Агляд прэсы: неабходнасць змены пазіцый



Смяротнае пакаранне ў Беларусі. Шанец эмпатыі Анкары і Афін. Італьянская мафія перад судом. Вакцына не для ўсіх. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Шэраг сусветных СМІ, у тым ліку індыйскае выданне Вusinessworld засяродзіла ўвагу на тым, што сёлета ў Беларусі вынесены першы смяротны прысуд. Гаворка ідзе аб рашэнні Менскага абласнага суду, які вынес Віктару Скрундзіку смяротны прысуд па абвінавачванні ў забойстве двух сталых людзей і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны ў студзені 2019 года. Першапачаткова Скрундзік быў прыгавораны да смяротнага пакарання ў сакавіку мінулага году, але змог абскардзіць прысуд.

«Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, якая да гэтага часу практыкуе пакаранне смерцю, што з’яўляецца адной з асноўных прычын занепакоенасці Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. На рэферэндуме ў 1996 годзе беларусы прагаласавалі 80,5 працэнтамі галасоў за захаванне смяротнага пакарання», – піша індыйскае выданне.

***

25 студзеня Грэцыя і Турцыя маюць намер аднавіць перамовы па газавай спрэчцы. Аднак у абодвух бакоў зусім розныя намеры: Афіны будуць казаць толькі аб выключна эканамічнай зоне і тамтэйшых радовішчах газу. Анкару цікавяць марскія межы вакол грэцкіх выспаў, размешчаных блізу турэцкага ўзбярэжжа. СМІ абедзвюх краін заклікаюць свае ўрады не здаваць пазіцый. Турэцкі карэспандэнт нямецкай газеты Handelsblatt Озан Дэмірджан піша пра тое, якім чынам было б магчыма дамагчыся збліжэння Еўразвязу і Турцыі ў 2021 годзе.

«Без націску, вядома, не абыдзецца, аднак амерыканцам і еўрапейцам трэба добра падумаць, як далёка тут можна зайсці. У кароткатэрміновай перспектыве санкцыі могуць апынуцца вельмі балючымі, аднак у доўгатэрміновым плане яны прывядуць да пераарыентацыі Турцыі. Падыйдзе тут і мытны саюз, выгадны абодвум бакам. Акрамя таго, цяпер, як ніколі, важны дыялог Анкары з Афінамі», – падкрэслівае нямецкае выданне.

***

Брытанская газета The Times робіць агляд пачатку суду стагоддзя над італьянскай мафіяй. Па словах журналіста Том Кінгтана гэта самы буйны за апошнія 30 гадоў судовы працэс над мафіяй.

Перад судом паўстануць 355 меркаваных чальцоў самай багатай і загадкавай у Італіі мафіі пад назвай Ндрангета. Сярод абвінавачваемых – палітыкі і паліцыянты, якія атрымлівалі ад яе грошы.

«На 1 242 старонках судовых дакументаў прадстаўлена гісторыя ўлады босаў мафіёзных кланаў, рэкет і вымагальніцтвы, якімі займаліся шэраговыя выканаўцы. Ёсць там і аповед пра тое, як Ндрангета рашуча і сурова ўсталёўвала свой жорсткі кантроль над кожнай крамай агародніны, будаўнічай фірмай ці фермерскай гаспадаркай у Калабрыі, адначасова займаючыся па ўсім свеце наркагандлем на многія мільёны еўра», – звяртае ўвагу брытанская газета The Times, якая працягвае сачыць за судовым працэсам.

Кітайская газета Global Times заклікаюць адмовіцца ад выкарыстання вакцыны супраць каронавірусу, распрацаванай Pfizer. У артыкуле прыводзіцца меркаванне кітайскіх медыкаў, якія лічаць, што такая вакцына была створана ў спешцы, і яе бяспека не пацверджана. Доказ таму – смерць 23 пажылых нарвежцаў, прышчэпленых гэтай вакцынай.

«Сталым людзям, асабліва тым, каму больш за 80 гадоў, ня варта прышчэплівацца якімі-небудзь вакцынамі ад каронавірусу», – прыводзціь кітайская газета меркаванне мясцовых імунолагаў.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя