Агляд прэсы: неадназначная здзелка
Лідар беларускай апазіцыі ў выгнанні заклікае да адзінай падтрымкі ЕЗ і ЗША. Спрэчка вакол забароны на імпарт украінскіх збожжавых. Францыя і пенсійная рэформа. У Швецыі пажарныя пратэстуюць супраць новых правіл. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Палітычная кар’ера Святланы Ціханоўскай пачалася, калі яе мужа Сяргея Ціханоўскага пасадзілі за краты пасля таго, як ён абвясціў аб планах кінуць выклік прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ў 2020 годзе. Палітычная пачаткоўка балатавалася замест яе мужа, і пасля таго, як Лукашэнка быў абвешчаны пераможцам у выбарах, якія многія разглядалі як фальшывыя, Ціханоўская, баючыся за сваю бяспеку, уцякла ў Літву, дзе ўзначаліла беларускую апазіцыю, у якую ўваходзяць партызаны, якія дзейнічаюць супраць расейцаў у іх спробе захапіць Украіну», – паведамляе амерыканская газета The Harvard Gazette.
«Група Ціханоўскай разглядае сваю падтрымку Украіны як частку больш шырокай прадэмакратычнай бітвы, якая супрацьстаіць Лукашэнку і яго саюзніку, лідару Расеі Уладзіміру Пуціну, які імкнецца аднавіць кантроль Масквы ў рэгіёне. Ціханоўская выступіць з асноўным дакладчыкам на форуме Джона Кэнэдзі-малодшага ў Інстытуце палітыкі ў пятніцу і падзеліць сцэну са старшынёй Еўрапарламента Рабертай Мэцола. Паводле яе, ЗША павінны аб’яднацца ў рэалізацыі мер супраць Лукашэнкі разам з Еўразвязам. Яны таксама павінна падтрымаць беларускі народ і пакараць рэжым. ЗША павінны разумець, што Беларусь і Украіна зьвязаныя. Лукашэнка зьяўляецца поўным калябарантам Расеі ў вайне ва Украіне», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
Венгрыя і Славакія ўзялі прыклад з Польшчы і прыпынілі імпарт украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі, у першую чаргу збожжа. Перадумовай паслужылі пратэсты фермераў, якія панеслі страты ад коштавага дэмпінгу ў выніку паставак з Украіны. Еўракамісія раскрытыкавала рашэнне Варшавы, Будапешта і Браціславы і спаслалася на тое, што толькі Брусель мае кампетэнцыю прыняцця рашэнняў па пытаннях гандлю. Славацкая газета Pravda знаходзіцца ў змешаных пачуццях, бо пакуль што мукамольныя прадпрыемствы краіны нядрэнна зараблялі на ўкраінскім збожжы.
«На фоне вайны кошты на пшаніцу выраслі больш чым удвая, і ўзнікла патрэба ў таннай муцэ. Было толькі пытаннем часу, калі такое зерне з’явіцца на славацкіх мукамольных заводах. Аднак тут ёсць адна загваздка: Украіна, якая гарыць жаданнем уступіць у Еўрасаюз і атрымала карт-бланш у пытанні экспарту сельгаспрадукцыі, не так строга ставіцца да правіл выкарыстання хімікатаў. Адна справа стварыць калідор салідарнасці і пасылаць збожжа насельніцтву галадаючых краін, а іншая – назіраць, як гэтая мэта не дасягаецца, а салідарнасць выкарыстоўваецца ў карыслівых мэтах», – падкрэслівае славацкае выданне.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон пастанавіў ажыццявіць пенсійную рэформу, якая выклікала столькі спрэчак – усяго праз некалькі гадзін пасля таго, як Канстытуцыйная рада Францыі адобрыла яе асноўныя палажэнні. Аднак па фармальных прычынах з закона былі вынятыя менавіта тыя пункты, якія былі б выгадныя працуючаму насельніцтву. Макрон паспрабаваў абараніць свае дзеянні і заявіў у мінулы панядзелак, што сам даў сабе сто дзён на тое, каб усталяваць мір і спакой у краіне. «Макрон, сам таго не жадаючы, цягае з агню каштаны для Марын Ле Пэн», – такое меркаванне выказвае славенская газета Dnevnik.
«Французы выступаюць супраць гэтай рэформы яшчэ і таму, што гэта праект Макрона, гэтакага «манарха-абсалютыста», які, асабліва ў падатковых пытаннях, выступае на баку багатых, у той час як прорва паміж гэтым класам і ніжэйшымі маёмаснымі пластамі насельніцтва толькі павялічваецца. Макрон нават не задумваецца пра тое, што сваім перавыбраннем ён абавязаны толькі нежаданню грамадзян аддаваць свае галасы Марын Ле Пэн. Паводле дадзеных апытанняў, найбольшую выгаду ад цяперашняга крызісу атрымае менавіта ўльтраправая партыя, якая падтрымлівае мірныя пратэсты, але не блакіроўку дарог і нафтаперапрацоўчых заводаў», – падкрэслівае славенскае выданне.
У Швецыі сотні пажарных выйшлі на акцыі пратэсту супраць рэалізацыі дырэктывы ЕЗ па рэгуляванні працоўнага часу. Каля дзвюх трацін пажарных Швецыі працуюць па сумяшчальніцтве, і працяглыя змены дазваляюць ім спалучаць сваю працу ў пажарнай ахове з асноўнай прафесіяй і асабістым жыццём. Цяпер жа, з прыняццем дырэктывы ЕЗ, уводзіцца правіла аб абавязковым адзінаццацігадзінным перапынку – што перакрэслівае вышэйзгаданыя магчымасці. «Еўразвяз умешваецца ў пытанні, якія павінны рэгулявацца самімі бакамі працоўнай дамовы», – так бачыць сітуацыю шведская газета Göteborgs-Posten.
«Мэта дырэктывы аб працоўным часе – несумненна, добрая. У кожнага ёсць права на адпачынак. Аднак умовы працы адрозніваюцца ад аднаго працоўнага месца да іншага. Менавіта ў гэтым і заключаецца перавага шведскай мадэлі: ёсць магчымасць дамаўляцца аб правілах датычна кожнага канкрэтнага працоўнага месца і кожнай прафесіі. Гэтая гнуткасць знікне, калі рынак працы ў Швецыі прымецца рэгуляваць Брусель. І датычыцца гэта ў тым ліку меркавання саміх працоўных і іх права ўдзельнічаць ва ўстанаўленні правілаў. Дырэктыва ЕС – не толькі ўмяшанне ў шведскую мадэль рынку працы. Гэта яшчэ і ўмяшанне ў экасістэму дэмакратыі!», – піша шведскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя