Агляд прэсы: Няма чаго прапанаваць



Найміты Вагнера прывезлі ў Беларусь фірменную бронетэхніку Чэкан. Эканамічны форум Расея – Афрыка. Як быць з правымі папулістамі ў Еўропе? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Раней «рэінкарнацыю» БТР-152 – Чэканы – бачылі ў  маршы ПВК «Вагнер» на Маскву падчас узброенага паўстання месяц таму. 25 ліпеня ў Беларусь прыбыла 11-я калона ПВК «Вагнер». «Гэтым разам расейскія найміты таксама прывезлі сваю бронетэхніку – упершыню з тых часоў, як іх войскі апынуліся на кепскім баку расейскага ўраду і былі дэ-факта высланыя ў Беларусь», – піша ўкраінскае выданне Defense Express.

«Выведка выявіла ў гэтай калоне не менш за 29 колавых бронеаўтамабіляў, у тым ліку шэсць бронетранспарцёраў «Шчупак», таксама вядомых пад прозвішчам «Чэкан». БТР «Чекан» на базе шасі «Урал» 432007-0111-31 з’яўляецца тыповай і характэрнай машынай для ПВК «Вагнер». Першыя машыны гэтага тыпу найміты ўжылі больш за год таму, у пачатку чэрвеня 2022 года. Гэты БТР мае супрацьасколкавую і супрацькулявую абарону, а ў якасці баявога модуля зверху можа ўсталёўвацца вежа ад БТР-70. Машыны «Чэкан» таксама выкарыстоўваліся войскамі Вагнера падчас іх аперацый у Афрыцы. Агулам, у Беларусь прыбылі больш за 3,5 тысячы наймітаў «Групы Вагнера», што складае больш за 30% уласнага беларускага войска. І з Беларусі вагнэраўцы неабавязкова адны паедуць у Афрыку. Заходні сусед Расеі можа стаць месцам для рэгулярных набегаў на Украіну, або нават на Польшчу, або краіны Балтыі, тут нават не трэба шукаць апраўданняў і падставаў – тыповыя сцэнары Расея ўжо адпрацавала», – канстатуе ўкраінскае выданне.

У Санкт-Пецярбурзе распачаў работу двухдзённы саміт Расія-Афрыка. У ім прымаюць удзел дэлегацыі з 49 краін, у тым ліку каля 20 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, што значна менш, чым пяць гадоў таму на першым саміце такога кшталту, які праходзіў у Сочы. У цэнтры ўвагі на гэты раз хутчэй за ўсё будзе збожжавая дамова з Украінай, удзел у якой Масква падаўжаць адмовілася. Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung задаецца пытаннем пра тое, што, уласна, Расея збіраецца прапанаваць афрыканцам.

«Пуцін заўсёды прапануе дэструктыўную дапамогу, такую як «экспарт» наймітаў ПВК Вагнер, разам з шырокімі пастаўкамі зброі, напрыклад, у Малі. У параўнанні з Захадам, і тым больш, з Кітаем, тое, што Расея абяцае афрыканцам, бачыцца даволі бедным. Так што мерапрыемства ў Санкт-Пецярбурзе, безумоўна, будзе мець прапагандысцкі поспех унутры Расеі, паколькі прэзідэнт зможа як бы «выступіць на міжнароднай арэне». Але ў сутнасці нават самая выдатная пастаноўка на фоне пышнасці палацаў царскага часу не ў стане схаваць таго, што бок, які запрашае гасцей, уяўляе сабой краіну, якая знаходзіцца ў заняпадзе», – канстатуе нямецкае выданне.

Паводле апытанняў, у шэрагу краін-сябраў ЕЗ растуць рэйтынгі правапапулісцкіх плыняў. Некаторыя з іх выступаюць за выхад сваіх краін з Еўразвязу. У Польшчы, напрыклад, на восеньскіх парламенцкіх выбарах партыя Канфедэрацыя можа ператварыцца з самай малаколькаснай у трэцюю па велічыні партыю краіны. Еўрапейская прэса працягвае абмяркоўваць тое, як трэба было б рэагаваць на гэтую тэндэнцыю. Жэнеўская газета  Le Temps сур’ёзна мяркуе, што адказнасць ляжыць на цэнтрыстах.

«Небяспека заключаецца ў баналізацыі ўльтраправых! Умераныя партыі нясуць адказнасць за тое, каб адкрыта закранаць тыя тэмы, якія турбуюць выбаршчыкаў, калі яны маюць намер прадухіліць гістарычны прарыў ультраправых сіл. Калі ж улічыць тое, што ўльтраправыя ўжо зараз квітнеюць пры спрыяльнай эканамічнай сітуацыі, то можна сабе ўявіць, як складана будзе прадухіліць іх уздым ва ўмовах цяжкага эканамічнага крызісу», – папярэджвае швейцарскае выданне.

Еўрапейская прэса выказвае заклапочанасць сітуацыяй, якая склалася ў Ізраілі. У панядзелак дэпутаты Кнэсета ад кіруючай большасці адобрылі асноўны пункт спрэчнай судовай рэформы. Апазіцыя байкатавала галасаванне. На суботу прызначаная масавая дэманстрацыя. «Паводзіны ізраільскага ўрада нагадваюць некаторыя неліберальныя дэмакратыі», – піша мадрыдская газета  El País.

«Біньямін Нетаньяху хацеў не толькі вярнуць сабе ўладу, але і, перш за ўсё, абараніць сябе ад пагрозы суда па трох справах аб абвінавачанні ў карупцыі. Без якіх-небудзь згрызот сумлення Нетаньяху прыпыніў канстытуцыйны кантроль да такой ступені, што адзіная ліберальная дэмакратыя на Блізкім Усходзе аказалася цяпер зусім безабароннай. Без канстытуцыйнага кантролю ніхто і нішто не зможа прадухіліць яшчэ больш сур’ёзныя парушэнні правоў палестынцаў, чым тыя, што маюць месца прама цяпер. Тое, што адбываецца, усё больш пачынае нагадваць паўднёваафрыканскую мадэль апартэіду. А на гэтым тыдні Ізраіль адкрыта пайшоў на збліжэнне з лагерам антыліберальных дэмакратый у Турцыі і Венгрыі», – наракае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка