Агляд прэсы: неабходна каардынаваць намаганні
Ужо два гады Афганістан знаходзіцца пад уладай талібаў — якія перспектывы чакаюць аўфганскіх жанчын. Чэхія змагаецца з камуністычным мінулым. У Вялікабрытаніі затрыманы балгарскія шпіёны, якія працавалі на карысць Расеі, а ў Грэцыі загінуў футбольны фанат. Падрабязнасці навін замежнай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.
Два гады таму, пасля вываду заходніх войскаў з Афганістана, талібы захапілі Кабул, а потым вярнулі сабе ўладу ў краіне. Хоць афганская эканоміка не абрынулася, мільёны людзей жывуць у галечы. Асабліва дрэнна абстаяць справы са становішчам жанчын і дзяўчынак.
Французская газета Le Monde заклікае дапамагчы афганкам: «Пара свету перастаць проста «сачыць» за сітуацыяй у Аўфганістане. … Для дасягнення пазітыўных змен у краіне неабходна каардынаваць намаганні, выкарыстоўваць дыпламатычныя каналы, прыводзіць у дзеянне ўсе эканамічныя і палітычныя рычагі, а таксама прымяняць санкцыі. Важна падтрымліваць прадастаўленне прыстанішча афганскім жанчынам і дзяўчынкам у тых краінах, якія гатовы прапанаваць ім бяспеку і лепшыя магчымасці для жыцця, адначасова рыхтуючы іх да таго, каб адыгрываць важную ролю ў прыняцці рашэнняў для сваёй краіны ў будучыні.»
У Чэхіі ідуць дэбаты наконт прызначэння суддзі Канстытуцыйнага суда. Роберт Фрэмр, які займаў з 2018 па 2021 год пасаду намесніка старшыні Міжнароднага крымінальнага суда ў Гааге і лічыўся галоўным кандыдатам на пасаду ў Канстытуцыйным судзе Чэшскай Рэспублікі, адклікаў сваю кандыдатуру. Раней стала вядома, што ў сваю бытнасць суддзёй да 1989 года ён выносіў абвінаваўчыя прысуды дысідэнтам. Як адзначае чэшская прэса, камуністычнае мінулае да гэтага часу пераследуе краіны былога савецкага блока.
«Спрэчкі вакол мінулага не страчваюць актуальнасці. Сумна, што новастворанае грамадства і па сканчэнні 30 гадоў падчас пошуку кандыдатур на вышэйшыя канстытуцыйныя пасады не ў стане вылучыць са сваіх шэрагаў годных грамадзян, не запэцканых службай таталітарнаму камуністычнаму рэжыму. … Няўжо нельга зрабіць так, каб сёння, праз 30 гадоў, на вышэйшых дзяржаўных пасадах не было былых камуністаў?!» — выказваецца чэшскі партал Echo24.
У Вялікабрытаніі арыштаваны трое балгараў, якія падазраваюцца ў шпіянажы на карысць Расеі піша BBC: «Ім прад’яўлены абвінавачанні ў захоўванні дакументаў з «неправамерным намерам». Мяркуецца, што абвінавачаныя ведалі, што дакументы падробленыя. Сярод гэтых дакументаў — пашпарты, пасведчанні асобы і іншыя дакументы Вялікабрытаніі, Балгарыі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Харватыі, Славеніі, Грэцыі і Чэхіі. Усе трое жылі ў Вялікабрытаніі на працягу многіх гадоў, працавалі і жылі ў прыгарадах, некалькі разоў мяняючы адрасы.»
Ад рук хуліганаў загінуў грэчаскі балельчшчык каманды АЕК Афіны. Ён быў забіты падчас беспарадкаў напярэдадні футбольнага матча еўрапейскага Кубка чэмпіёнаў, у якім павінны былі сустрэцца АЕК Афіны і Дынама Заграб.
«Футбольныя каманды складаюцца з прафесіяналаў, і ставіцца да іх трэба адпаведна. Усё вельмі проста: тыя, хто выконвае закон, павінны мець магчымасць працягваць сваю дзейнасць. Той, хто на гэта не здольны, будзе забанены. Хопіць! І калі давядзецца дыскваліфікаваць усю лігу, то так таму і быць. … Футбол — гэта гульня. Вулічныя баі і гібель людзей не з’яўляюцца часткай гэтай гульні. Яны з’яўляюцца злачынствамі — і павінны разглядацца як такія», — патрабуе грэцкі партал Liberal.
Беларускае Радыё Рацыя