новым Віндзарскім пагадненні і Пратаколе па Паўночнай Ірландыі, распрацаваным падчас брэксіту. «Паўночнай Ірландыі сёння не хапае палітычнай стабільнасці, бо найбуйнейшая партыя юніяністаў, а менавіта Дэмакратычная юніянісцкая партыя, вось ужо на працягу 14 месяцаў байкатуе рэгіянальны парламент», – адзначае ірландская газета The Irish Times.
«Эканоміка Паўночнай Ірландыі і прымежных рэгіёнаў Рэспублікі Ірландыя відавочна выйграла ад Белфасцкай дамовы, нават пры тым, што абодва рэгіёны яшчэ адстаюць ад больш паспяховых у эканамічных адносінах абласцей на поўдзень ад мяжы. Велізарныя інвестыцыі, якія ўліваліся ў Рэспубліку Ірландыі на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў, ажыццяўляліся менавіта ў сілу мірнай сітуацыі на востраве. Але для таго, каб і надалей працягваць у тым жа духу, неабходна палітычная стабільнасць. Патэнцыйныя інвестары павінны бачыць, што палітыкі ў Паўночнай Ірландыі поўныя рашучасці прымусіць новыя механізмы і пагадненні працаваць. У адваротным выпадку магчымасць можа быць упушчана», – папярэджвае ірландскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка