Агляд прэсы: новая сіла
Ці пачуў Кітай Украіну? Выхад з крызісу Балгарыі. Гішпанія просіць ЕЗ аб дапамозе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Парламенцкая асамблея Рады Еўропы вітала ордар на арышт, выдадзены Міжнародным крымінальным судом у дачыненні да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, заклікаўшы краіны-ўдзельніцы Рымскага статуту выканаць яго, а таксама падкрэсліла неабходнасць прыцягнуць да адказнасці ўсіх іншых расейскіх вінаватых, а таксама самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку», – піша ўкраінскае выданне Ukrinform.
«Адпаведная рэзалюцыя «Дэпартацыі і гвалтоўнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей і іншых грамадзянскіх асоб у Расейскую Федэрацыю або на часова акупаваныя тэрыторыі Украіны: стварэнне умоваў для іх бяспечнага вяртання, спынення гэтых злачынстваў і пакарання вінаватых» была прынятая падчас дэбатаў на вясновай сесіі ПАСЕ. У сувязі з гэтым ПАСЕ заклікала краіны-ўдзельніцы Рымскага статута прыняць усе магчымыя меры для выканання сваіх абавязацельстваў па забеспячэнні выканання ордараў на арышт, ужо выдадзеных Міжнародным крымінальным судом, і падтрымліваць крымінальны пераслед і прыцягненне да адказнасці ўсіх астатніх адказных асобаў. Акрамя Лукашэнкі, названыя асобы, у дачыненні да якіх міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ўказалі прамую адказнасць, а гэта прэм’ер-міністр Расейскай Федэрацыі, міністры адукацыі і аховы здароўя, упаўнаважаны па правах чалавека і першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ і рэгіянальнага ўзроўню, губернатары Краснадарскага, Магаданскага, Камчацкага краёў, прэзідэнт Татарстана і кіраўнік Рэспублікі Адыгея», — дае пералік вінаватых украінскае выданне.
У сераду адбылася тэлефонная размова паміж прэзідэнтамі Украіны і Кітая. Гутарка Уладзіміра Зелянскага і Сі Цзіньпіна працягнулася каля гадзіны. Гэта быў іх першы прамы кантакт пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны. Пекін чарговы раз указаў на небяспеку ядзернай эскалацыі і аб’явіў пра тое, што мае намер накіраваць у Кіеў спецыяльнага прадстаўніка кітайскага ўрада па еўразійскіх справах. Еўрапейская прэса разважае аб выніках гутаркі. На думку нямецкай газеты Frankfurter Allgemeine Zeitung, з гэтай размовы можна зрабіць дзве высновы адносна Сі Цзіньпіна.
«Мяркуючы па ўсім, лідар КПК і КНР і сапраўды мае намер узяць на сябе больш актыўную ролю ў гэтым канфлікце. Магчыма, на гэта яго натхнілі нядаўнія поспехі на Блізкім Усходзе, дзе яму ўдалося пахіснуць статус ЗША як знешняй сілы, якая забяспечвае парадак. Акрамя таго, Сі зусім не жадае рабіць стаўку толькі на расейскага коніка. І ён можа сабе гэта дазволіць, паколькі Пуцін ад яго і так ужо залежыць», – падкрэслівае нямецкае выданне.
У Балгарыі намеціўся выхад з патавай сітуацыі, якая захоўвалася ў краіне на працягу ўжо некалькіх гадоў. Паміж пераможцамі нядаўніх выбараў, а менавіта правацэнтрысцкім альянсам ГЕРБ-СДС (Саюз дэмакратычных сіл), які ўзначальвае былы прэм’ер-міністр Бойка Барысаў, і празаходнім блокам ПП-ДБ (партыя Працягваем перамены і блок Дэмакратычная Балгарыя) пад кіраўніцтвам Кірылы Пяткова пачаліся перамовы пра стварэнне кааліцыі. Барысаў заявіў, што гатовы падтрымаць урад меншасці ў складзе калег-дэмакратаў. Балгарская прэса разыходзіцца ў сваіх меркаваннях пра тое, як тлумачыць збліжэнне, якое намецілася. «Бойка Барысаў, які неаднаразова займаў крэсла прэм’ер-міністра краіны, цяпер паўстае ў новым святле», – адзначае балгарскі партал fakti.bg.
«Цярплівы Бойка Барысаў! Вельмі незвычайная для яго роля. Напэўна, ён зразумеў, што ў чарговы раз устаць у руля краіны ў яго не атрымаецца. ГЕРБ – моцная партыя, але народ не аддаў ёй дастатковай колькасці галасоў, якая дазволіла б ёй сфармаваць большасць. ГЕРБ зараз мяняе свой імідж, паўстаючы ў вобразе партыі, якая эвалюцыянуе ў бок дыялогу, адкрытасці і нават праяўляе прыкметы раскаяння – гэта дэманструе, да прыкладу, яе адабрэнне судовай рэформы, ініцыятарам якой з’яўляецца Кірыл Пяткоў, патэнцыйны партнёр партыі ГЕРБ па кааліцыі», – піша балгарскае выданне.
У аўторак міністр сельскай гаспадаркі Гішпаніі Луіс Планас абвясціў аб зніжэнні падатковага цяжару для 828 000 фермераў краіны прыкладна на 1,8 млрд еўра. Такая мера заклікана змякчыць каласальныя страты ў галіне з-за вострага недахопу водных рэсурсаў: праблемы, якая закранула Гішпанію больш за ўсіх іншых краін ЕЗ. Урад таксама запытаў у Бруселя фінансавую падтрымку з антыкрызіснага рэзерву праграмы Агульнай аграрнай палітыкі. Аглядальнікі б’юць трывогу. Гішпанская газета La Vanguardia бачыць на гарызонце пагрозу харчовага крызісу.
«Доказам усёй сур’ёзнасці сітуацыі з’яўляецца рашэнне супольнасці па ірыгацыі глеб і эксплуатацыі каналаў у раёне Уржэль (правінцыя Лейда) перакрыць кран на пяць месяцаў раней звычайнага – з-за недахопу вады. 50 000 гектараў земляў, якія апрацоўваюцца, больш не будуць арашацца. У правінцыі Таледа на 300 000 гектарах страчана больш за 90 працэнтаў ураджаю збожжа. Такі недахоп харчавання сур’ёзна паўплывае на кошты. Ураду давядзецца прыняць новыя меры, каб дапамагчы ўразлівым групам насельніцтва. Мільённыя сумы, якія выдзяляюцца на дапамогу фермерам і жывёлаводам, не змогуць кампенсаваць ні недахоп вады, ні тыя цяжкія наступствы, да якіх яна прывядзе, вытворчасці прадуктаў харчавання і навакольнага асяроддзя ў цэлым. Час зразумець, што ў нашай краіны ўзнікла вялікая і сур’ёзная праблема», – падкрэслівае гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка