Агляд прэсы: неабыякія рызыкі



Любімы сусед Пуціна выбівае вялікую зброю ў новым папярэджанні. Анкара знайшла падставу для супярэчанняў для ўступлення Швецыі ў НАТА. Пытанне ўзаемадапамогі Чэхіі ў рамках НАТА пад пытаннем? Вынікі Сусветнага эканамічнага форуму ў крызісныя часы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларускае войска пачало здымаць з доўгатэрміновага захоўвання бронетэхніку для ўключэння ў сумесную рэгіянальную групоўку войскаў Расеі і Беларусі. Рашэнне прынятае ў мэтах садзеяння «мерам узаемадзеяння» баявых груповак, якія з кастрычніка праводзяць сумесныя вучэнні ў Беларусі. Гэта толькі апошняя прыкмета таго, што Беларусь можа рыхтавацца да ваенных дзеянняў, або што яна, магчыма, рыхтуецца служыць плацдармам для расейскіх нападаў на Украіну», – паведамляе амерыканская газета The Daily Beast.

„Лукашэнка дазволіў Маскве выкарыстоўваць Беларусь у якасці стартавай пляцоўкі для свайго няўдалага наступу на Кіеў у мінулым годзе і, верагодна, працягнуў спробы ўзмацніць боегатоўнасць Беларусі з-за ціску з боку Расеі.

Навіна пра тое, што Беларусь здымае вайсковую тэхніку з доўгатэрміновага захоўвання, з’явілася праз некалькі дзён пасля таго, як МЗС Расеі акрэсліў умовы, на якіх Беларусь далучыцца да вайны ва Украіне. Калі Беларусь ці Расея палічаць, што Украіна «ўжыла сілу» супраць той ці іншай краіны, Беларусь уступіць у вайну, лічаць у міністэрстве. Незразумела, што такое «прымяненне сілы» ў вачах Менска ці Масквы, але Лукашэнка ў апошнія дні публічна выказваўся наконт уяўных украінскіх пагроз Беларусі. Пакуль незразумела, ці сапраўды Украіна прапанавала «пакт аб ненападзе» з Беларуссю. МЗС Украіны не адказаў на запыт аб каментарах, але запэўніў Менск у сваёй заяве ў аўторак, што Украіна не мае намеру нападаць на краіну. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама выступіў з заявай, спрабуючы даць знак Лукашэнку, што ён павінен супрацьстаяць ціску, каб далучыцца да вайны», – адзначае амерыканскае выданне.

***

Акцыя дацка-шведскага ультраправага радыкала Расмуса Палудана, які спаліў Каран перад будынкам турэцкай амбасады ў Стакгольме, была выкарыстаная прэзідэнтам Турцыі Эрдаганам у якасці падставы для таго, каб у чарговы раз паставіць пад пытанне ўступленне Швецыі ў НАТА. Запланаваны на наступны тыдзень візіт у Анкару міністра абароны Швецыі турэцкі бок адмяніў. Большасць аглядальнікаў сыходзіцца ў тым, што выхадцы ўльтраправых у Стакгольме не варта надаваць празмернага значэння. Шведская газета Aftonbladet задаецца пытаннем, як доўга Захад яшчэ будзе назіраць за тым, як разыгрываецца фарс.

«За выключэннем Турцыі і Венгрыі ўсе астатнія краіны НАТА – ліберальныя дэмакратыі. Яны павінны ўсведамляць, што патрабаванні Турцыі, якія прадугледжваюць абмежаванне свабоды слова ў Швецыі, непрымальныя. Ні адна з гэтых краін ні завошта не змірылася б з падобнымі патрабаваннямі ў свой адрас і ні ў якім разе не стала б іх выконваць. Няўжо ЗША, Германія, Францыя і Вялікабрытанія і сапраўды думаюць, што гэты цырк можа працягвацца бясконца?», – задае рытарычнае пытанне шведскае выданне.

***

У ходзе тэледэбатаў кандыдату ў прэзідэнты Чэхіі Андрэю Бабішу было зададзена пытанне пра тое, ці накіруе ён у рамках альянсу НАТА чэшскія войскі для абароны Польшчы, Латвіі, Літвы або Эстоніі, калі на іх будзе ўчынены напад. Бабіш адказаў: «Не, вызначана не». Заява выклікала рэзкую крытыку як у самой краіне, так і за яе межамі. Аглядальнікі пішуць пра тое, што азначае гэтая заява ў кантэксце сёлетняй перадвыбарчай кампаніі. Чэшскі партал Aktuálně не хавае свайго абурэння.

«Заява Бабіша пра тое, што ён не накіруе чэшскія войскі для падтрымкі Польшчы ці балтыйскіх дзяржаў, падрывае саму аснову нашай бяспекі. Рэакцыя, якая рушыла з Польшчы і балтыйскіх дзяржаў, наглядна дэманструе тое, наколькі там былі ўзрушаны словамі Бабіша. Былы прэм’ер кінуў сур’ёзны цень на рэпутацыю Чэскай рэспублікі. Бабіш – абсалютна непрадказальны чалавек. Ён не міргнуўшы вокам гатовы паставіць пад пытанне значэнне нашага найважнейшага абароннага альянсу. А вось у Крамлі, мусіць, радасна паціраюць ручкі. Кожны голас і ўсякае выказванне, падобнае да таго, што прагучала ў нядзелю з вуснаў Бабіша, мае для Масквы вялікую каштоўнасць», – падкрэслівае чэшскае выданне.

***

У Давосе завяршыўся 53-ці Сусветны эканамічны форум. Цягам пяці дзён уплывовыя прадстаўнікі палітыкі і бізнэсу абмяркоўвалі надзённыя праблемы. Паводле слоў заснавальніка форуму Клаўса Шваба, пляцоўка заклікана дапамагчы «палепшыць стан спраў у свеце». Еўрапейская прэса разважае пра тое, што насамрэч уяўляюць сабой гэтыя сустрэчы. Гішпанская газета El País піша пра тое, што праз вобраз Давоса эпоха гіперглабалізацыі падыходзіць да канца.

«Уздым гіперглабалізацыі і макраэканоміка вельмі цесна звязаны адзін з другой. Макраэканамісты падтрымалі лібералізацыю і крытыкуемыя дамовы аб свабодным гандлі. Але не думайце, што яны ціхенька пойдуць на папятную! Іх галоўны аргумент заключаецца ў тым, што альтэрнатывы капіталізму не існуе. Гісторыя поўная прыкладаў альтэрнатываў, якіх не існавала да таго, пакуль яны не з’явіліся на свет. Парада макраэканамістам, большасць з якіх – старэючыя пажылыя мужчыны: лепш атрымлівайце асалоду ад сваёй пенсіі на Карыбах. А мы працягнем жыць у свеце, дзе палітыка зноў бярэ верх над эканомікай», – падкрэслівае гішпанская газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя