Агляд прэсы: небяспечныя межы
Бітва за Беларусь: як зрусіфікаваны рэжым сутыкаецца з заходнім грамадствам. СМІ свету сочаць за хваляваннямі ў Ірландыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Амерыканскае выданне Atlantic Сouncil піша пра тое, як хутка ідзе «русіфікацыя» аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Прынамсі выданне цытуе Мінабароны Беларусі, якое на гэтым тыдні абвясціла, што перамяшчае танкавы батальён да сваёй заходняй мяжы непадалёк ад польскай, што звязана з грозным нарошчваннем расейскіх сіл у Калінінградзе і каля ўкраінскай мяжы.
«Усе гэтыя ваенныя, ды іншыя дыпламатычныя і кадравыя дзеянні, адбываюцца ва ўмовах відавочнага пашырэння эканамічнага, палітычнага і ваеннага следу Расеі ў Беларусі. Але па меры выяўлення беспамылковай тэндэнцыі русіфікацыі беларускай дзяржавы ў беларускай грамадзянскай супольнасці развіваецца зусім іншая дынаміка: звычайныя беларусы ўсё часцей дыстанцуюцца ад Расеі і кіруюцца на Захад», – канстатуе Atlantic Сouncil.
Выданне падкрэслівае, што падтрымліваючы памкненні беларускага народа і грамадзянскай супольнасці, Захад стаіць на «правым баку гісторыі».
У Паўночнай Ірландыі ўжо на працягу тыдня не сціхаюць начныя беспарадкі. У заходняй частцы Белфаста сотні маладых людзей зладзілі сутычкі, закідваючы сваіх праціўнікаў, а па сукупнасці і паліцэйскіх, камянямі і бутэлькамі з запальнай сумессю. Сілы правапарадку былі вымушаныя прымяніць вадамёт. Як адзначаюць СМІ, цяперашнія беспарадкі тлумачацца не толькі напружанасцю, якая спрацавала пасля брэксіту паміж прабрытанскім і праірландскім лагерамі.
На думку нямецкай газеты Deutschlandfunk, Паўночная Ірландыя – гэта толькі вяршыня айсберга праблем, якія брэксіт прыўнёс у Злучанае Каралеўства.
«Гэта асабліва заўважна па тым, што падзел грамадства на юніаністаў і нацыяналістаў існуе з вельмі даўніх часоў. Нервы ў гэтым рэгіёне асабліва аголены. У наступным месяцы шатландцы будуць выбіраць новы парламент. Калі яны зноў абяруць нацыяналістычны ўрад, то гэта будзе першым крокам у бок новага рэферэндуму па пытанні аб незалежнасці. Нават у станоўчых адносінах да брэксіту з боку Уэльса праглядаюцца памкненні грамадзян назаўсёды развітацца з Лонданам. У выніку Англія можа застацца са сваім брексітам у ганарлівай адзіноце: Малая Англія – замест Глабальнай Брытаніі», – іранізуе нямецкае выданне.
Размяшчэнне гасцей – гэта, мяркуючы па ўсім, адзінае, што застанецца ў памяці ад візіту старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляйен і кіраўніка Еўрапейскага савета Шарля Мішэля ў Анкару. Шарль Мішэль і Эрдаган сядзелі па цэнтры, на размешчаных побач фатэлях, а Урсула фон дэр Ляйен прыйшлося здавольвацца сціплай канапкай удалечыні. На фотаздымках з папярэдніх візітаў іншых афіцыйных асобаў да прэзідэнта Турцыі відаць, што ў гэтым памяшканні досыць месца і для трох персон на трох фатэлях.
На думку бельгійскага выдання Le Soir, гэта яшчэ адзін аргумент за тое, што ЕЗ мае патрэбу ў больш выразным размеркаванні роляў, перш за ўсё ў знешняй палітыцы.
«Дадзены эпізод наглядна і балюча прымушае ўспомніць знакаміты вокліч Генры Кісінджэра: «Вы кажаце, Еўропа? А нумар канкрэтны ёсць?» У 2017 годзе нямала шуму нарабіла прапанова тагачаснага старшыні Еўракамісіі Жана-Клода Юнкера, які дазволіў сабе паразважаць на тэму: а што, калі «ў штурвала карабля Еўропы стаў бы толькі адзін капітан?» Аднак аднымі разважаннямі ўсё і скончылася. Тым часам вышэйзгаданая праблема толькі пагаршаецца на міжнароднай арэне на фоне відавочнага суперніцтва паміж Шарлем Мішэлем і Урсулай фон дэр Ляйен ды іх камандамі. Трэба сказаць, папярэднія тандэмы працавалі больш гарманічна», – рэзюмуе бельгійскае выданне.
«Якія вірусы патэнцыйна могуць перадацца ад жывёлы чалавеку? Вельмі многія, напрыклад, СНІД, ліхаманка Эбола, воспа малпаў, гепатыт Е, і як паказвае зараз аналіз рызыкі, то і вірус Predict_CoV-35», – піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.
Выданне адзначае, што там, дзе чалавек высякае дрэвы і ператварае прыродныя плошчы ў палі, пракладае дарогі ў некранутых раёнах, там і ўзрастае верагоднасць новых кантактаў паміж чалавекам і дзікімі жывёламі, якія могуць пацягнуць за сабой сур’ёзныя наступствы».
«Навукоўцы вылучаюць перш за ўсё аднаго прадстаўніка з умоўнай назвай Predict_CoV-35. Гэты вірус носяць у сабе кажаны некалькіх рэгіёнаў Паўднёва-Усходняй Азіі, у тым ліку жывёлы, якія жывуць паблізу населеных пунктаў. Усяго ў арганізмах млекакормячых і птушак існуе 1,7 млн вірусаў, прыкладна палова з якіх патэнцыйна можа перадацца чалавеку, і тым самым выклікаць новую эпідэмію», – рэзюмуе Süddeutsche Zeitung.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка