Агляд прэсы: Новыя арбіты



Беларусы не хочуць, каб іх краіну аддалі Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза. Еўракамісія рыхтуецца да прыняцця новых сяброў у ЕЗ. Саюз Пуціна і Кім. Асаблівасці славацкай палітыкі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

У сераду Еўрапарламент прыняў новую справаздачу аб адносінах ЕЗ з Беларуссю, падтрымаўшы дэмакратычныя палітычныя партыі краіны ў іх заявах аб еўрапейскіх памкненнях беларусаў.  «У гэтым дакладзе-рэзалюцыі дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць лукашэнкаўскі рэжым вызваліць усіх палітвязняў», – паведамляе еўрапейскае выданне euneighbourseast.eu.

 «Еўрадэпутаты таксама рашуча асуджаюць ролю менскага рэжыму як саўдзельніка ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны. Яны з вялікай заклапочанасцю адзначаюць нястрымнае палітычнае, эканамічнае, ваеннае і культурнае падпарадкаванне Беларусі Маскве, што робіць краіну дэ-факта дзяржавай-сатэлітам, якая размяшчае тактычную ядзерную зброю пад расейскім камандаваннем. У справаздачы дэпутаты Еўрапарламента таксама заклікаюць да ўзмацнення жорсткасці санкцый ЕЗ супраць Беларусі, улічваючы, што нядаўняе прыбыццё байцоў расейскіх наймітаў групы „Вагнера” стварае новыя патэнцыйныя рызыкі для бяспекі Украіны, а таксама для суседзяў Беларусі па ЕЗ і ЕЗ у цэлым. Адпаведна Лідар дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у пленарным пасяджэнні і прапанавала падпісаць мемарандум да выбараў у Еўрапарламент у 2024 годзе як аснову супрацоўніцтва паміж оЕўрапарламентам і дэмакратычнай Беларуссю. Яна таксама заявіла, што ў наступным годзе беларускія дэмакратычныя сілы павінны пачаць выдаваць уласныя пашпарты, якія будуць служыць праязным дакументам для беларусаў у выгнанні. Неўзабаве будзе падрыхтаваны зварот да ўрадаў ЕЗ з просьбай прызнаць гэты новы праязны дакумент», – піша еўрапейскае выданне.

Іншыя пытанні вырашаліся ў Еўракамісіі, дзе Старшыня – Уршуля фон дэр Ляен выступіла з прамовай аб становішчы спраў у Еўразвязе, апошняй перад выбарамі ў Еўрапарламент у 2024 годзе. Палітык казала пра Еўразвяз, які плячом да пляча выступае на баку Украіны, прыкладае ўсе намаганні для барацьбы з кліматычнай катастрофай і рухаецца да пашырэння ЕЗ без якіх-небудзь перабояў у функцыянаванні супольнасці. Магчымае вылучэнне сваёй кандыдатуры на другі тэрмін фон дэр Ляен не каментавала. «Найважнейшы сігнал быў пасланы Украіне,» – лічыць дублінская газета The Irish Times.

«Асноўнае пасланне выступу фон дэр Ляен тычылася маральнага імператыву палітычнай прыхільнасці наступнаму раунду пашырэння з выразным фокусам на прыняцце ў шэрагі супольнасці Украіны. Кандыдатамі на сяброўства таксама з’яўляюцца Сербія, Заходнія Балканы і Малдова. Усё гэта патрабуе глыбіннай перабудовы ўнутранага працэсу прыняцця рашэнняў і бюджэтаў і, пры неабходнасці, працэсу рэфармавання дамоваў ЕЗ, які ўсіх так палохае. І пакуль што зусім незразумела, ці змогуць асобныя дзяржавы-сябры з энтузіязмам паставіцца да гэтага амбіцыйнага праекту», – адзначае ірландскае выданне.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын пасля нядаўняй сустрэчы маюць намер паглыбляць узаемнае супрацоўніцтва. На коне для Расеі – пастаўкі паўночнакарэйскай зброі, неабходнай для вядзення вайны ва Украіне. «Як кажуць, два боты пара», – рэзюмуе балгарскі партал Сега.

«Гэтыя двое ўжо настолькі адзін на аднаго падобныя, што маглі б мець зносіны і без перакладчыка; з іх вуснаў льецца адно і тое ж: пагрозы Захаду, заявы аб вайсковым супрацоўніцтве, узаемная падтрымка сваіх дыктатарскіх рэжымаў. Расея і Паўночная Карэя зацікаўлены перш за ўсё ў абмене зброяй і ваеннай тэхнікай. У эканамічным стаўленні Кім прапануе экспартаваць паўночнакарэйцаў, з тым каб расейцы маглі іх эксплуатаваць, пераводзячы частку іх заробкаў на патрэбы высокага кіраўніцтва ў Пхеньяне», – канстатуе зараджэнне новага саюза балгарскае выданне.

У Славакіі напярэдадні парламенцкіх выбараў, прызначаных на 30 верасня, справа дайшла да рукапрыкладства: былы прэм’ер-міністр і лідар партыі «Звычайныя людзі» Ігар Матовіч і былы міністр унутраных спраў ад партыі «Курс – сацыяльная дэмакратыя» Роберт Каліняк зладзілі бойку падчас прэс-канферэнцыі. «Недазваляльна ўзнагароджваць падобныя інфантыльныя паводзіны, аддаючы за гэтых людзей свае галасы», – піша славацкая газета Pravda.

«Абсалютна ўсё роўна, хто з іх меў рацыю, а хто – не. Гэта пытанне для паліцыі ці судовых органаў. Але гэты выпадак дэманструе нам, што і партыю Матовіча «Звычайныя людзі», і партыю Фіцо і Каліняка «Курс – сацыяльная дэмакратыя» хіба што час адправіць на звалку гісторыі. Немалая частка нашага грамадства ахвотна ўзнімае іх на пастамент, ды яшчэ і збіраецца працягнуць іх у парламент! Хіба гэта добрая ідэя?», – задаецца пытаннем славацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка