Агляд прэсы: Недальнабачны падыход
Расея працягвае «палохаць» суседзяў ядзернай зброяй у Беларусі. Вайна ў Ізраілі. ЕЗ плануе перагледзець дапамогу палестынцам. Кааліцыя Фіцо.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Рашэнне Расеі размясціць ядзерную зброю ў Беларусі з’яўляецца часткай кампаніі «пагрозаў» і «запалохвання» суседніх краінаў, адначасова падкрэсліваючы дамінаванне Масквы над Менскам», – піша еўрапейскае выданне The Eurasiareview.
„Галоўны дыпламат Літвы паўтарыў каментары многіх заходніх урадаў наконт падпісання ў траўні Беларуссю і Расеяй дакументаў, якія дазваляюць размяшчэнне расейскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі — першае перамяшчэнне такіх боегаловак за межамі Расіі пасля распаду Савецкага Саюза. НАТА, членам якой з’яўляецца Літва, якая вядзе мяжу альянсу да Беларусі, лічыць крок «небяспечным і безадказным». Літва, былая савецкая рэспубліка, якая аднавіла сваю незалежнасць ад Масквы ў 1990 годзе, і дзве іншыя балтыйскія краіны — Латвія і Эстонія — а таксама Польшча, былі аднымі з самых гучных прыхільнікаў Украіны ў Еўропе. У гэтых краінах добра разумеюць, што ўся ядзерная інфармацыйная кампанія паказвае перш за ўсё ігнараванне Пуціным таго, што засталося ад суверэнітэту Беларусі, грэбаванне нормамі іх канстытуцыі або таго, што ад іх засталося», – падкрэслівае еўрапейскае выданне.
Крывавы напад ісламістаў ХАМАС на Ізраіль выклікаў шок ва ўсім свеце. У многіх краінах прайшлі дэманстрацыі салідарнасці з ізраільцянамі. Ці можа стацца так, што Еўропа ў свой час скрозь пальцы глядзела на дзеянні і палітыку ХАМАС, недаацэньваючы небяспеку, якая выходзіла ад яго? Якую ролю адыгрывае тут антысемітызм? І як абараніць мірнае насельніцтва Газы? «У Турцыі амаль усе апазіцыйныя партыі і многія асацыяцыі заявілі аб сваёй «салідарнасці з народам Палестыны». Гэта – занадта спрошчаны падыход», – піша турэцкі партал T24.
«Для таго каб стаяць на баку палестынскага народа, неабходна даваць адпор як ХАМАС, так і рэлігійна-фашысцкай палітыцы ўрада Нетаньяху. Што за час свайго праўлення ў сектары Газа зрабіў ХАМАС для паляпшэння жыцця тамтэйшага насельніцтва? Усё, што ён рабіў, толькі пагаршала ўмовы жыцця людзей. Мяркуючы па ўсім, сродкі, якія выдзяляліся на дапамогу насельніцтву Газы, пайшлі на закуп узбраенняў. Вядома, мы на баку мірнага палестынскага насельніцтва, але ў той жа самы час мы і на баку мірных жыхароў Ізраіля», – адзначае турэцкае выданне.
Пасля атакі баевікоў радыкальнай ісламісцкай групоўкі ХАМАС на Ізраіль у Еўрасаюзе разгарэлася спрэчка пра прадастаўленне далейшай дапамогі палестынцам. Еўракамісар Олівер Вархелі заявіў было пра спыненне датацый, аднак затым узяў свае словы назад. Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль перасцярог ад наступстваў, якімі магло б абярнуцца поўнае спыненне выплат. Выдзяляемую дапамогу плануецца пераправерыць. Мадрыдская газета El Mundo патрабуе ад ЕЗ большай рашучасці.
«Еўропа зноў прадэманстравала тое, што ў яе няма адзінай пазіцыі – і што яна не ў стане рашуча рэагаваць на напад ХАМАС на Ізраіль. Хістанні і рознагалоссі з’яўляюцца сведчаннем імправізацыі і адсутнасці ўзгодненасці – сапраўды гэтак жа, як у свой час гэта мела месца па пытанні прадастаўлення Украіне танкаў Leopard – або ў выпадку адсутнасць каардынацыі на ранняй стадыі пандэміі. Калі Еўразвяз не мае намеру страціць свой аўтарытэт, то ён проста абавязаны гаварыць ва ўнісон. Адмова ад дапамогі палестынцам была б памылкай, бо ў такім выпадку мірнае насельніцтва сектара Газа аказалася б прыраўнаным да тэрарыстаў. Але яно само з’яўляецца ахвярай гэтых злачынцаў», – піша гішпанскае выданне.
Атрымаўшы перамогу на выбарах, былы прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо атрымаў мандат на фармаванне ўрада. І справа ў яго ўжо амаль „на мазі”: левая партыя Голас – сацыяльная дэмакратыя, узначаленая Петэрам Пелегрыні, таксама былым прэм’ер-міністрам, прыняла рашэнне аб’яднацца з Фіцо і адхіліла прапанову пра стварэнне кааліцыі з ліберальнай партыяй Прагрэсіўная Славакія, Хрысціянска і ліберальнай партыяй Свабода і салідарнасць. Славацкая газета Denník N піша пра тое, якім чынам з’яўленне такой кааліцыі паўплывае на знешнюю палітыку Славакіі.
«Петэр Пелегрыні падкрэслівае тое, што ён стане гарантам укаранення Славакіі ў Еўрапейскім Звязе і НАТА – і што ў выпадку зменаў ён пакіне кааліцыю з Фіцо і нацыяналістычнай Славацкай нацыянальнай партыяй. Гучыць нядрэнна. Але на практыцы ўсё будзе выглядаць зусім інакш: Фіцо і іншыя будуць казаць і вытвараць неймаверныя рэчы, а гэтакі пажарны ў асобе міністра замежных спраў рука аб руку з Пелегрыні стане разрульваць праблемы з саюзнікамі, якія ўзнікаюць на гэтым фоне. Тым самым мы станем хутчэй фармальнымі, чым сапраўднымі чальцамі ЕЗ і НАТА», – канстатуе славацкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя