Агляд прэсы: небяспечныя сувязі



Па тонкім ільдзе дыктатуры. Авіяўдар з кавярні. Тупік для рэспубліканцаў. Пабочныя эфекты вакцыны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 

У траўні ў Рызе і Менску павінен адбыцца чэмпіянат свету па хакеі на лёдзе. На фоне палітычных падзей Беларусь можа пазбавіцца гэтай мажлівасці. Большасць краін заклікае нацыянальныя хакейныя асацыяцыі байкатаваць чэмпіянат у Беларусі пасля няўдалага візіту кіраўніка федэрацыі Рэнэ Фазеля да Лукашэнкі.

Нямецкая газета Neue Zürcher Zeitung настойвае: «Рэнэ Фазель здзейсніў глупства. Адправіўшыся ў Беларусь, ён пайшоў на рызыку таго, што будзе выкарыстаны ў палітычных мэтах – што, зразумела, і адбылося».

Выданне лічыць, што Міжнародная федэрацыя хакея не адважваецца адмовіць Беларусі ў правядзенні сусветнага першынства па эканамічных меркаваннях, а магчыма, і з прычыны мяккага ціску з Масквы.

«Аднак не менш баязліва дзейнічаюць і тыя, хто патрабуе прыняцця суворых і рашучых мераў, а самі пры гэтым трымаюць дыстанцыю і праяўляюць нуль рашучасці. На сённяшні дзень ні адна хакейная асацыяцыя не заявіла аб сваёй адмове ўдзельнічаць у чэмпіянаце ў Беларусі. Прыйшоў час вызначыцца!», – заклікае  Neue Zürcher Zeitung.

Арабская тэлекампанія Al Jazeera разважае, хто стаў мэтай нядаўняга авіяналёту Ізраіля па ваенных аб’ектах у Сірыі. Вядома, што Тэль-Авіў выкарыстаў дадзеныя выведкі ЗША.  Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа абмеркаваў гэтую атаку з кіраўніком «Масада» Ёсі Коэнам у кавярні ў Вашынгтоне.

Al Jazeera  цытуе словы экс-кіраўніка ваеннай разведкі Ізраіля аб тым, што авіяналёт узмоцніць напружанасць паміж Іранам і Ізраілем, незалежна ад таго, ці маюць гэтыя краіны якія-небудзь адносіны да забойства іранскага навукоўца-ядзершчыка Мохсэна Фахразадэ, ці не.

«Ракетныя ўдары замарудзілі тэмпы замацавання іранскай прысутнасці ў Сірыі і прывялі да ўмацавання ваенных лагераў на акупаваных сірыйскіх Галанах, вядомых як ізраільская памежная тэрыторыя – Галанскія вышыні»,  – адзначае арабская тэлекампанія.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, у якой пераважаюць дэмакраты, пачала працэдуру імпічменту ў дачыненні да прэзідэнта Трампа. Рашэнне  абгрунтавана «падбухторваннем Трампа грамадзян да паўстання». Зараз справа за Сенатам, дзе за імпічмент мусяць выказацца і рэспубліканцы.

На думку нідэрландскай газеты De Volkskrant, альтэрнатывы імпічменту няма, але дзеянні рэспубліканцаў тут прадказаць вельмі няпроста.

«Рэспубліканцы цяпер апынуліся ў няпростай сітуацыі. Як доўга яны яшчэ збіраюцца трываць шантаж і запалохванні Трампа і яго прыхільнікаў? Па тым, як рэспубліканцы прагаласуюць па пытанні аб імпічменце, і можна будзе меркаваць, ці гатова партыя парваць з «трампізмам» і антыдэмакратычнымі выбрыкамі прэзідэнта. З прычыны электаральнай значнасці прыхільнікаў Трампа і пераважнага апартунізму ў шэрагах рэспубліканцаў, шанцы на такую гатоўнасць пераацэньваць не варта», – сцвярджае нідэрландскае выданне.

Нарвежскае інфармацыйнае выданне NRK апублікавала справаздачу фармацэўтычнага агенцтва Нарвегіі аб пабочных эфектах вакцыны Pfizer / Biontech. У 13 выпадках гаворка ідзе пра смерць.

«Усе памерлыя былі пацыентамі дамоў састарэлых, ва ўсіх было крохкае здароўе, аднак для астатніх рызыка вельмі невялікая. Лекары цяпер павінны больш старанна прадумаць, каго варта вакцынаваць. Вельмі аслабленых людзей у самым канцы жыццёвага шляху можна вакцынаваць толькі пасля індывідуальнай ацэнкі іх стану», – звярнуўся да калег па ўсёй краіне адзін з кіраўнікоў фармацэўтычнага агенцтва Нарвегіі Стэйнар Мадсэн.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка