Агляд прэсы: новыя гарызонты



Улады Беларусі скіраваліся на незалежныя прафсаюзы, каб выкараніць іншадумства. СМІ сочаць, як Масква пераключылася на турэцка-ўкраінскае танго.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– «Улады Беларусі бязлітасна абмяжоўваюць незалежныя прафсаюзы і топчуць працоўныя правы ў рамках жорсткага разгону пратэснага руху», – піша міжнароднае выданне Amnesty International. Выданне падкрэслівае менавіта расправу з незалежнымі прафсаюзамі і іх сябрамі. Сюды ўваходзяць незаконныя звальненні, арышты і крымінальны пераслед праваабаронцаў. Такія дзеянні парушаюць дзяржаўныя міжнародныя дагаворныя абавязальніцтвы па павазе свабоды асацыяцый і правоў працоўных свабодна ствараць і ўступаць у прафсаюзы.

«З часоў распаду СССР Беларусь захавала выразныя савецкія рысы. Сюды ўваходзіць поўнае панаванне ў эканоміцы з боку дзяржавы, якая застаецца найбуйнейшым нацыянальным працадаўцам і імкнецца ажыццяўляць эфектыўны кантроль над усімі прафсаюзамі. Дзяржаўныя прафсаюзы, якім фактычна не хапае незалежнасці, дзейнічаюць хутчэй як галіна ўрада, чым як абаронца працоўных», – адназначна заяўляе Amnesty International.

У сераду Еўрапарламент канчаткова зацвердзіў постбрэкзітавае гандлёвае пагадненне з Вялікабрытаніяй у тым выглядзе, у якім яно было выпрацавана ў снежні 2020 году, незадоўга да заканчэння пераходнага перыяду самога брекзіту. Раней Еўрапарламент адкладваў галасаванне па ратыфікацыі пагаднення з прычыны спрэчкі з Лонданам з нагоды мытнага кантролю ў Паўночнай Ірландыі. Як адзначае прэса, радуе, што нягледзячы на ўсе астатнія рознагалоссі, гэта зацягнутая партыя нарэшце падышла да канца.

На думку нямецкай газеты Frankfurter Allgemeine Zeitung, дэбаты, якія прайшлі, наглядна ілюструюць, наколькі атручаныя адносіны паміж ЕЗ і Вялікабрытаніяй:

«Прэм’ер-міністра Джонсана лічаць здольным на ўсё, але толькі не на штосьці добрае. Яго гатоўнасць выконваць дагаворы падвяргаецца сумневу, і не без падстаў: Джонсан сам нямала зрабіў для таго, каб пасеяць гэтыя сумневы. Пагрозы Еўразвязу, што ў выпадку парушэння Лонданам умоў дамовы, з боку Бруселя неадкладна будуць уведзеныя санкцыі, вядома, не самы лепшы пачатак. Аднак, калі атрута пранікла у сістэму адносінаў, інакш ужо ніяк не атрымаецца», – падкрэслівае нямецкае выданне.

«Адначасова з вывадам войскаў, засяроджаных на мяжы з Украінай і ў Крыме, Расея ўзмацняе свой уплыў у Чорным моры, які яна падзяляе у тым ліку з Кіевам і Анкарой. Масква абвясціла аб намеры да кастрычніка 2021 года закрыць доступ да часткі акваторыі Чорнага мора ў напрамку Керчанскага праліву. Прычыны – быццам бы ваенныя вучэнні. Крэмль таксама на паўтара месяца прыпыніў палёты ў Турцыю, афіцыйна па санітарных меркаваннях», – піша французская газета Le Figaro.

Выданне падкрэслівае, што першая мера перш за ўсё насцярожвае Украіну, якая лічыць сваё права на перамяшчэнне абмежаваным і ў выніку занепакоеная праявай расейскага панавання ў Чорным моры. Другая мера ставіць у невыгоднае становішча Турцыю, чый даход збольшага залежыць ад расейскіх падарожнікаў, якія натоўпамі прыязджаюць туды вясной. Абедзве меры з’яўляюцца папярэджаннем украінскаму і турэцкаму бакам, нядаўняе збліжэнне якіх наўрад ці прыйшлася даспадобы Пуціну.

«Украіну турбуе рост абыякавасці міжнароднай супольнасці да анэксіі Крыма. Турэцкі бок пасля расейскай анэксіі зблізіўся з крымскімі татарамі, меншасцю турэцкага паходжання, рэпрэсаванай пры Сталіне, якія наладзілі натуральную сувязь паміж Украінай і Турцыяй. Падтрымліваючы Украіну, Эрдаган набывае дадатковыя рычагі ўздзеяння на Пуціна», – рэзюмуе Le Figaro.

«Рэсурс працы Міжнароднай касмічнай станцыі заканчваецца. Расея ўжо заявіла аб хуткім выхадзе з праекта і аб пачатку стварэння модуля новай арбітальнай станцыі. Актывізаваўся і Кітай – плануе завяршыць будаўніцтва Кітайскай касмічнай станцыі да канца года», – піша амерыканская газета Newsweek, распавядаючы пра планы Расеі, Кітая і ЗША, ды падкрэслівае, што ў космасе разгараецца сапраўдная халодная вайна.

Выданне канстатуе, што амерыканскае заканадаўства накладае сур’ёзныя абмежаванні на супрацоўніцтва з кітайскай касмічнай праграмай, і многія прадстаўнікі навуковай супольнасці абураныя гэтымі суровымі забаронамі, у тым ліку, НАСА. Кітай гранічна ясна кажа пра тое, што гатовы супрацоўнічаць з навукоўцамі ўсяго свету. У мінулым месяцы Кітай і Расея заключылі бестэрміновае пагадненне аб будаўніцтве адной ці больш месяцовых даследчых станцый на паверхні Месяца і ягонай арбіце.

Беларускае Радыё Рацыя