Агляд прэсы: новая праўда



Беларусь крытыкуюць за закон, які прыраўнівае Халакост да злачынстваў нацыстаў супраць беларусаў. Украіна падказвае, як можна спыніць Пуціна. Што пацягне за сабой нізкая працэнтная стаўка ад ЕЦБ? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Ніжняя палата беларускага парламента прамежкава ўзгадніла праект закона «Аб генацыдзе беларускага народа». Законапраект замацоўвае, што нацысты і «нацыяналістычныя групоўкі» здзейснілі генацыд супраць беларускага народу падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе. Асуджаныя за гэта злачынства могуць атрымаць да пяці гадоў пазбаўлення волі. У выпадку паўторнага злачынства пагражае да 10 гадоў», – піша ізраільская газета Haaretz і папярэджвае, што новае заканадаўства сцірае розніцу паміж Халакостам і злачынствамі нацыстаў супраць беларусаў.

Прапанаваны закон вызначае беларускі народ як «савецкіх грамадзян, якія жылі на тэрыторыі БССР у перыяд Другой сусветнай вайны». Іншымі словамі, сотні тысяч яўрэяў у Беларусі, якія былі забітыя падчас Халакосту, вызначаюцца як «беларускі народ», які паводле гэтага закону стаў ахвярай генацыду. Законапраект быў прасунуты ў перыяд жорсткай напружанасці паміж рэжымам Лукашэнкі і Еўропай і ЗША з-за крызісу бежанцаў на мяжы з Польшчай і разглядаецца як спосаб для Беларусі пакінуць след ў барацьбе за гістарычную памяць, якая цяпер вядзецца паміж шэрагам краін Усходняй Еўропы, уключаючы Расею, Украіну і Польшчу», – піша ізраільскае выданне і прыраўнівае законапраект да доўгатэрміновай палітыкі адмаўлення Халакосту ў Беларусі. «На сёння, што тычыцца краіны, у Беларусі нічога не зроблена для ўшанавання памяці Халакосту».

У адказ на запыт газеты Haaretz амбасадар Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб’ёў даў абвяржэнне: «Я не разумею, што спрэчнага ў гэтым вызначэнні генацыду. Абвінаваціць Беларусь у сціранні памяці пра Халакост — гэта адно з самых беспадстаўных і абразлівых абвінавачванняў, якія можна вылучыць супраць нашай краіны. У Беларусі няма ніводнага чалавека, які б не ведаў пра трагедыю яўрэяў Еўропы і Беларусі».

***

Падчас свайго апошняга саміту сёлета кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕЗ выступілі з рашучымі заявамі ў дачыненні да Расеі. У выпадку ўварвання ва Украіну Масква сутыкнецца з «суворымі мерамі, якія будуць скаардынаваны з партнёрамі».

«Даць выразны адпор – гэта адзіна правільная рэакцыя», – піша ўкраінская газета «Українська правда».

«Наш агульны досвед паказвае, што Пуцін атакуе не тады, калі з’яўляецца «свежая ідэалагічная аснова» для ўварвання, а тады, калі яго ўдар з’яўляецца нечаканым, а мішэнь – слабая і безабаронная. Пасля Крэмль заўсёды знаходзіць для сваіх дзеянняў і палітычнае, і псеўдаправавое апраўданне. Можам выказаць здагадку, што калі б не інфармацыйны выбух у сусветных СМІ, калі б не прамое ўмяшанне прэзідэнта Байдэна і кансалідацыя пазіцыі ЗША і еўрапейцаў, то Пуцін мог бы скарыстацца зручным момантам і ажыццявіць маштабную правакацыю. Гэты прыклад даказвае, што агрэсіўныя намеры Пуціна трэба спыняць наўпрост на старце», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

***

У адрозненне ад Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША, ЕЦБ пакуль працягвае прытрымлівацца палітыкі нулявой працэнтнай стаўкі. Кіраўнічка ЕЦБ Крысцін Лагард заявіла, што, маўляў, высокая інфляцыя – з’ява часовая. Савет кіраўнікоў ЕЦБ абвясціў, што экстраная праграма скупкі аблігацый, уведзеная ў мэтах пераадолення наступстваў пандэміі, будзе згорнутая напрыканцы сакавіка.

«ЕЦБ нават не ведае канкрэтнай прычыны зацягнутай інфляцыі», – піша французская газета Les Echos.

«Некаторыя схільныя меркаваць, што ўся справа ў энергетыцы. Іншыя бачаць прычыну хутчэй у структурных фактарах: гэта сыход мільёнаў працоўных рук з рынку працы, глабальнае скарачэнне колькасці працуючага насельніцтва і пастаянны рост коштаў на энерганосьбіты ў сувязі з пераходам на больш экалагічную энергетыку. Пакуль у ЕЦБ не будзе больш інфармацыі, ён захоча пацягнуць час. Пакуль ён яшчэ можа працягваць сваю палітыку колькаснага змякчэння і гарантаваць, што дзяржавы з празмернай запазычанасцю застануцца плацежаздольнымі. Але ставіць устойлівасць дзяржаўных фінансаў вышэй за пакупніцкую здольнасці грамадзян – гэта вельмі рызыкоўна», – адзначае французскае выданне.

***

Вышэйшай Радай магістратуры Румыніі адхілены ад пасады суддзя Крысціян Данілец. Суд абгрунтаваў сваё рашэнне тым, што той запасціў на платформе TikTok відэа, якія наносяць шкоду аўтарытэту румынскай юстыцыі. Раней Данілец, які мае вялікую колькасць падпісчыкаў у сацсетках, на працягу многіх гадоў крытыкаваў судовую рэформу ў краіне, а таксама выкрываў карупцыю ў сістэме юстыцыі.

Румынская рэдакцыя Deutsche Welle нагадвае аб тым, што суддзя і раней падвяргаўся нападкам.

«Не абавязкова пагаджацца з меркаваннем, якое выказваў суддзя Крысціян Данілец. Можна прытрымлівацца і таго меркавання, што суддзям наогул не варта посціць у сацсетках палітычны ці спрэчны ў маральным стаўленні кантэнт. Як бы там ні было, тое, што цяпер робіцца ў яго адносінах у самым што ні ёсць мафіёзным духу, здалося б нам несправядлівым, ненармальным і жудасным. У 2021 годзе Данілец быў сябрам Рады суддзяў, а на яго сям’ю ўчыняліся нападкі па тэлебачанні, былі апублікаваны адрасы яго дачкі і маці. Пра яго дачку і бацькоў распаўсюджвалася загадзя ілжывая інфармацыя, а сам ён абвінавачваўся ў валоданні неіснуючай нерухомасцю і незлічонымі багаццямі, хоць насамрэч пражываў у маленькай кватэры. І зразумела: навошта нейкі суддзя кідае выклік клептакратыі?!», – гіранізуе румынскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.