Агляд прэсы: Новы ўраджай
Беларуская апазыцыя памылкова заклікае да перамоваў з Лукашэнкам аб абмене палітвязняў? Што рабіць з украінскім збожжам? Нямеччына адключае апошнія АЭС. Джо Байдэн у Ірландыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«З часоў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе рэжым Лукашэнкі вёў жорсткае падаўленне беларускіх дэмакратычных сілаў. Зараз палітвязнямі лічацца 1486 беларусаў, хоць гэтая лічба можа даходзіць да 5000», – піша ўкраінская газета Kyiv Post.
«Праз два з паловай гады пасля пачатку масавых пратэстаў і спасылаючыся на неадэкватныя дзеянні саміх лідэраў беларускай апазіцыі, члены сем’яў вядомых палітвязняў склалі петыцыю да лідэраў заходніх краін, якая заклікае да стратэгіі па абмене палоннымі. Аднак прапанаванае рашэнне супярэчыць існуючай стратэгіі апазіцыйнага руху на чале са Святланай Ціханоўскай і патэнцыйна можа скампраметаваць абарону Украіны. Чытаючы паміж радкоў петыцыі, таксама становіцца цалкам зразумела, што прапанаваныя перамовы не выступаюць за вызваленне ўсіх зняволеных. У прыярытэце будуць ключавыя імёны, як мяркуецца, сваякі падпісантаў петыцыі. Такі падыход, які ацэньвае жыццё і свабоду на аснове суб’ектыўных уяўленняў, будзе асабліва шкодны для тых, хто знаходзіцца за кратамі ў Беларусі, бо яны становяцца сведкамі вызвалення сукамернікаў на падставе іх сувязяў і медыйнага профілю.
Таксама застаецца пытанне аб фарматах абмену. Безумоўна, беларускія палітвязні заслугоўваюць свабоды, але рабіць гэта на аснове абмену пакідае пытанне, на каго абмяняць», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
Экспарт збожжа з Украіны, які стаў магчымым дзякуючы спецыяльнаму пагадненню, выклікае незадаволенасць фермераў у шэрагу краін Усходняй Еўропы. Фермеры ў пацярпелых рэгіёнах заяўляюць пра тое, што ўкраінская пшаніца занадта танная, а значыць, яе трэба не імпартаваць, а перапраўляць транзітам далей, у іншыя краіны. Пакуль палітыкі разгойдваюцца, пачынаючы рэагаваць на падобныя скаргі, аглядальнікі абмяркоўваюць тое, якім чынам можна было б вырашыць праблему. Румынскі партал Hotnews патрабуе ў корані памяняць усю харчовую сістэму.
«Неабходныя дадатковыя намаганні для таго, каб пшаніца магла вывозіцца з Украіны, а затым транспартавацца далей – праз Румынію, Польшчу і Балгарыю – у тыя краіны, дзе яна найбольш патрэбна, у тыя рэгіёны, дзе харчовая бяспека не гарантаваная. Няправільна складзіраваць украінскую пшаніцу на мясцовых рынках або скормліваць свінням і буйной рагатай жывёле. Нарошчваць вытворчасць і эксплуатаваць прыродныя рэсурсы для атрымання больш высокіх ураджаяў у імя «харчовай бяспекі» – гэта дакладны шлях да працяглага хаосу. Неабходна спыніць гэтую гонку, і перастаць нацкоўваць фермераў адзін на аднаго», – прапануе румынскае выданне.
Пасля кароткага падаўжэння тэрміна службы на тры з паловай месяцы 15 красавіка ў 23.59 спыняць сваю працу апошнія нямецкія атамныя электрастанцыі. Такім чынам, паэтапная адмова Германіі ад атамнай энергетыкі, рашэнне аб якім было прынята ў 2011 годзе, будзе завершана. З-за кліматычнага і энергетычнага крызісу за апошнія месяцы ў атамнай энергетыкі з’явілася больш прыхільнікаў. Дыскусія працягваецца і на старонках еўрапейскай прэсы. Аўстрыйская газета Kurier не бачыць логікі ў тым, што ад атама Нямеччына адмаўляецца, а ад вугалю – не.
«У 2022 годзе траціна электраэнергіі, якая спажываецца ў Германіі, выпрацоўвалася вугальнымі электрастанцыямі , што на 8,4 працэнта больш, чым у папярэднім годзе. Не толькі абаронцы клімату задаюцца заканамерным пытаннем: што гэта? Еўропа знаходзіцца ў энергетычным крызісе , а адмова ад пуцінскага газу ў многіх краінах выклікае вялізныя эканамічныя праблемы. Паўсюдны кліматычны крызіс. І нягледзячы на гэта, апошняя вугальная электрастанцыя ў Нямеччыне будзе адключаная толькі ў 2038 году. Канец эры ядзернай энергетыкі з’яўляецца часткай ДНК партыі Зялёных, таму зразумела, чаму міністр эканомікі і праблем клімату Германіі і сустаршыня партыі Зялёных Роберт Хабек прытрымліваецца яе. Але ад такой 'перамогі’ краіна і клімат будуць пакутаваць яшчэ доўгі час», – папярэджвае аўстрыйскае выданне.
Пасля завяршэння візіту ў Белфаст з нагоды 25-й гадавіны падпісання Пагаднення, якое паклала канец дзесяцігоддзям канфлікту паміж юніяністамі і рэспубліканцамі, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн правёў тры дні ў Рэспубліцы Ірландыя. У сваёй прамове перад парламентам у Дубліне ён падкрэсліў гістарычныя сувязі паміж ЗША і Ірландыяй і згадаў пра сваіх ірландскіх продкаў. Аб тым, як звязаны паміж сабой гісторыя і выклікі новага часу, разважаюць аглядальнікі. «Трохдзённы візіт Байдэна пасылае адразу некалькі сігналаў», – аналізуе сітуацыю французскае выданне Le Monde.
«Адзін зварот да выбаршчыкаў ЗША, 30 мільёнаў з якіх нібыта маюць такія ж ірландскія карані – у гэтым ключы прэзідэнт з гонарам успамінае аб сваім сціплым паходжанні, кажучы аб тым, што «мужнасць» і «ўпэўненасць» – гэта рысы, якія аб’ядноўваюць ірландцаў і амерыканцаў. Іншы сігнал адрасаваны еўрапейцам, і ён падкрэслівае важнасць ЕЗ. Да таго, як брэкзіт паставіў пад пагрозу мірнае суіснаванне ў Ірландыі, яно было абаронена дзякуючы таму факту, што абедзве часткі вострава належалі еўрапейскай супольнасці. Еўрапейцы павінны працягваць рабіць усё магчымае дзеля таго, каб гэты мір захаваць», – заклікае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка