Агляд прэсы: новае жыццё
Беларускае падполле: крыніца напружання рэжыму. Межы «экспарту дэмакратыі» у Афганістан. Чым можа дапамагчы міжнародная супольнасць Гаіці? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«На вуліцах Беларусі цяпер ціха, праз год пасля таго, як Лукашэнка жорстка здушыў хвалю масавых пратэстаў; паўсюль рэкламныя шчыты і ландшафтны дызайн абвяшчаюць 2021 год «Годам нацыянальнага адзінства», – піша амерыканская газета The New York Times.
Выданне адзначае, што нягледзячы на публічныя сцвярджэнні адзінства і кампанію адвольных арыштаў і ўрадавага тэрору, тысячы актывістаў падпольна працуюць над распаўсюджваннем іншадумства і падрывам ураду.
«Нягледзячы на жорсткія і часта адвольныя рэпрэсіі, якія праводзяцца органамі бяспекі, тысячы людзей ананімна арганізуюцца ў гарадах і мястэчках па ўсёй краіне. Таемна актывісты апазіцыі старанна працуюць над тым, каб захаваць паўстанне, і яны цвёрда перакананыя, што гэта толькі пытанне часу, калі дыктатар сыйдзе», – запэўнівае амерыканская газета.
На фоне прыходу талібаў да ўлады ў Афганістане еўрапейская прэса ўсё часцей задаецца пытаннем пра тое, наколькі ў цэлым апраўданыя прысутнасць і актыўнасць Захаду ў ісламскіх краінах. Ці мае сэнс «экспарт дэмакратыі», ці ж гэта бескарысная місія? А можа гэта праява імперыялістычных замашак?
«У канчатковым выніку адпор талібам павінны даць самі жыхары Афганістану», – лічыць ірландская газета Irish Examiner.
«Усё больш і больш аглядальнікаў апісваюць жах патэнцыйных наступстваў праўлення талібаў і заклікаюць да той ці іншай формы «маніторынгу Захадам» ўнутраных афганскіх справаў. У святле гэтага можна толькі спадзявацца, што мы нарэшце прыслухаемся да таго, чаму вучыць нас гісторыя: праблемы Афганістану могуць быць вырашаныя толькі народам самога Афганістану. Застаецца спадзявацца, што, у інтарэсах нявінных, шлях гэты не апынецца залішне крывавым і балючым. Тым не менш, афганцам прыйдзецца яго прайсці ў адзіночку. Захад больш не можа ўмешвацца ў права афганскага народу на самавызначэнне», – падсумоўвае ірландскае выданне.
Пасля землятрусу Гаіці патрабуе міжнароднай дапамогі. Згодна з папярэднімі ацэнкамі Дзіцячага фонду ААН, для задавальнення самых неадкладных патрэбаў пацярпелых людзей спатрэбіцца не менш за 15 мільёнаў даляраў ЗША. Да многіх кропак краіны можна дабрацца толькі па паветры, дастаўка гуманітарнай дапамогі ажыццяўляецца вельмі павольна.
Шведская газета Upsala Nya Tidning заклікае аказаць Гаіці шырокамаштабную падтрымку, якая магла б пайсці на карысць усяму рэгіёну:
«Нямала сведчанняў кажа на карысць таго, што калі б у мэтах дапамогі Гаіці была затрачана толькі малая частка міжнародных намаганняў, разгорнутых ў Афганістане, то там можна было дамагчыся вельмі многага. Гаіці не з’яўляецца базай для тэрарыстаў і амаль не ўяўляе цікавасці з геапалітычнага пункту гледжання. Гэта проста вельмі бедная і карумпаваная краіна. Станоўчае развіццё тут здольна шырыцца падобна колам на вадзе».
З канца кастрычніка аўстрыйцы атрымаюць магчымасць набыць на падставе субсідыі дзяржавы гадавы праязны на прыгарадны грамадскі транспарт коштам каля 1000 еўра. Міністр навакольнага асяроддзя і прадстаўніца партыі Зялёных Леанора Гевэслер робіць стаўку на тое, што так званы «кліматычны білет» дапаможа перасадзіць грамадзян з аўтамабіляў на аўтобусы і цягнікі. Аднак пакуль што не ўсе федэральныя землі ўдзельнічаюць у новай праграме, сярод тых, што вагаюцца: Вена, Ніжняя Аўстрыя і Бургенланд.
На думку аўстрыйскай газеты Kurier, гэты план можа не спрацаваць, бо тут павінны дзейнічаць разам усе рэгіёны краіны, у тым ліку і гарадскія агламерацыі.
«Не толькі з пункту гледжання жыхароў Усходняй Аўстрыі, але і ўсіх грамадзян краіны вельмі засмучае, што Вена, Бургенланд і Ніжняя Аўстрыя пакуль не ўдзельнічаюць у гэтай ініцыятыве. У рэшце рэшт, мэта кліматычнага квітка – заахвоціць аўстрыйцаў перасесці з аўтамабіляў на грамадскі транспарт. І на тое ёсць важкая прычына: узровень выкідаў парніковых газаў, якія прыходзяцца на транспартныя сродкі, імкліва расце, але пры гэтым да 2030 году іх неабходна скараціць больш чым удвая. Менавіта такія мэты былі ўзгоднены ў Брусэлі, і пазней адобраны федэральным урадам. Калі ж у ініцыятыве не будуць удзельнічаць Вена і Ніжняя Аўстрыя, то гэтай мэты дасягнуць не ўдасца», – упэўнена аўстрыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка