Агляд прэсы: ніякіх жартаў, толькі бізнес



Цень Пуціна навісла над Беларуссю і Украінай. Пётр Парашэнка выказаўся аб мажлівай вайне паміж Расеяй і Украінай. Чэхія адмовілася ад расейскага ядзернага рэактара. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Пуцін сустрэнецца з Лукашэнкам у чацвер на фоне ўсё больш цесных ваенных і палітычных сувязяў паміж Масквой і былой савецкай дзяржавай-суседкай, – адзначае амерыканскае выданне The Daily Beast. – Пуцін даўно хацеў размясціць у Беларусі ракетную базу і хацеў бы далей інтэгравацца ў гэтую краіну, каб атрымаць былы савецкі порт Калінінград у сваю зону дасяжнасці. Таму Пуцін і дапамог Лукашэнку расправіцца з рухам пратэсту, які ўзнік супраць відавочна скрадзеных выбараў».

Выданне цытуе галоўную прамову Пуціна, які заявіў, што, хоць Захад нібыта падбухторвае паўстанне ў рэгіёне, але «ніхто не думае пра лёс Украіны і не думае пра наступствы для беларусаў». Пуцін літаральна папярэдзіў, што любое далейшае ўмяшанне ва Усходнюю Еўропу будзе «чырвонай рысай» для Расеі. «Арганізатары любых правакацый супраць Расеі будуць шкадаваць пра гэта так, як ніколі раней», – сказаў ён, паабяцаўшы асіметрычную вайну, бо ўжо вядома, што каля 100 000 вайскоўцаў, танкаў і знішчальнікаў чакаюць на мяжы з Украінай.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн патэлефанаваў Пуціну і прапанаваў правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні, на тэрыторыі трэцяй краіны. Падставай для гэтага кроку паслужыла канцэнтрацыя расейскіх войскаў на мяжы з Украінай, якая павялічваецца за апошнія тыдні. У адказ на гэта ЗША адправілі два баявых караблі ў Чорнае мора. Масква патлумачыла свае дзеянні запланаваным правядзеннем ваенных вучэнняў. Кіеў у сваю чаргу засцерагаецца ваеннага ўмяшання. Аглядальнікі разважаюць пра магчымыя сцэнарыі развіцця падзей.

Сваё меркаванне аб пачатку вайны выказаў і экс-прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў сваім артыкуле для ўкраінскай газеты NV.

«Пін-код да поспеху – барацьба з карупцыяй, уплывам алігархаў і ачышчэнне калідораў улады ад расейскіх агентаў. Мы павінны памятаць залатое правіла: Расея вырашыцца на наступальную ваенную аперацыю толькі тады, калі будзе адчуваць слабасць нашай дзяржавы, калі кошт агрэсіі будзе мінімальным. Да гэтага яна будзе засяроджвацца на гібрыдных метадах менавіта для паслаблення нашых дэмакратычных інстытутаў, грамадскага адзінства, карумпавання верхавіны. Адміністрацыя прэзідэнта мусіць адмовіцца ад пераследу апазіцыйных палітычных сіл, ганення актывістаў і валанцёраў, правакавання  пры дапамозе сумнеўных ініцыятыў расколу ў грамадстве», – цытуе Парашэнку ўкраінскае выданне.

«Пасля высылкі 18 расейскіх дыпламатаў Чэхія зрабіла яшчэ адзін крок у крызісе з Расеяй, – піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung. – Дзяржаўная карпарацыя «Расатам» была выключаная з тэндару на будаўніцтва новага ядзернага рэактара на АЭС «Дукаваны» пад Брно. Чэшская служба ўнутранай выведкі BIS  ужо шмат гадоў перасцерагае ад удзелу Расеі ў праекце, сцвярджаючы, што рызыка для бяспекі, пагроза залежнасці і палітычнага ўплыву занадта высокія».

Выданне падкрэслівае, што ўказаныя меры з’яўляюцца адказам Прагі на даклад спецслужбаў, апублікаваных чэшскім урадам у выходныя. Паводле дакладу, два расейскія агенты зладзілі выбухі на складзе боепрыпасаў ва Урбетыцэ напрыканцы 2014 года, у выніку якіх загінулі два чалавекі.

«Не толькі адносіны з Расеяй перажываюць зараз крызіс. Урад Чэхіі таксама яшчэ ніколі не быў настолькі слабым і нестабільным, як цяпер, і ён, падобна, не ў стане справіцца з крызісам такога маштабу ўжо толькі з пункту гледжання кадраў», – піша Süddeutsche Zeitung і нагадвае, што ў дадзены момант у Чэхіі няма нават міністра замежных спраў.

У справе аб забойстве Джорджа Флойда суд прысяжных Мінеапаліса прызнаў былога паліцэйскага Дэрэка Шоўэна вінаватым па ўсім пунктам абвінавачання. Абвінавачванне было патройным: забойства другой ступені, забойства трэцяй ступені і ненаўмыснае забойства другой ступені. Каментатары называюць прысуд гістарычным і звязваюць з ім шматабяцальны пачатак барацьбы з расісцкім гвалтам з боку паліцыі.

«Гэты працэс увойдзе ў гісторыю», – піша на сваіх старонках італьянская газета Corriere della Sera:

«Запісы відэакамер і шум у сацыяльных сетках ператварылі трагічную сцэну ва ўнікальны прэцэдэнт і спарадзілі сюррэалістычнае судовае разбіральніцтва, якое не мае сабе роўных па колькасці фотаздымкаў, зробленых з усіх ракурсаў і ў розны час, да і пасля арышту Джорджа Флойда, што дазволіла ўсім нам таксама стаць суддзямі. Кадры з афіцэрам паліцыі, які больш за дзевяць хвілін ціснуў каленам на шыю чалавека ў кайданках і які працягваў рабіць гэта ўжо пасля таго, як затрыманы страціў прытомнасць, у асяроддзі людзей, якія моляцца аб літасці, назаўсёды застануцца ў памяці і на сумленні Амерыкі», – падкрэслівае італьянскае выданне

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка