Агляд прэсы: Няпростая дылема



Амаль 4 тысячы ўкраінскіх дзяцей незаконна вывезены з акупаванага Крыму ў Расею і Беларусь. Вайна на Блізкім Усходзе: чаму Ізраіль адкладае наступ. Швецыя: ці хутка ў НАТА? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Першым месцам, адкуль расейскія агрэсары пачалі выкрадаць украінскіх дзяцей, стаў часова акупаваны Крым. Затым гэтую злачынную практыку расейцы працягнулі на іншых акупаваных тэрыторыях Украіны. Зараз у Міжнароднай крымскай платформы шмат мэтаў, але адна з самых галоўных — змагацца за тое, каб людзі не забываліся пра Крым. Яна нагадала, што хутка споўніцца 10 гадоў з моманту незаконнага ўварвання Расеі ў Крым з мэтай анексіі тэрыторыі іншай дзяржавы. Не абыйшлося тут і без Беларусі», – піша ўкраінскае выданне Uatv.

«Людзі схільныя забываць, што свет недастаткова актыўна адрэагаваў і не даў адэкватнага адказу на такія паводзіны, а Крэмль успрыняў гэта як праяву слабасці, таму што дыктатары заўсёды так робяць. Мы схільныя забываць, што Крым стаў першым месцам, адкуль расейскія агрэсары пачалі выкрадаць украінскіх дзяцей. Ужо пацверджана, што каля 4 тысяч украінскіх дзяцей былі незаконна вывезены з Крыма ў Расею або Беларусь. Мы не ведаем, дзе яны цяпер. Пасля гэтага гэты працэс працягваўся, і дзяцей забіралі наўпрост з сем’яў, і ў гэтым злачынстве Уладзіміра Пуціна абвінаваціў Міжнародны крымінальны суд. Гэта відавочны сігнал таго, што міжнародная супольнасць можа адыграць актыўную ролю ў пераадоленні агрэсіі. У XXI стагоддзі ў свеце не павінна быць месца ўзброенай агрэсіі і парушэнняў прынцыпаў міжнароднага права. Жорсткі напад на Ізраіль, нестабільнасць на Тайвані і на Каўказе – сумныя прыклады таго, над чым павінна працаваць міжнародная супольнасць. Напрыклад, у чэшскім парламенце было створана парламенцкая група падтрымкі Міжнароднай крымскай платформы, якая будзе займацца не толькі пытаннем дэакупацыі, але таксама зоймецца пытаннямі рэінтэграцыі і аднаўлення Крымскай паўвыспы пасля яе вызвалення Украінай», – адзначае ўкраінскае выданне.

Шырокая наземная аперацыя ізраільскіх ваенных у сектары Газа, планы аб пачатку якой былі агучаны каля двух тыдняў таму, да гэтага часу не пачата. Еўрапейская прэса піша пра тое, наколькі складзены гэты крок для Ізраіля, у тым ліку з-за ўзятых хамасаўцамі закладнікаў. «Настроі сярод насельніцтва могуць яшчэ больш затармазіць Нетаньяху», – піша лонданскі штотыднёвік The Economist.

«Ціск з боку сваякоў выкрадзеных ужо прымусіў урад змяніць свае планы. Надзея на тое, што атрымаецца дамовіцца з ХАМАС, з тым каб тыя адпусцілі хаця б частку закладнікаў – гэта адна з прычын таго, чаму наземная аперацыя ў Газе была адкладзеная. Боль і пакуты сваякоў закладнікаў падсілкоўвае агульную лютасьць шматлікіх ізраільцян з нагоды занадта павольных і неадэкватных, па іх меркаванні, мер урада па аказанні падтрымкі абшчынам, якія пацярпелі ад уварвання ХАМАС, а таксама тысячам людзей, змушаным пакінуць свае хаты. Пасля нападу ХАМАС апазіцыйны рух, які выступае супраць урада Нетаньяху, прыняў рашэнне не праводзіць дэманстрацый. Аднак гэтая перадышка можа апынуцца нядоўгай», – прагназуе брытанскае выданне.

На працягу некалькіх месяцаў прэзідэнт Турцыі Эрдаган блакіраваў уступленне Швецыі ў НАТА. Аднак на днях ён прадставіў на ратыфікацыю ў парламент падпісаны ім пратакол аб уступленні краіны ў НАТА. Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг мае намер афіцыйна аб’явіць Швецыю новым членам абароннага альянсу ўжо напрыканцы лістапада – на сустрэчы міністраў замежных спраў. У венгерскім парламенце большасць, якую ўзначальвае партыя Фідзес, у мінулы аўторак адхіліла ініцыятыву апазіцыі аб уключэнні ў парадак дня пытання аб уступленні Швецыі ў НАТА. «Вугоршчына рызыкуе застацца ў каляіне», – асцерагаецца будапешцкі штотыднёвік hvg.

«Пасля таго як прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган нечакана ініцыяваў галасаванне ў парламенце ў мінулы панядзелак, нельга выключаць таго, што Венгрыя стане апошняй краінай НАТА, якая дасць шведам зялёнае святло на ўступленне. Для Венгрыі такая сітуацыя будзе вельмі няёмкай. Раней блізкія да ўрада крыніцы паведамлялі нашаму выданню аб тым, што Орбан не спяшаецца з прыняццем рашэння, паколькі яно, маўляў, не палепшыць ні палажэнні краіны ў НАТА, ні яе адносін са Злучанымі Штатамі», – піша венгерскае выданне.

Ужо некалькі месяцаў хадзілі чуткі, а на гэтым тыдні стала зразумела: палітык Сара Вагенкнехт вырашыла пакінуць шэрагі партыі Левыя і заснаваць сваю ўласную партыю. Некаторыя дэпутаты рушылі агалагічна, а гэта можа азначаць тое, што Левыя страцяць статут парламенцкай фракцыі. Аднак, як адзначаюць аглядальнікі, нагода апасацца з’явілася і ў палітычных сіл на супрацьлеглым полюсе партыйнага спектра. «Ва ўльтраправых з’яўляецца канкурэнт», – адзначае міланская газета Corriere della Sera.

«Адзіная сапраўдная зорка нямецкіх Левых абірае сольны варыянт, пакідае Левых і засноўвае ўласную партыю, названую ў лепшых традыцыях такога кшталту партый яе ўласным імем. Новае аб’яднанне будзе называцца ССВ – Саюз Сары Вагенкнехт, і яно стане на левым флангу палітычнага спектру тым, чым АдГ з’яўляецца на правым: вялікай папулісцкай і нацыяналістычнай партыяй. Вагенкнехт мае намер вывесці Нямеччыну з ЕЗ, зачыніць межы для мігрантаў, яна – за Пуціна, за захаванне вугальнай энергетыкі, ёй усё роўна на змену клімату, і яна патрабуе большага размеркавання прыбыткаў. Сама сябе яна называе кансерватарам, і лёгка ўбачыць, што яе праграма люстрана супрацьлеглая праграме АдГ», – наракае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя