Агляд прэсы: новыя ўльтыматумы
Лёс Лукашэнкі цяпер залежыць ад Расеі. Ўцёкі з Кабулу: страх і адчай. Расея, Кітай, Турцыя: хто пераможа ў Афганістане? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Амерыканскае выданне Jamestown падводзіць вынікі году пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
«Характэрна, што Лукашэнка выступае супраць эканамічных санкцый Захаду і хваліцца, як абыдзе іх пры дапамозе Расеі, у тым ліку за кошт экспарту калію праз Мурманск замест Літоўскай Клайпеды. Блефаванне ці не, аднак відавочны той факт, што заходнія эканамічныя санкцыі крытычна ўзмацняюць залежнасць Беларусі ад Расеі. Як вынік, некаторыя аналітыкі спрабуюць запоўніць пустыя месцы, шукаючы нейкую схаваную хітрасць у мысленні знешнепалітычнай дзейнасці Захаду. Напрыклад, адстойваецца ідэя, што адміністрацыя Байдэна таемна дала згоду на тое, каб Расея старшынствавала ў Менску над зменай рэжыму. Гэтае меркаванне вяртае нас да мыслення пачатку 1990 -х гадоў, калі палітыкі прыйшлі да высновы, што перанос ядзернай зброі з Беларусі, Украіны і Казахстана ў Расею было б больш пераважным, бо мець справу з адным патэнцыйна таксічным суб’ектам больш бяспечна, чым з некалькімі. Аднак вялікае пытанне, ці сапраўды гэты спосаб мыслення-гэта значыць скарачэнне колькасці таксічных суб’ектаў з двух да аднаго-насамрэч з’яўляецца стратэгіяй адміністрацыі ЗША ў адносінах да Расеі і Беларусі», – задаецца пытаннем амерыканскае выданне.
У аэрапорце Кабулу тысячы людзей спрабуюць трапіць у самалёты, якія пакідаюць краіну. На відэакадрах бачныя людзі, якія бягуць за ўзлятаючымі самалётамі і нават спрабуюць ўчапіцца за шасі. Эвакуацыйныя палёты ВПС заходніх краін на нейкі час прыйшлося перапыніць, многія людзі загінулі. «Людзьмі рухае адчай», – сігналізуюць загалоўкі прэсы разам з папярэджваннем, што патокі бежанцаў з Афганістана неўзабаве дасягнуць і Еўропы.
Турэцкая газета Hürriyet звяртае ўвагу на тое, што ў аэрапорце Кабулу і сярод афганцаў, якія пакідаюць краіну, амаль няма жанчын.
«У цяперашніх умовах Афганістан – закрытае грамадства. Жанчыны імкнуцца лішні раз не выходзіць на вуліцу. Няма сацыяльнай атмасферы, якая дазволіла б жанчынам пакідаць краіну ў якасці бежанцаў альбо рызыкнуць акунуцца ў хаос, што пануе ў аэрапорце. У гэтым плане Афганістан не падобны на Сірыю. А таму становішча тутэйшых жанчын асабліва трагічна: яны заточаныя ў вязніцы, з якой не могуць нават паспрабаваць збегчы», – лічыць турэцкае выданне.
«Афганістан мае стратэгічна важнае значэнне ў барацьбе сусветных дзяржаў за панаванне ў еўраазіяцкім рэгіёне. На карту пастаўлена шмат чаго», – піша нямецкая газета Berliner Zeitung.
«Бясслаўнае завяршэнне слаўнай эпохі ўраду, які знаходзіўся на службе ў замежных донараў, – гэта новы пачатак для Афганістану», – адзначае нямецкае выданне. – «Краіна можа многае прапанаваць: свае інтарэсы тут маюць ЗША і Захад, Кітай, Расея і Турцыя. Пасля заканчэння заходняй акупацыі ўсе яны змагаюцца за добрыя адносіны, незалежна ад таго, ці адпавядае ісламісцкі «Талібан» патрэбнай ідэалагічнай арыентацыі ці не».
«Талібан» кантралюе вельмі прыбытковыя катрабандысцкія сеткі. Яны прыносяць велізарныя даходы, асабліва наркагандаль. І ўсё гэта ў руках тых, хто кіруе Афганістанам. А таму талібы упэўнена паводзяць сябе ў адносінах з буйнымі дзяржавамі. Іх нельга недаацэньваць і ў інтэлектуальным плане. У перамовах з дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампея талібы заўсёды выходзілі пераможцамі», – падкрэслівае Berliner Zeitung і папярэджвае, што пасля сыходу заходніх дзяржаў Афганістан ператвараецца ў шарыяцкую дзяржаву, у якой, па меншай меры, ясна, хто будзе галоўным у будучыні.
«Праз 30 гадоў пасля амаль негвалтоўнага распаду Савецкага Саюзу патэнцыял мірных рэвалюцый у значнай часткі свету, падобна, вычарпаны», – адзначае нямецкае выданне Frankfurter Allgemeine Zeitung. «У гэтым годзе спачатку ў М’янме, а пасля ў Тунісе далікатным дэмакратыям быў пакладзены канец у выніку пераваротаў з боку арміі ці прэзыдэнта; у Ганконгу актывісты руху за незалежнасць і апазіцыйныя журналісты атрымліваюць драконаўскія турэмныя тэрміны. Рэвалюцыі зверху ў Беларусі і Расеі, дзе прэзідэнты кампенсуюць страту папулярнасці рэпрэсіямі і сыстэматычным знішчэннем грамадзянскай супольнасці, з’яўляюцца часткай гэтай тэндэнцыі. І Лукашэнка, якога ненавідзяць многія беларусы, і Пуцін, якога падтрымлівае большасць насельніцтва, у значнай ступені зрабілі сябе незалежнымі ад электарату».
Выданне канстатуе, што Пуцін паварочвае руль у бок Усходу. Краіна атрымлівае свае тэхнічныя інавацыі ў асноўным з Кітаю, чыя эфектыўна аўтарытарная форма праўлення яму імпануе.
«Што ў Беларусі, што ў Расеі па-еўрапейску наладжанае грамадзянская супольнасць адчувае сябе ў рэжыме акупацыі. Праваахоўнікі забаўляюцца, выстаўляючы правасуддзе на пасмешышча» – гаворыцца ў артыкуле FAZ.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка