Агляд прэсы: небяспечныя намеры
Хітры беларускі дыктатар бачыць у вайне Пуціна магчымасць скончыць сваю ізаляцыю. Ваенная дапамога Украіне: як, і ў якім аб’ёме? Што азначае перамога Макрона для Францыі і Еўропы? Змена ўлады ў Славеніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Адзіны міжнародны саюзнік Уладзіміра Пуціна Аляксандр Лукашэнка актыўна імкнецца дыстанцыявацца ад няўхільнага ўварвання Расеі ва Украіну і разглядае канфлікт як магчымасць аднавіць адносіны з Захадам», – цытуе дарадцу прэзідэнта Украіны Аляксея Арэстовіча амерыканскае выданне Atlantic Council.
Паводле матэрыялу, беларускі дыктатар цяпер вядзе сакрэтныя перамовы з Захадам, пратэстуючы супраць сваёй вінаватасці адносна статусу яго краіны як партнёра і саўдзельніка ўварвання Пуціна ва Украіну.
«Паведамленні аб бягучых перамовах паміж Лукашэнкам і заходнімі афіцыйнымі асобамі з’яўляюцца апошняй прыкметай таго, што кіраўніку Беларусі больш не камфортна гуляць малодшую ролю ў вайне Пуціна. Замест гэтага ён спрабуе выкарыстаць канфлікт, каб рэабілітаваць сябе і пакласці канец працяглага перыяду міжнароднай ізаляцыі, пачынаючы з сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года. Важна тое, што Лукашэнка вытрымаў значны ціск Крамля і адмовіўся ўводзіць свае войскі ва Украіну. Беларускія дыпламаты цяпер актыўна імкнуцца выкарыстаць вайну ва Украіне для аднаўлення легітымнасці рэжыму Лукашэнкі. 6 красавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей наўпрост звярнуўся да ЕЗ з просьбай аб аднаўленні дыялогу. Аднак спробы Захаду адгаварыць Лукашэнку ад падтрымкі вайны Пуціна рызыкуюць легітымізаваць дыскрэдытаванага дыктатара і ствараюць пагрозу для будучага развіцця дэмакратычнай Беларусі. Гэта ўжо бачна па асвятленні краіны ў СМІ, якое перайшло з акцэнту на беларускую апазіцыю да абмеркавання апошніх заяў Лукашэнкі аб вайне. Рэабілітацыя Лукашэнкі можа здацца рызыкай, на якую варта пайсці, калі яна аслабляе пазіцыі Пуціна ў Беларусі. Аднак гэта азначала б ігнараваць заклапочанасць дэмакратычнай беларускай апазіцыі і можа ажывіць рэжым Лукашэнкі, што прывядзе да далейшай дэстабілізацыі рэгіёну яшчэ на доўгія гады», – папярэджвае амерыканскае выданне.
Пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і міністр абароны ЗША Лойд Осцін заявілі аб прадастаўленні Украіне далейшай ваеннай дапамогі. Пастаўкі зброі – гэта рашэнне канфлікту ці ж дадатковая рызыка эскалацыі? Еўрапейская прэса выказвае сваю занепакоенасць. Італьянская газета La Stampa папярэджвае.
«Зразумела, што апроч некалькіх тон зброі дзяржсакратар Блінкен і кіраўнік Пентагона Осцін прывезлі ў Кіеў дэкларацыю аб намерах, якая магла б здзівіць, калі б цалкам не супадала з той радыкальнай лініяй, якая праводзіцца ў гэтай трагічнай сітуацыі Вашынгтонам. Вашынгтон паводзіць сябе так, як калі б імчаўся па хуткаснай аўтастрадзе, з якой абсалютна няма ніякіх з’ездаў. Або мы ступаем па тонкім лёдзе, і мова тут не проста аб цяжкіх бамбавіках B-52, беспілотніках і знішчальніках. Мы знаходзімся ў пераломнай кропцы. Упершыню было прызнана, што свабода Украіны – гэта, па сутнасці, проста фікцыя, якую амерыканцы выкарыстоўваюць для рэалізацыі сваёй палітыкі, а менавіта – знішчэння расейскай ваеннай моцы. Няўжо гэта не надзвычай небяспечны падыход?», – задае нязручнае пытанне італьянскае выданне.
Эмануэль Макрон пераабраны на пасаду прэзідэнта Францыі. У параўнанні з выбарамі пяцігадовай даўніны, разрыў, аднак, аказаўся менш значным. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі – у тым ліку і ў кантэксце парламенцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў Францыі у чэрвені.
«Атрымаўшы паўторны мандат, Макрон зоймецца рэфармаваннем не толькі Францыі, але і ўсёй Еўропы», – мяркуе брытанская газета Financial Times.
«Калі Макрон даб’ецца поспеху, то па выніках яго другога і апошняга прэзідэнцкага тэрміна ЕЗ стане буйной геапалітычнай сілай, параўнальнай з Кітаем і ЗША. Мэта стварыць еўрапейскую звышдзяржаву можа здацца яшчэ вельмі далёкай, ці ледзь не ілюзорнай. Аднак усе акалічнасці складаюцца такім чынам, што ў Макрона ёсць усе шанцы на тое, каб прасунуць сваё бачанне перамен. Падчас свайго першага тэрміна на прэзідэнцкай пасадзе ён нярэдка аказваўся ў цені Ангелы Меркель. Аднак Меркель сышла з пасады канцлера ФРГ, а ў яе пераемніка Олафа Шольца недастаткова харызмы, і ён пачаў сваю кадэнцыю не надта ўпэўнена. Менавіта таму Макрон, які ўзмацніў свае пазіцыі дзякуючы пераабранню, паспрабуе прасунуць свае ідэі, і зрабіць ЕЗ больш дынамічным», – падкрэслівае брытанскае выданне.
У нядзелю ў Славеніі адбыліся парламенцкія выбары: яўка аказалася рэкорднай. Большасць галасоў атрымала ліберальная зялёная партыя Рух Свабода. Цяпер яе лідар, бізнесмен і дастаткова малады яшчэ палітык Роберт Голаб, зменіць на пасадзе прэм’ер-міністра Янэза Яншу – карыфея славенскай палітыкі, чыя рэпутацыя, аднак, вельмі неадназначная. Еўрапейская прэса вітае перамены ў краіне, але пры гэтым заклікае грамадзян Славеніі не страчваць пільнасці.
«Зыход гэтых выбараў вырашыла не вайна ва Украіне», – такім назіраннем дзеліцца венгерская газета Népszava.
«Напярэдадні выбараў кіраўнік урада актыўна выступаў у абарону Украіны і супраць Пуціна, аднак, мяркуючы па ўсім, усе гэтыя намаганні не прынеслі вынікаў. Вынік выбараў быў вырашаны не знешняй палітыкай, і нават не вайной. Проста грамадзяне да смерці стаміліся ад палітычных інтрыг Янэза Яншы, падчас якіх яму немалую і відавочную падтрымку аказваў урад Венгрыі. Венгерскія бізнесмены, блізкія да ўрада Орбана, набылі актывы ў славенскіх СМІ, у турызме і іншых сектарах», – падкрэслівае венгерскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя