Агляд прэсы: няспраўджаныя надзеі



Чаму засцярогі зліцця Расеі і Беларусі ніколі не спраўджваюцца. СМІ разважаюць, як Расея імкнецца «фактычна інтэграваць» Усходнюю Украіну. «Мангал смерці»: у Чарнобылі зафіксаваны ядзерныя рэакцыі.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

-«На дадзены момант Крэмль больш зацікаўлены ў тым, каб у Беларусі ўсё было стабільна і прадказальна», – піша расейская газета The Moscow Times.

Выданне адзначае, што адносіны Беларусі і Расеі працягваюць бянтэжыць назіральнікаў сваёй непрадказальнасцю. Ужо шмат гадоў кожны раз, калі Лукашэнка едзе ў Расею, думаюць, што ён рыхтуецца адмовіцца ад беларускага суверэнітэту. Аднак парадаксальна, што для Пуціна лепш, каб Беларусь заставалася суверэннай дзяржавай.

«Зразумела, расейскі бок гатовы пайсці на жорсткі ціск на Менск, але недаацэньваць беларускіх перагаворшчыкаў – асабліва самога Лукашэнку – нельга. Безумоўна, бясспрэчна, што пэўная дэстабілізацыя беларускага рэжыму і наступная ізаляцыя ад Захаду аб’ектыўна адпавядалі інтарэсам Крамля. Гэта рэзка скараціла прастору Лукашэнкі для манеўравання і сур’ёзна пашкодзіла яго пазіцыю на перамовах аб інтэграцыі з Расеяй. Але малаверагодна, што ў план Масквы ўваходзіў поўны крах беларускай энергасістэмы і рызыка грамадзянскай вайны. Такі паварот падзей прымусіў бы Маскву ўмяшацца і ўкласці велізарныя рэсурсы для нармалізацыі сітуацыі», – адзначае The Moscow Times.

«Улады Еўразвяза лічаць, што Расея спрабуе паглынуць ўсходнюю частку Украіны, а дакладней «дапамагчы» насельніцтву, якое жыве там, выдаючы яму пашпарты РФ і падтрымліваючы эканамічна», – піша амерыканскае выданне Bloomberg са спасылкай на дакумент, які кіраўніцтва ЕЗ разаслала дзяржавам-сябрам на гэтым тыдні.

«ЕЗ прапануе змагацца з гэтым і прынамсі прапануе: дапамогу ў вакцынацыі насельніцтва Украіны ад каронавірусу, падвышэнне энергетычнай бяспекі для змяншэння залежнасці ад Расеі, актывізацыю работы па адмове ў прызнанні расейскіх пашпартоў, выдадзеных жыхарам Крыма і асобных раёнаў Данбаса. Акрамя гэтага разглядаецца пытанне аб прадастаўленні Украіне магчымасці ўдзельнічаць у некаторых праектах ЕЗ у галіне бяспекі», – паведамляе амерыканскае выданне.

«26 красавіка 1986 года расплавілася частка актыўнай зоны чацвёртага энергаблока і разам з пяском, скінутым туды ў спробе патушыць пажар, ператварылася ў лаву. Яна расцяклася па падвальным памяшканні і зацвярдзела. У гэтым сплаве налічваецца 170 тон радыеактыўнага ўрану, гэта значыць 95% ад агульнага аб’ёму паліва. З нядаўняга часу ў гэтай масе зафіксаваны пачатак рэакцыі дзялення: пачалі з’яўляцца нейтроны і назапашвацца», – піша амерыканскі часопіс Science.

Паводле выдання, украінскія навукоўцы ў тэрміновым парадку спрабуюць вызначыць, ці загаснуць гэтыя рэакцыі самі па сабе ці спатрэбяцца меры надзвычайнага ўмяшання для прадухілення новай аварыі.

«Вырашэнне сучаснай праблемы радыяцыйнага выпраменьвання на Чарнобыльскай АЭС павінны зацікавіць Японію, якая сама вымушаная ліквідаваць наступствы ядзернай катастрофы, якая здарылася 10 гадоў таму ў Фукусіме», – піша Science. – «Цікава, што прычынай усяго стала выпарэнне вады. Калі раней сплаў лавы ў памяшканні рэактара называлі за цвёрдасць «слановай нагой» і навукоўцам нават прыйшлося страляць з аўтамата Калашнікава, каб адшчапіць кавалак ад лавы для аналізу, то цяпер лава па сваёй кансістэнцыі больш нагадвае пясок».

З надыходам больш цёплага надвор’я расце колькасць бежанцаў, якія спрабуюць праз Міжземнае мора дабрацца да берагоў Паўднёвай Еўропы. Людзі бягуць ад палітычнай нестабільнасці ў Афрыцы. Так, у мінулы аўторак больш за дзве тысячы мігрантаў прыбылі ў порт італьянскага вострава Лампедуза. Пры гэтым куды большая колькасць бежанцаў гіне, спрабуючы перасекчы Міжземнае мора. Хоць падобная сітуацыя паўтараецца з году ў год, ЕЗ да гэтага часу не здолеў знайсці вырашэння праблем. Такую пазіцыю выказваюць еўрапейскія СМІ.

«У тым, што тычыцца пытанняў міграцыі, тон у Еўропе ўжо занадта доўгі час задаюць правыя», – крытыкуе сітуацыю нямецкая газета Neue Zürcher Zeitung.

«Паказное патрабаванне ўвесці марскую блакаду ў дачыненні да Афрыкі, накіраваную супраць гандляроў людзьмі, ратавальнікаў і саміх мігрантаў, выдатна ўпісваецца ў іх нацыяналістычную парадыгму. Але на самой справе гэта патрабаванне мае на ўвазе толькі тое, што і так ужо даўно практыкуецца ў якасці афіцыйнай палітыкі як Італіяй, так і Еўрапейскім Звязам у цэлым. ЕЗ павінен прымусіць афрыканскія дзяржавы прымаць назад уласных грамадзян, калі тыя высылаюцца з еўрапейскіх краін. Сёння гэтага, як правіла, не адбываецца. Мяркуючы па ўсім, перадумовай павінна стаць комплексная міграцыйная палітыка, якая зрабіла б магчымай спарадкаваную іміграцыю ў Еўропу з Афрыкі,і паставіла б заслон на шляху некантралюемай міграцыі», – адзначае нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя