Агляд прэсы: Новыя „браты”



Саміт ШАС: шэрагі мацнеюць? Саміт NATO ў Вільні: шанец для Украіны? Запарожская АЭС у цэнтры ўвагі. ЕЗ мае намер аслабіць правілы датычна ГМ-культур. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

На саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), які адбыўся ў аўторак і прайшоў у анлайн-рэжыме, у члены групы быў прыняты Іран. Ён стаў дзевятай дзяржавай, якая ўваходзіць у гэтую арганізацыю, тон у якой задаюць Кітай і Расея. Дэкларацыю аб намеры ўступіць у ШАС падпісала і Беларусь. «Не варта недаацэньваць ШАС», – піша міланская газета Corriere della Sera.

«У гэтай сустрэчы пад старшынствам прэм’ер-міністра Індыі Модзі прынялі ўдзел прэзідэнт Казахстана Такаеў, кіраўнік Кыргызстана Жапараў, кіраўнік Кітая Сі, кіраўнік Таджыкістана Рахмон, кіраўнік Узбекістана Мірзіёеў і прэм’ер-міністр Пакістана Шарыф. Сярод запрошаных назіральнікаў былі беларускі дыктатар Лукашэнка, прэзідэнт Ірана Раісі і прэзідэнт Манголіі Хурэлсух. Менавіта на гэтую амаль выключна азіяцкую частку свету Пуцін і робіць стаўку, імкнучыся разнесці ў пух і прах біпалярны парадак. А таксама падняць ШАС да ўзроўню патэнцыйнага ядра новага ваеннага саюза», – папярэджвае міланскае выданне.

Напярэдадні саміту NATO, які адбудзецца 11-12 ліпеня ў сталіцы Літвы Вільні, на першым месцы стаіць пытанне аб тым, якім чынам альянс можа ўзмацніць свае гарантыі па бяспецы Украіны, і ці павінен ён гэта рабіць. Украіна настойвае на тым, каб пасля заканчэння вайны ўступіць у рады альянсу, і ў гэтым яе падтрымлівае цэлы шэраг дзяржаў. Еўрапейская прэса таксама заклікае не марудзіць, аднак многія аглядальнікі мяркуюць, што так хутка справа наперад не прасунецца. Эстонская газета Eesti Päevaleht выказвае асцярожны аптымізм.

«Заяўка на ўступленне з боку Украіны – гэта, вядома, самае складанае. У наяўнасці – жаданне ўбачыць пытанне аб уступленні ў шэрагі альянсу на парадку дня. Што значыць – атрымаць адказ на пытанне аб тым, як і на якіх умовах Украіна можа стаць яго членам. Ясна, што Украіна не застанецца з пустымі рукамі. Члены альянсу сумесна робяць цэлы шэраг рэальных крокаў, каб дапамагчы Украіне і ўмацаваць яе бяспеку. Прадстаўнікі Эстоніі, якія будуць удзельнічаць у саміце, і ў першую чаргу прэм’ер-міністр Кая Калас, ужо на працягу многіх месяцаў паўтараюць: адзіная рэальная гарантыя бяспекі – гэта NATO», – адзначае эстонскае выданне.

Служба бяспекі Украіны ў чарговы раз папярэдзіла аб небяспецы таго, што Расея можа ўчыніць аварыю на Запарожскай АЭС – найбуйнейшай атамнай электрастанцыі Еўропы. Паводле дадзеных СБУ, расейцы замініравалі ахаладжальную сажалку. У аўторак прэзідэнт Зяленскі таксама заявіў, што расіяне размясцілі ўзрыўчатку і на даху энергаблокаў станцыі. Масква са свайго боку сцвярджае, што гэта Украіна плануе ўдар па ЗАЭС. «Тое, што трывога наконт сітуацыі з ЗАЭС падганяецца менавіта цяпер – напэўна не выпадковасць», – такое меркаванне выказвае французская газета La Croix.

„Нявызначанасць працягвае выклікаць неспакой у суседніх краінах, паколькі ў выпадку аварыі радыеактыўнае воблака накіруецца ў іх бок. Але некаторыя з гэтых дзяржаў – Польшча і краіны Балтыі – уваходзяць у лік найбольш рашучых саюзнікаў Кіева. Падчас саміту NATO яны будуць настойваць на тым, каб Паўночнаатлантычны альянс адчыніў свае дзверы для Украіны. Дарэчы, сама перспектыва гэтай важнай сустрэчы цалкам тлумачыць напал напружанасці вакол ЗАЭС. Кантэкст дае добрую глебу для маніпуляцый, бо вайна вядзецца і ў сферы дэзінфармацыі”, – папярэджвае французскае выданне.

Еўракамісія мае намер спрасціць правілы, якія рэгулююць выкарыстанне геннай інжынерыі ў сельскай гаспадарцы. У прыватнасці, гаворка ідзе аб раслінах, якія мадыфікуюцца шляхам рэдагавання геному так, што дасягнуты вынік быў бы магчымы і пры выкарыстанні традыцыйных метадаў селекцыі. Паводле задумы аўтараў ініцыятывы, на такія культуры не будуць распаўсюджвацца правілы, якія рэгулююць генную інжынерыю ў сельскай гаспадарцы і прымяняюцца да іншых ГМ-раслін. А значыць, мадыфікаваныя такім чынам расліны не будуць і асабліва маркіравацца. Берлінская газета taz рашуча адхіляе ініцыятыву.

„Такім чынам спажыўцы пазбаўляюцца свабоды выбару не спажываць у ежу прадукты, атрыманыя з дапамогай геннай інжынерыі. Не ўсе могуць ці жадаюць дазволіць сабе арганічныя прадукты, у стаўленні якіх захаваецца забарона на выкарыстанне генна-інжынерных маніпуляцый. І хоць малаверагодна, што генетычна мадыфікаваныя прадукты больш шкодныя для здароўя, многія людзі па-ранейшаму маюць намер іх пазбягаць, напрыклад таму, што ніколі нельга цалкам выключыць усе магчымыя рызыкі. Або таму, што новая генная інжынерыя таксама выкарыстоўваецца для прасоўвання экалагічна шкодных сельскагаспадарчых практык, да прыкладу, шляхам стварэння раслін, устойлівых да пестыцыдаў, а не да хвароб, як гэта так часта заяўляецца”, – піша нямецкая газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя