Агляд прэсы: Няпростыя часы
Навошта Пуцін і Лукашэнка пагражаюць Польшчы «вагнераўцамі»? Ізраільскі Кнэсет ухваліў судовую рэформу. Урокі выбараў у Гішпаніі. Кліматычныя выклікі свету. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным заявіў, што ПВК «Вагнер» «просіцца на Захад». «Што гэта значыць, ці варта ўспрымаць ягоныя словы сур’ёзна, і чаму Польшча стала новым ворагам для РФ і Беларусі?», – задаецца пытаннем нямецкае выданне DW.
«Польскую тэму» Уладзімір Пуцін закрануў яшчэ ў пятніцу, 21-га ліпеня. Выступаючы на пасяджэнні Савета бяспекі РФ, ён выклаў сваё бачанне гісторыі Польшчы і пачаў расказваць, што сёння польскія лідары «пад натаўскім парасонам» хочуць наўпрост умяшацца ў канфлікт ва Украіне і забраць сабе заходнія вобласці суседняй краіны і Беларусі ў сукупнасці. На сустрэчы 23-га ліпеня Пуцін і Лукашэнка развілі гэтую тэму. Польшча стала новай асобай «калектыўнага ворага Расеі» з-за яе падтрымкі Украіны: праз Польшчу ідуць пастаўкі ваеннай тэхнікі, менавіта Польшча настойвае на новых санкцыях у дачыненні да Расеі, а таксама з’яўляецца актыўнай прыхільніцай інтэграцыі Украіны ў ЕЗ і НАТА. Акрамя таго, такім чынам Пуцін спрабуе прадэманстраваць расейскай аўдыторыі, як спрытна ён зноў усіх перайграў. Увосень у Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. І Пуцін, і Лукашэнка імкнуцца паўплываць на гэтыя выбары, няхай нават праз пагрозы, каб выбаршчык мог хіснуцца ў «правільны» бок, да тых сілаў, якія падчас выбарчай кампаніі кажуць, што роля Польшчы ў вайне няправільная, што трэба ад гэтага адыходзіць», – адзначае нямецкае выданне.
У панядзелак дэпутаты Кнэсета ад кіруючай большасці адобрылі асноўны пункт спрэчнай судовай рэформы. Апазіцыя байкатавала галасаванне. Былы прэм’ер-міністр краіны Яір Лапід заявіў, што падасць пазоў у Вярхоўны суд, які стаў асноўнай мішэнню будучай рэформы. На суботу плануецца масавая дэманстрацыя. «Рэформа юстыцыі апускае краіну ў хаос», – наракае лонданскі штотыднёвік The Economist.
«Усяго за некалькі дзён Ізраіль рызыкуе апынуцца ў бездані канстытуцыйнага крызісу. Тыя пратэстоўцы, хто лічыць, што іх краіна рухаецца да дыктатуры, так проста не здадуцца. Паралізаванымі могуць аказацца цэлыя рэзервовыя часткі. Эканамічныя гіганты ўжо закрылі свае фабрыкі ў знак пратэсту, а прафсаюзы разглядаюць магчымасць правядзення ўсеагульнай забастоўкі. Пасля галасавання ўспыхнулі гнеўныя пратэсты, якія пагрузілі цэнтр Іерусаліма, Тэль-Авіў і іншыя часткі краіны ў хаос. Ізраіль чакае спякотнае лета – ва ўсіх сэнсах», – адзначае брытанскае выданне.
Пасля выбараў, якія толькі што прайшлі ў Гішпаніі, вымалёўваецца патавая сітуацыя. Кансерватыўная Народная партыя як найболей магутная палітычная сіла на дадзены момант павінна знайсці адразу некалькі партнёраў для фармавання ўрада: сапраўды гэтак жа, як і сацыялісты на чале з прэм’ер-міністрам Санчэсам. Верагоднасць фармавання вялікай кааліцыі практычна зводзіцца да нулю. Аднак лідар Народнай партыі Фейхоа заявіў аб сваёй гатоўнасці да дыялогу. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, што вынікі гэтых выбараў азначаюць для Еўропы. «Памяркоўныя сілы ў Еўропе павінны сяму-таму навучыцца на прыкладзе выбараў у Гішпаніі», – з такой парадай выступае бельгійская газета La Libre Belgique.
«Адзін з урокаў, які можна атрымаць з усяго гэтага, заключаецца ў тым, што традыцыйныя правыя, няхай гэта будзе ліберальнага або кансерватыўнага кшталту, не зацікаўлены ў збліжэнні з ультраправымі. Традыцыйныя правыя павінны быць у стане адстойваць свае сацыяльна-эканамічныя прыярытэты, не губляючы асобы за кошт падлашчвання да экстрэмісцкага і папулісцкага руху. Гэты ўрок дастасуем і да супрацьлеглага лагера! Калі левая ці левацэнтрысцкая партыя мае намер выжыць, яна ні ў якім разе не павінна заходзіць на тэрыторыю, занятую ўльтралевымі ці левымі радыкаламі. Доказам таму служыць той факт, што французская сацыялістычная партыя амаль знікла з палітычнага ландшафту», – піша бельгійскае выданне.
Спякота, якая перавышае 45 градусаў па Цэльсіі і магутныя вятры выклікалі ў Грэцыі моцныя лясныя пажары, кантраляваць якія няма ніякай магчымасці. Асабліва пацярпеў папулярны курортны востраў Родас, з якога цяпер у масавым парадку эвакуююць турыстаў. Прэса задаецца наступным пытаннем: што яшчэ трэба зрабіць чалавецтву для таго, каб прадухіляць прыродныя катастрофы, выкліканыя зменамі клімату. Грэчаскі партал IN.gr лічыць, што нават калі яшчэ лепш рыхтавацца да падобных надзвычайных сітуацый, то гэта не зможа вырашыць праблему.
«Усё паказвае на тое, што нам і надалей наканавана перажываць такія катастрофы. Вядома, мы можам і надалей бясконца абмяркоўваць, як нам дзейнічаць у такіх новых абставінах: набываць больш абсталявання для барацьбы з пажарамі; наймаць больш пажарнікаў; удасканаліць планы эвакуацыі, і яшчэ лепш навучаць персанал. Але калі мы абмяжуемся толькі гэтымі мерамі, то гэта будзе выглядаць так, быццам мы сцвярджаем, што катастрофы і надзвычайныя сітуацыі – гэта «новая нармальнасць». І мы будзем зыходзіць з таго, што ўсё будзе толькі горш – і нам трэба лепей да гэтага рыхтавацца. Але гэта азначае, што праз некалькі дзесяцігоддзяў большая частка планеты стане зонай стыхійных бедстваў, непрыдатнай для жыцця», – з горыччу адзначае грэчаскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка