Агляд прэсы: Не тыя метады



Беларусь выкрадае тысячы ўкраінскіх дзяцей. Распачаўся Саміт ЕЗ-Лацінская Амерыка. Ці павінна Украіна быць удзячная Захаду? Кліматычныя пратэсты падчас анамальнай спякоты. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Тысячы ўкраінскіх дзяцей былі гвалтоўна дэпартаваныя ў Беларусь у сувязі з меркаваным ваенным злачынствам, да якога можа быць датычны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка», – паведамляе брытанская газета The Telegraph.

„Паводле ацэнак, з верасня 2022 года каля 2150 украінскіх дзяцей ва ўзросце да шасці гадоў былі дастаўлены як мінімум у чатыры лагеры ў Беларусі, а да восені гэтага года іх колькасць дасягне 3000. Некаторыя нібыта прайшлі ваенную падрыхтоўку. Доказы сувязі гэтых злачынстваў з Лукашэнкам і іншымі беларускімі чыноўнікамі былі перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд. Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі, і Марыя Львова-Бялова, упаўнаважаная Расеі па правах дзіцяці, ужо стаяць перад ордэрам на арышт МКС, абвешчаным у сакавіку, за нібыта прымусовую дэпартацыю тысяч украінскіх дзяцей у Расею. Цяпер расследаванне МКС можа пашырыцца і ўключыць Лукашэнку ды іншых беларускіх чыноўнікаў. Масква пачала сістэматычна перавозіць дзяцей з Украіны ў Расею за некалькі тыдняў да ўварвання ў канцы лютага 2022 года. Расейскія ўлады прымусова перавялі больш за 19 500 дзяцей. Толькі 361 з іх вярнулі ва Украіну. Ва Украіне распачата больш за 100 крымінальных спраў па факце незаконнага прымусовага вывазу дзяцей, у тым ліку ў Беларусь і Расею. Некаторых з гэтых дзяцей потым «усынаўляюць» у расейскія сем’і. Іншых дзяцей расейскія чыноўнікі адпраўляюць у «лягеры адпачынку», каб ніколі не вярнуцца. Украінскія дзеці, якія ўтрымліваюцца ў Беларусі, звычайна едуць праз расейскі горад Растоў-на-Доне. Адтуль іх дастаўляюць на цягніку ў Менск, адкуль на аўтобусах вязуць на розныя аб’екты, у тым ліку як мінімум у чатыры месцы. Гэта – санаторый «Астрашыцкі Гарадок», рэспубліканскі дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтар «Зубронак» і дзіцячы лягер «Дубрава», якія належаць РУП «Беларуськалій». Чацвёрты пункт – санаторый «Залатыя пяскі» ў Гомельскай вобласці», – паведамляе брытанскае выданне.

Гэтымі днямі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін ЕЗ і Супольнасці краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAC) трэці раз сустракаюцца ў рамках саміту ў Бруселі. Гішпанія, якая цяпер мае старшыньства ў Еўразвязе, бачыць сябе ў якасці пасрэдніка і імкнецца да развіцця супрацоўніцтва. У прыватнасці, павінна быць падпісана пагадненне аб свабодным гандлі паміж ЕЗ і МЕРКАСУР, перамовы аб якім вядуцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. «ЕЗ, на жаль, няма чаго прапанаваць, саміт напэўна стане расчараваннем», – прагназуе брытанская газета Financial Times.

«З культурнага пункту гледжання Лацінская Амерыка блізкая да Еўропы: яна збольшага дэмакратычная, падзяляе каштоўнасці ЕЗ, а іміграцыя з гэтага рэгіёна адносна лёгка рэгулюецца. І ўсё ж, у лепшым выпадку, вынікі саміту дадуць палітычны штуршок працэсу ратыфікацыі гандлёвага пагаднення паміж ЕЗ і МЕРКАСУР, перамовы аб якім вядуцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Саміт, які, верагодна, прынясе расчараванні, адлюстроўвае няздольнасць ЕЗ прадумаць, а тым больш – сфармуляваць, якія больш глыбокія адносіны, якія выходзяць за рамкі традыцыйных пагадненняў аб гандлі і асацыяцыі, ён мог бы прапанаваць краінам, якія не з’яўляюцца членамі ЕЗ», – асцерагаецца брытанскае выданне.

Міністр абароны Вялікабрытаніі падвергся жорсткай крытыцы за сваё выказванне на саміце НАТА ў Вільні: Бэн Уолес выказаўся ў дачыненні да спісу жаданых паставак зброі, прадстаўленага Украінай, у тым духу, што ўкраінцам не перашкодзіла б быць удзячнымі, і што Захад – гэта не Amazon. Наколькі само сабой зразумелай з’яўляецца поўнамаштабная дапамога Кіеву – гэта маральна-палітычнае пытанне, якое стала прадметам вострых дыскусій. Партал Українська правда тлумачыць Захаду, чаму хутчэй ён павінен быць удзячны Украіне, а не наадварот.

«Пакуль што Расея гатовая зрабіць супраць Украіны значна больш, чым вы гатовыя зрабіць для Украіны. Між тым, мы змагаемся, каб даказаць, што тое, чым і дзеля чаго вы жывяце, мае сэнс і права на існаванне. Мы паміраем дзеля таго, чым вы жывяце з нараджэння. Вашаму пакаленню не прыйшлося змагацца за свабоду, але за яе змагаемся мы – за нашу і вашу свабоду. Мы – нацыя, якая сваімі ахвярамі штодня ўмацоўвае каштоўнасці вольнага свету. Вашы страты на гэтай вайне – грошы. Нашы страты – жыцці», – канстатуе ўкраінскае выданне.

На поўдні Еўропы зноў запанавала анамальная спякота – кліматычныя змены даюць аб сабе ведаць, прычым у самым негатыўным ключы. І якраз да пачатку водпускаў кліматычныя актывісты „Апошняга пакалення” вырашылі перашкодзіць працы нямецкіх аэрапортаў, прыляпіўшы сябе да ўзлётнай паласы. У Штральзундзе падчас блакады дарогі таксама разгарэўся неабыякі запал. Жорсткія дзеянні кіроўцы грузавіка ў Штральзундзе, які наехаў на кліматычнага актывіста, выклікалі бурныя апладысменты ў чэшскіх сацсетках. Дацкая газета Jyllands-Posten не разумее такіх пратэстаў ва ўмовах дзейных дэмакратый.

«Мы яшчэ можам зразумець грамадзянскае непадпарадкаванне, калі пратэстуючы супраць рэпрэсіўнага рэжыму, жанчыны ў Іране зрываюць хіджабы ці калі супольнасці цемнаскурых у Паўднёвай Афрыцы змагаюцца за вызваленне ад апартэіду. Існуюць неабходныя бітвы за дэмакратыю, але немагчыма апраўдваць барацьбу супраць дэмакратыі. Мы не разумеем, чаму кліматычныя актывісты ў адной з найбуйнейшых дэмакратычных краін свету выступаюць супраць грамадства, і пераступаюць праз вяршэнства закону, паралізуючы агульную інфраструктуру. Гэта – праява слепаты дэмакратычных прывілеяў. І гэта – не нейкая малаважная «правіна», – канстатуе дацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя