Агляд прэсы: новыя далягляды
Беларусь як ключавая падзея 2021 года. ЕЗ прэтэндуе на месца ў перамовах ЗША і Расеі пра бяспеку. У ФРГ не гатовы аднесці атамную энергію і газ у разрад «зялёных» тэхналогій. Штам «амікрон» абараняе ад «дэльты». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«У 2020 годзе Беларусь нарэшце дачакалася свайго грамадзянскага нацыянальна-палітычнага абуджэння, якое Лукашэнка, аднак, паспяхова здушыў да 2021 года. Нягледзячы на тое, што любое параўнанне паміж Беларуссю і Расеяй багата рызыкай, найбольш трапнае апісанне Расеі ў 2021 годзе сапраўды стала б «Годам адсутнасці», – піша міжнароднае выданне Riddle.
Паводле выдання, галоўнай характарыстыкай 2021 года з’яўляецца менавіта адсутнасць якіх-небудзь істотных калектыўных дзеянняў па прадухіленні або хаця б змякчэнні якіх-небудзь з гэтых падзей: сярод эліты, грамадзянскай супольнасці, рэгіёнаў, гарадоў, насельніцтва ў цэлым.
«Сітуацыя нагадвае тарфяны агонь: полымя ўвесь час мільгае пад тоўстымі пластамі торфу і глебы. Сітуацыя вакол Беларусі сталася самай нечаканай падзеяй года: ад пасадкі ў Менску самалёта Ryanair і наступных санкцый да зацвярджэння праграм супрацоўніцтва паміж Расеяй і Беларуссю ў рамках іх далейшай інтэграцыі. На гэтым фронце ў бліжэйшы час магчымыя сур’ёзныя і даволі непрадказальныя падзеі. Хаця расейскія аналітыкі да апошняга спадзяваліся, што аб’яднанне дзвюх краін знята Пуціным з парадку дня», – падкрэслівае міжнароднае выданне.
«Той, хто хоча весці перамовы аб будучай архітэктуры бяспекі ў Еўропе, павінен, натуральна, размаўляць і з еўрапейцамі. Еўрапейская бяспека – гэта наша бяспека. Таму нельга, каб перамовы вялі толькі дзве дзяржавы, гэта значыць Амерыка і Расея, ці НАТА і Расея, нават калі гэта адпавядае ўяўленням Масквы. У нас зараз не пасляваенны час. Не павінна быць Ялты-2. Ці гэта павінен быць Хельсінкі-2», – акрэсліў вектар еўрапейскай палітыкі кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазэп Барэль у размове з нямецкай газетай Die Welt.
Паводле выдання, менавіта Украіна стала тэстам для ЕЗ.
«Патрабаванні гарантый бяспекі і спыненне пашырэння ЕЗ і НАТА на Усход – гэта чыста расейскі парадак дня з абсалютна непрымальнымі ўмовамі, перш за ўсё, у тым, што тычыцца Украіны. Цалкам зразумела, што падчас гэтых перамоваў у студзені ЕЗ трэба будзе пагаварыць аб усіх парушэннях дамовы з моманту прыняцця Хельсінскага заключнага акта ў 1975 годзе. Еўропа не згодная з многімі працэсамі ў расейскай знешняй палітыцы, а таксама з многімі працэсамі, якія Масква лічыць сваёй унутранай справай», – падкрэслівае нямецкае выданне.
«Нямецкі міністр навакольнага асяроддзя Штэфі Лемке раскрытыкавала законапраект Еўракамісіі, паводле якога атамная энергія і прыродны газ будуць лічыцца „зялёнымі” крыніцамі энергіі», – піша нямецкая газета Frankfurter Allgemeine. Паводле слоў Лемкі, атамная энергія з’яўляецца небяспечнай, а таксама спрыяе стварэнню радыеактыўных адкідаў.
Паводле матэрыялу, напачатку 2022 года Еўракамісія прадставіла законапраект аб новых крытэрах устойлівасці крыніц энергіі. Згодна з законапраектам, атамная энергія будзе лічыцца «зялёнай», у выпадку, калі АЭС будуць адпавядаць найноўшым тэхнічным стандартам, а таксама пры наяўнасці канкрэтнага плану па запуску ўстаноўкі па перапрацоўцы радыеактыўных адкідаў да 2050 года.
«Акрамя таго, выкарыстанне ў якасці пераходнага элемента газавых электрастанцый будзе магчыма толькі пры выкананні строгіх экалагічных параметраў, У прыватнасці, для такіх электрастанцый усталююць ліміт па выкідах вуглякіслага газу. Сярод краін ЕЗ дагэтуль няма адзінства ў пытанні атамнай энергіі. Для Францыі АЭС з’яўляюцца ключавым элементам ухілення ад выкідаў вуглякіслага газу. Германія ж, наадварот, адмаўляецца ад АЭС» – піша нямецкая газета.
Гішпанская газета ABC.es паведамляе, што асобы, якія заразіліся штамам каронавіруса «амікрон», па ўсёй бачнасці, менш успрымальныя да штаму «дэльта».
Выданне прыводзіць вынікі даследавання, праведзенага паўднёваафрыканскімі навукоўцамі, якія паказваюць на тое, што на дадзеным этапе пандэміі «амікрон» менш патагенны, чым «дэльта», і гэта можа мець станоўчыя наступствы і знізіць цяжар захворвання covid-19.
«Да гэтага моманту варыянт «дэльта» быў самым устойлівым і па гэтай прычыне ён выцесніў зыходны варыянт, стаўшы самым распаўсюджаным з тых, якімі заражаюцца людзі ва ўсім свеце. Тым не менш заражэнне «амікранам» у некаторай ступені дае імунітэт супраць «дэльты», – паведамляе гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка